Алесь Чобат

Асаблівасьці нацыянальнага алькагалізму

 

З пункту гледжаньня мэдыцыны алькагалізм падобны да хранічнага атручваньня са сталым назапашваньнем атруты ў крыві, а праз кроў — практычна ва ўсім чалавечым целе ад мозга да касьцей і скуры. Таму ня “чысты” алькагалізм — сапраўдны паказьнік алькагалізму. Незваротнае назапашваньне прадуктаў узаемадзеньня алькаголю з крывёй і жывымі тканкамі (алькалёіды мэталяў etc.) можа выклікаць любую хваробу, нават той самы рак, які сьпісваюць выключна на Чарнобыль. Алькалёіды аслабляюць абарончыя здольнасьці чалавечага арганізму. Адрозьненьне толькі ў тым, што мужчыны часьцей гінуць ад банальнай язвы, а жанчыны ад 40-га году жыцьця западаюць у маразм і з тым маразмам атрымліваюць казённую пэнсію да 80-ці (на казённую ж службу, ды яшчэ начальніцкую, цягаюцца да 75-ці). Нацыя хворая на алькагалізм уся пагалоўна.

Сам жа па сабе алькагалізм падзяляецца на тры стадыі. На першай, самай лёгкай, тэарэтычна ўсё яшчэ можна выправіць (толькі не ў круцялёў зь іхнымі таблеткамі ды “кадзіраваньнем”!): кроў суткі-другія пераганяецца праз ачышчальную калёнку (найлепш цэалітавую), брыдота выводзіцца з арганізму на 99%, а потым лепш ня піць зусім. Бо раз на два-тры гады “пачысьціцца” няма як — кроў нават на цэалітах зьмяняе мікраструктуру, таму працэс ачысткі няможна паўтараць бясконца.

Другая ступень нашмат цяжэйшая — хвароба ўжо невылечная. Патрэбны дагляд, дыета, спакой, лекі і лекары. Гэта ўжо жыцьцё калекі (хоць можна і працаваць, і выглядаць нармалёва).

Трэцяя стадыя — “жывы труп”. Тут у мэдыкаў выбар невялікі — або змагацца да апошняга, або даць “сьвенты спокуй” пацыенту і сабе, каб не пакутаваў чалавек лішнія месяц-другі і жонку заплаканую ня мучыў...

Чамусьці ўсе ўпэўненыя, што на любой стадыі алькагалізм можна вылечыць: “кінуў піць” — значыць, здаровы. А хвароба цячэ сабе далей, праядае ўсё ад касьцей да мозгу і невядома, дзе і ў якой форме выявіцца. Ад алькагалізму вылечыць немагчыма — як ад раку.

Горш за ўсё тое, што нават людзі, якія не даехалі да трэцяй стадыі, усё адно хворыя. У іх напалову адключаны мозг: працуе толькі на засваеньне інфармацыі, але не на яе прадукаваньне. Чаму, думаеце, беларусы гэткія “працавітыя”, але кроку ня могуць ступіць без начальніцкай каманды? Чаму нават у “нармалёвых” сем’ях, дзе муж не “закладае”, усё адно жанчына кіруе, прынцыповыя рашэньні прымае і грошы лічыць?! Бо “мужык” больш прапіты — і яго мозг ужо нічога не прадукуе самастойна. Зайдзіце на любы кірмаш: жанчына за прылаўкам гандлюе і касу трымае, а ейны муж — грузчык, мясьнік і кіроўца BMW. Трагедыя беларусаў, аднак, у тым, што дома, па ўдалым гандлі, сапраўная беларуская жанчына — астатні шанец гэтага Краю — налівае сыну чарку ліманаду. І кола круціцца далей.

Асаблівасьць беларускага алькагалізму ў тым, што ён калектыўны. Такіх хваробаў мноства (клан, “нівэляваньне”, астракізм “не такіх, як усе”, etc.), але менавіта алькагалізм — як сродак “натуральнага адбору” — адбівае найбольш яскрава нашыя нацыянальныя рысы.

Апошнія сто пяцьдзясят гадоў фармаваньне нашай “нацыянальнай сьвядомасьці” адбываецца пад знакам суцэльнай папіюхі. Першыя бровары зьявіліся ў “польскіх маёнтках” пасьля бяздарна прайгранага “лістападаўскага паўстаньня” 1830 г. У паноў пачалі адбіраць зямлю, ціснуць рэвізіямі. Трэ было шукаць нейкія дадатковыя крыніцы фінансаваньня. Сапраўдны ж бум бровары перажылі пасьля рэформы 1861 г. — зьявіўся мясцовы рынак збыту, учорашні Яська-халоп! Бо раней спойваць “свайго” раба было невыгодна, іншая справа — свабодны чалавек... Але тады гарэлка нагадвала цяперашняе “чарніла” — градусаў 20—25. Становішча зьмянілася пасьля таго, як прафэсар Дз.Мендзялееў вырашыў задачу, пастаўленую прамыславікамі Сьмірновым і Шуставым: які мае быць адсотак сьпірту ў гарэлцы, каб чалавек за адзін год ператвараўся ў алькаголіка і сталага кліента Сьмірнова і Шустава? Аўтар пэрыядычнай табліцы элемэнтаў высьветліў гэты адсотак. Сорак градусаў. З той пары так і не высыхаем... Дарэчы, беларусы спраўна спрычыніліся да паўстаньня “саракаградуснай”: кансультаваў Дз.Мендзялеева ягоны прыяцель, інжынэр Леанард Іваноўскі, які працаваў на Енісеі ў героя паўстаньня 1863 г. Козеля-Паклеўскага. Апошні на кітайскай мяжы наладзіў прамысловы гідроліз сьпірту з драўніны, што валяецца ў тайзе пад нагамі. Сьпірт ішоў у Кітай, зыскі дасягалі тысячы адсоткаў...

З 80-х ХІХ ст. гарэлка ў Менску і Горадні была самай таннай ва ўсёй Расейскай імпэрыі — папулярны “мерзавчик” (250 г) каштаваў... пятнаццаць капеек пры заробку менскага пралетарыяту ад шасьцідзесяці капеек за дзень на будоўлі да рубля дваццаці капеек за дзень у сьлясарцы ці на чыгунцы. Пераважная большасьць гарэлкі з радзівілаўскіх і вайніловічаўскіх бровараў рэалізоўвалася на месцы, праз славутыя жыдоўскія карчмы і шынкі. Гналі з бульбы, а не з бурака ці збожжа — як на Волзе ці ва Ўкраіне, і праз горшую якасьць не маглі канкураваць у сталіцах.

Калі за адно дзейснае пакаленьне лічыць дваццаць гадоў, дык беларуская нацыя ў хранічным запоі пакаленьняў шэсьць-сем. А алькагалізм — хвароба спадчынная.

Яе праявы ў беларускім нацыянальным характары відавочныя. Чаму гэта беларус — гасьцінны, памяркоўны, спакойны — раптам выбухае порахам, як толькі яму што ня так? Пры гэтым “памяркоўныя” мы перад начальствам, а равем і крычым на “сваіх”, у сябе дома? Бо “саракаградусная” вядзе чалавека па сынусоідзе: па дзьвюх чарках вясёлы, па чатырох — шалёны, сьледам кароткі сон, потым па дзьвюх чарках шалёны, а па чатырох — ізноў вясёлы... Вось і ўся “беларуская шчырасьць”, “беларуская няўрымсьлівасьць”, ці як там яшчэ нашае непастаянства называецца.

За апошнія дзесяць год канчаткова склаўся чарговы “адраджэнcкі” міт: гарэлку да нас прынесьлі саветы з Усходу. Каб зьнішчыць наш самы лепшы ў сьвеце народ дзеля інтарэсаў “імпэрскай Расеі”. Расейскі алькагалізм — расейскае гора. Мы гаворым пра алькагалізм беларускі. Паглядзіце яшчэ раз клясыкаў: Багушэвіч, Колас — да чаго іх пэрсанажы падобныя да цяперашніх “алькашоў”! У мэмуарах Максіма Танка прыгадваецца, як летам 1939 г. у ягоную Пількаўшчыну прыехала ўся паліцыя зь Мядзелу — на чале з капітанам, на дванаццаці фурманках і з кулямётчыкамі — ганяць самагоншчыкаў... А мая маці апавядае, што “раней зусім не пілі”, бо “за польскім часам” вясковыя гаспадары, намерзшыся дзень на кірмашы ў Скідалі, бралі на шэсьць санак... “чакушку” (250 г), каб пагрэцца. “Чакушку!” — трэсла пальцам маці. “А цяпер што?!” Цяпер тое самае і тады тое самае — толькі што польскія ўлады за самагонку давалі штраф... у дзьве добрыя каровы. Таму і скідаліся вясковыя жабракі ў Скідалі на “чакушку” манаполькі, а вось дабраўшыся пад ноч да вёскі, “грэліся” як сьлед. Карані ўсіх легендаў і мітаў банальна простыя, але такія “матэрыяльныя”, што нашая народалюбная інтэлігенцыя ўспрымае іх як... абразу нацыі.

Алькагалізм быў малазаўважны за царска-панска-савецкім часам, але ў ХХІ ст. ён выпірае з Эўропы так, што не заўважыць яго немагчыма. На Захадзе пануе пераважна культура віна, а бліжэй да нас, у Чэхіі і Нямеччыне, культура піва. У нас пераважае “культура гарэлкі”. Першыя дзьве — гэта культуры размовы, талеранцыі і... абыякавасьці да суседа. Сказаў чалавек нешта — ягоная справа, а змаўчаў — ізноў яго справа. А нашая “культура гарэлкі” — адвечнае спаборніцтва: крык, тлум і гвалт. Мы ўжо нават цьвярозыя ня можам спакойна выслухаць адзін аднаго. Нам абавязкова трэба кожнага пераканаць, перавыхаваць, перавярнуць на свой капыл. Не ўтрымаюся ад паўтору майго ўлюбёнага сьв.Лукі: “І прыйшло ім да галавы: хто зь іх быў лепшы?” Культура віна ёсьць культурай самадастатковасьці. Культура гарэлкі — культура... крыўды і непаўнавартасьці, культура вайны ўсіх з усімі, “каб усе былі, як усе”.

Толькі што “пераход на віно”, паводле вэрсіі “адраджэнцаў”, альбо на піва, паводле вэрсіі “новага пакаленьня”, прынцыпова нічога не вырашае. Гэта прыблізна тое самае, што цягаць “мэрсэдэсам” бульбу з гуркамі... Наш алькагалізм даўно ўжо анэксаваў нават абстынэнтаў. Алькагалізм па-беларуску — гэта спосаб жыць у фантастычных апавяданьнях, як шляхіціц Завальня. Гэта вечна-спрадвечны беларускі сон. На халеру тая фактура з аналізам?! “Мне сьняцца сны аб Беларусі...” Так і жывем...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0