Адзінокі птах

У Філярмоніі пад эгідай тэатру “Зьніч” адбылася прэм’ера манаопэры Алега Залётнева “Адзінокі птах”. Пастаноўку ажыцьцявіла Галіна Дзягілева, яна ж была аўтаркай лібрэта.

 

У спэктаклі ўдзельнічаў Дзяржаўны акадэмічны сымфанічны аркестар Беларусі пад кіраўніцтвам Пётры Вандзілоўскага і хор музычнай капэлі “Санорус”. Упершыню опэра мусіла быць выкананая 19 студзеня, у гонар 20-годзьдзя тэатру “Зьніч”, але прэм’ерны паказ быў скасаваны літаральна ў дзень спэктаклю і перанесены на лета. Загадкава зьмяніўся й галоўны выканаўца: замест Віктара Скарабагатава, з разьлікам на якога пісаўся “Адзінокі птах”, у ролі паэта апынуўся Міхаіл Жылюк — саліст Беларускай Опэры, заслужаны артыст Беларусі. Спэктаклю гэта не зашкодзіла: выразны і мужны, дасканала апрацаваны голас сьпевака выратаваў зусім ня опэрную музыку А.Залётнева, якому значна лепей удаліся харавыя фрагмэнты. Наагул, атрымалася ня опэра, а кантата ці нават вакальны цыкль з хорам. Падмацоўвае гэтае ўражаньне й лібрэта зь вершаў Міцкевіча. Нанізаныя на адну нітку, яны разам не ствараюць ніякай тэатральнай дзеі, ніякага руху, ніякай драматургіі. Вершы, дарэчы, гучаць у перакладах Рыгора Барадуліна, пра што ў праграмцы ня згадваецца.

Затое там пазначана, што “у аснову сюжэту пакладзены вобраз, які навявае апошні дзень жыцьця паэта ў Стамбуле 26 лістапада 1855 г.” Паэт сядзіць пад праваслаўным абразом ды згадвае вершы, напісаныя 20 ці нават 30 год таму. Наракае на адзіноту, ад якой пакутаваў у юнацтве ў Коўне і ў першы эмігранцкі год у Парыжы, сумуе па радзіме, бацьках, каханай дзяўчыне. А потым раптоўна хапаецца за сэрца і маляўніча валіцца на падлогу. Нібыта аўтарка пастаноўкі ня ведае, што Міцкевіч быў каталіком і памёр ад халеры і што ў апошні дзень жыцьця ён курчыўся ад болю ў ложку.

Дый сэнтымэнтальнай тузе па радзіме не было месца ў паэтавым сэрцы. Міцкевіч любіў Літву палка і фанатычна і ў Стамбул у часе Крымскае вайны прыехаў, каб фармаваць палкі з баўгараў ды валахаў дзеля барацьбы з Расеяй. Паэт спадзяваўся, што перамога Турэччыны дапаможа аднавіць незалежнасьць Літвы. Словам, рэальны Міцкевіч быў далёкі ад сэнтымэнтальнага вобразу, намаляванага ў “Адзінокім птаху”. Відаць, аўтары да гэтага і імкнуліся.

Ю.А.