БТ вачыма беларуса

 

Пасіненьне экрану

Першае, што кінулася ў вочы на “абноўленым“ БТ, — пасіненьне. Калі раней базавая міжпраграмная карцінка была зялёна-белая з чырвоным, дык цяпер блакітна-белая з чырвоным.

 

Расчараваў “Вечаровы экспрэс“. Праграма паводле задумы мусіла распавядаць пра шоў-бізнэс ды навіны папулярнай музыкі, але выйшла не прывязаная ні да часу, ні да прасторы. І ўсё — сьвядома не па-беларуску. Нават цаной маразму — пад кліпамі пішуць “Ricki Martin. Living la vida loca”, але “Крыви. За туманом”. Вось дзякуй! А то б мы не зразумелі...

“Будні” зьмянілі аднаго ды-джэя на другога, а ўсё засталося па-ранейшаму. Нацягнуты “падзел стаўленьняў” да праблемы, якога часам і не заўважыш, тупыя дыскусіі на тупыя тэмы. Адзіная перадача магла б стаць па-сапраўднаму вострай — пад 7 лістапада пра дзяржаўныя сьвяты — і тая... Пэнсіянэр-вэтэран прамовіў, што сьвяты мусяць аб’ядноўваць народ, а 7 лістапада якраз разьядноўвае, ды так яго словы й павісьлі ў пустэчы агульнага “хай сабе будуць любыя”. А ўсё ад несвабоды мысьленьня.

Ня ўразілі ані “Сустрэчы ў Траецкім”, ані “25 кадар”. “Плянэта Арт” “уразіла” сваім прафанным узроўнем. “Вось Вы толькі што адыгралі ў цудоўным спэктаклі, а зараз ужо сядзіце тут з намі размаўляеце — і як гэта Вам удаецца?” Куды да гэтага стандартным “творчым плянам на будучыню”! І нават гэтая праграма вядзецца па-расейску. Здавалася б, пра культуру, для культурных людзей...

Але ёсьць на БТ і “чырвона-зялёныя” праграмы. Менавіта ў гэтыя колеры перарабілі “Добрай раніцы, Беларусь!” І важную рубрыку ўвялі — зьяўляецца адна зь вядучых былой ДРБ ды распавядае, што можна сёньня прачытаць у “Советской Белоруссии” — прычым вось гэта па-беларуску. Балюча глядзець на раней папулярную вядучую — у ролі палітдыктара ёй відавочна кепска, уціснула галаву ў плечы й не варушыцца. А астатняя праграма стала больш дынамічнай — але стала “Добрым утром”.

У траўні, як казаў Ягор Хрусталёў у інтэрвію “Звяздзе”, стаяла задача “абнавіць вяшчаньне, але разам з тым не мяняць нічога радыкальна”. У лістападзе кіраўніцтва патрабавала ўжо “больш радыкальных зьменаў”, але хіба што разбурылі структуры: скарацілі колькасьць праграмаў ды адправілі 2/3 бэтэшнікаў у малааплочваны адпачынак. А ўся сэнсавая радыкальнасьць зьвялася да амаль поўнае ліквідацыі беларускамоўнага этэру. Яшчэ трошкі — і адзінымі беларускамоўнымі праграмамі на БТ будуць францускія ад CFI. Расея пераймае праграмы на Захадзе ды перайначвае іх пад сябе, а Беларусь павінна толькі блякла капіяваць расейскае TV. Рабіць копію копіі. Ад нашых вядучых патрабуюць (выраз “Совбелии”) “дынамікі, жывасьці, яскравасьці — ну, карацей, каб былі трохі падобныя да расейскіх тэлезорак”. Вядома ж — пуп зямлі ў Расеі.

Са словаў яшчэ аднаго з новых кіраўнікоў БТ, Ягора Рыбакова, бяда БТ у тым, што кожны рэдактар меў уласную праграму, і ў этэр выходзіла зашмат перадачаў, пра многія зь якіх гледачы й ня ведалі. Таму цяпер і скарачаюць этэр радыкальна. А “настольная кніга кіраўніцтва сёньня — рэйтынг тэлепраграмаў”. І тут нас чакае яшчэ адзін анэкдот. Чытаю на інтэрнэт-старонцы БТ вынікі апытаньня пра папулярнасьць тэлеканалу, якое праводзіла “Советская Белоруссия”. Вынікі красамоўныя, прычым зьвярніце ўвагу — адказвалі ня толькі тыя, хто глядзіць БТ, але й хто чытае “СБ”. Тым ня менш, “СБ” надрукавала, а БТ не пасаромелася перапісаць наступнае: сярод 10 найменш папулярных перадачаў на канец кастрычніка — “Макаёнка, 9” (праграма БТ пра сябе) ды ідэалягічная тройка “Палітычныя дыялёгі”, “З пэўных крыніц” і “Тайныя спружыны палітыкі”. І што, вы думаеце, робіць кіраўніцтва БТ, якое “ўва ўсім кіруецца рэйтынгам”? Азаронкаўскія “спружыны” сталі рыпець на экране двойчы на тыдзень.

А што ж вы хацелі? “Ня трэба забывацца, што БТ — не камэрцыйны, а дзяржаўны канал... У Беларускага тэлебачаньня галоўная задача — абслугоўваць дзяржаўныя інтарэсы, ажыцьцяўляць пэўнае інфармацыйнае ўзьдзеяньне на насельніцтва”, — шчыра распавядае “Звяздзе” Хрусталёў. Вось і ідуць бясконцыя “дэмакраты ў законе” ды “спружыны палітыкі”. Вось і знакамітая Ніна Чайка на радыё хрысьціць мікрафоны перад этэрам. Чайка, дарэчы, галоўны рэдактар літаратурна-драматычнай рэдакцыі радыё, як і Азаронак на тэлебачаньні... І чуем-бачым замест сучасных ТВ ды радыё адно расейска-савецкую мову дзяржавы.

І як яны яшчэ фільмы нармальныя паказваюць?..

Арцём Лук’яновіч

 

Перадзел уласнасьці

21 сьнежня 8-му тэлеканалу паведамілі, што з 29 сьнежня яго выключаюць. А з 1 студзеня на ягоным месцы будзе выходзіць… СТВ, тое самае “Сталічнае тэлебачаньне”, якое да гэтага сваёй праграмай навінаў “24 гадзіны” было часткай этэру “8-кі”.

Нешта падобнае ўжо было, калі зачынялі “Радыё 101,2”. Справа ня ў нейкіх там перадатчыках, за якія нібыта «8 канал» не плаціў, а ў куды вышэйшых інтарэсах, якія ў халуйскім лісьце “8 каналу” да А.Лукашэнкі сьціпла названыя “прыватнымі інтарэсамі асобных людзей, якія не супадаюць з інтарэсамі дзяржавы, Менску і тэлегледачоў”. Новы ўласьнік усяго каналу, ЗАТ “СТВ” яшчэ зусім нядаўна было дзяржпрадпрыемствам “Менск-навіны”.

Адносіны між СТВ і “8 каналам” былі далёка не сяброўскімі, хаця й не выходзілі за межы дробнай грызьні. СТВ патрабавала здымаць лягатып-восемку ў часе свайго этэру, “8 канал” ставіў паўторы СТВ позна ўначы.

“8 канал” зачыняюць рознымі спосабамі ўжо 4-ты ці 5-ты раз за 6 гадоў. Перадзел уласнасьці вядзецца рукамі дзяржавы.

Дзяніс Носаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0