Праблеме спадарожнікавых антэнаў «СБ» прысьвяціла ажно два матэрыялы.

У артыкуле «Не своя тарелка» журналіст Дзьмітры Крат падзяляе клопат уладальнікаў спадарожнікавых антэнаў і кандыцыянэраў, ад якіх на іх усталяваньне ЖЭСы патрабуюць праектную дакумэнтацыю. Журналіст пачаў высьвятляць матывацыю новаўвядзеньня і атрымаў нечаканыя вынікі: у гарадзкіх установах, «якія па логіцы рэчаў павінныя быць у курсе, пакуль толькі выказваюць здагадкі»

Ва ўпраўленьні ЖКГ Менгарвыканкаму нібыта прыгадалі, што яшчэ ў сьнежні 2006 г. выйшла пастанова Менгарвыканкама , якая прадпісвала ўзаконіць мантаж антэнаў на фасадах дамоў. Тэрмін выкананьня быў прызначаны да канца траўня 2007 г. Сп. Крат паспрабаваў высьветліць парадак узаконьваньня «талеркі» і час, неабходны на выкананьне ўсіх працэдураў. Аднак нават у «Белжылпраекце» ён не здабыў грунтоўнай інфармацыі на гэты конт.

У артыкуле «Процедурный вопрос» за 19 чэрвеня 2007 г. той жа аўтар супакойвае чытачоў выказваньнем галоўнага архітэктара Менску Віктара Нікіціна, які паведаміў, што парадак усталяваньня канструкцыяў на фасадах будынкаў толькі распрацоўваецца. Паводле ягоных словаў, у новай пастанове Менгарвыканкаму будзе дакладна прапісаны мэханізм разьмяшчэньня антэнаў і кандыцыянэраў. Пастанову падпішуць магчыма ўжо ў верасьні. Адразу пасьля гэтага адбудзецца рэвізія ўсіх наяўных канструкцыяў на адпаведнасьць новым правілам. Паводле гарадзкіх уладаў у Менску зафіксавана каля 10500 спадарожнікавых антэнаў і 2500 кандыцыянэраў. Толькі каля 40 антэнаў усталяваныя пасьля кансультацыяў з архітэктарамі.

У абодвух артыкулах аўтар так і не прыводзіць якой‑кольвек сур’ёзнай вэрсіі раптоўнага наступу на «талеркі». Найбольш верагодную прычыну, пачатак вяшчаньня на Беларусь ў кастрычніку спадарожнікавага тэлеканалу BelSAT, Дзьмітры Крат называе глупствам.

Камэнтары да артыкула «Не своя тарелка» на сайце www.sb.by

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0