навіны гаспадарскія

837 тыс. беларусаў афіцыйна нідзе не працуюць і ня вучацца. А ў жніўні звольняць яшчэ 11,4 тыс. чалавек — у паўтара разу болей, чым у ліпені. У выніку скарачэньня штатаў працаўнікоў “шэрага” сэктару эканомікі яшчэ паболее.

выплаты Чарнобыльцам адмененыя з-за іх мізэрных памераў. Згодна з рашэньнем А.Лукашэнкі, яны не індэксаваліся.

ГОТ-ДОГІ налета перастануць прадаваць у шапіках. Замест іх Менгарвыканкам хоча стварыць 80 кавярняў хуткага харчаваньня на першых паверхах будынкаў і каля ўваходаў у мэтро.

ЦЭНЫ ПАДВЫСІЛІСЯ на 20,2% з пачатку году. А ўрад спадзяваўся, што здолее сёлета ўтрымаць інфляцыю ў межах 20—27% цэлы год...

280 ТРАКТАРЫСТАЎ з прамысловых прадпрыемстваў будуць працаваць у часе жніва на Віцебшчыне. Адмовіліся ад “гараджанаў” пакуль толькі тры раёны — Пастаўскі, Шаркаўшчынскі і Лепельскі. А на Меншчыне найлепшыя трактарысты атрымаюць па мільёну рублёў прэміі, пры ўмове, што стаж працы ў калгасе ня меншы за 15 гадоў.

МЭТРО ВА ЎРУЧЧА пачнуць капаць сёлета. Калі будуць грошы, станцыі “Барысаўскі тракт” насупраць корпусу БДТУ і “Ўручча” між Шафарнянскай і Ложынскай вуліцамі адчыняцца ў 2007 г.

НА 300 ТЫС. ТОНАЎ РЫБЫ атрымала квоту Беларусь у тэрытарыяльных водах Расеі. Каб лавіць яе, расейцы прапануюць беларусам стварыць сумеснае прадпрыемства.

БЮДЖЭТ НЕ ДАБРАЎ за першую палову году 1,7% заплянаваных грошай. Найперш па падатках завінаваціліся стратныя прадпрыемствы.

С.І.

 

Плян Маршала для Беларусі

Аб’яднаная грамадзянская партыя прапанавала зладзіць канфэрэнцыю, прысьвечаную праблемам дэмакратызацыі Беларусі, з удзелам міжнародных арганізацыяў, беларускіх уладаў і апазыцыі. Ініцыятар канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька называе яе “аналягам пляну Маршала для Беларусі”, які можна рэалізаваць згодна з формулай “Дэмакратыя і законнасьць у краіне ў абмен на міжнароднае прызнаньне ды замежныя інвэстыцыі”.

Мусяць быць задзейнічаныя ўсе суб’екты, якія выяўляюць цікавасьць да сытуацыі ў Беларусі, — Эўразьвяз, Эўрапарлямэнт, Рада Эўропы, АБСЭ, парасонавыя партыйныя арганізацыі накшталт Інтэрнацыяналу, беларуская апазыцыя, улады, магчыма, зь нейкім асобным статусам, Расея. У аснову рашэньняў такой канфэрэнцыі павінны быць пакладзены ўзаемныя абавязкі ўладаў, апазыцыі, міжнароднай супольнасьці. Гэта канструктыўны падыход, які адпавядае інтарэсам ня столькі ўлады ці апазыцыі, колькі інтарэсам грамадзянаў Беларусі, думае Лябедзька.

Прапановы наконт удзелу ў канфэрэнцыі ўжо накіраваны ў шэраг беларускіх арганізацый, эўрапейскія структуры.

Даведка “НН”. Плян Маршала –назва праграмы аднаўленьня і разьвіцьця Эўропы пасьля другой сусьветнай вайны шляхам прадастаўленьня ёй амэрыканскай эканамічнай дапамогі. Быў вылучаны ў 1947 г. Джорджам Кэтлетам Маршалам (уступіў у дзеяньне ў красавіку 1948-га). У ажыцьцяўленьні пляну бралі ўдзел 17 эўрапейскіх краін. Плян Маршала спрыяў умацаваньню становішча ЗША ў Заходняй Эўропе. У 1951 г. быў заменены законам “Аб узаемным забесьпячэньні бясьпекі”, які прадугледжваў адначасовае прадастаўленьне эканамічнай і ваеннай дапамогі.

 

Вэртыкаль разьлічваецца “Мэрсэдэсамі”

19 райвыканкамаў Віцебскае вобласьці вінны за паліва Рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству “Нафтан”. Згодна з рашэньнем абласнога гаспадарчага суду, іхная маёмасьць неўзабаве можа быць апісаная, а банкаўскія рахункі заблякаваныя.

Першым такая доля пагражае выканкамам Талачынскага ды Віцебскага раёнаў, якія выступілі гарантамі перад “Нафтанам” падчас заключэньня дамоваў на пастаўку паліва для правядзеньня пасяўной.

Талачынскаму райвыканкаму прад’яўлены судовы пазоў на 500 млн. рублёў, і, калі Вышэйшы Гаспадарчы суд не дазволіць выплачваць пазыкі ў растэрміноўку — маёмасьць райвыканкаму неўзабаве будзе апісаная.

Райвыканкаму Віцебскага раёну таксама прад’яўлены пазоў на 500 млн. рублёў, якія, паводле словаў старшыні выканкаму Аляксандра Вазьміцеля, мусілі быць выплачаныя “Нафтану” яшчэ да 1 ліпеня. Але грошай на пагашэньне пазыкі ў раёне няма.

У такой сытуацыі апынуліся яшчэ 17 з 21 райвыканкамаў Віцебшчыны. Многія запазычанасьці ўтварыліся яшчэ ў 2000 г., а за 2001 г. істотна падрасьлі.

Шукаючы выйсьця, старшыні рыйвыканкамаў прапануюць нафтаперапрацоўшчыкам аплату ўласнай сельгаспрадукцыяй. Але ацэньваюць яе занадта дорага, каб зьдзелка магла падацца выгаднай.

І ўсе амаль у адзін голас сьцьвярджаюць, што сталіся ахвярамі незаконных загадаў, якія яны атрымалі 2 гады таму з Савету міністраў па тэлефоне. Тады, насуперак Закону аб бюджэце, райвыканкамы прымусілі ўзяць на сябе гарантыі плацяжоў пры заключэньні фінансавых пагадненьняў. Але за два гады памянялася столькі міністраў, што канцоў ужо ня знойдзеш. Адно спадзяваньне — што Вышэйшы гаспадарчы суд дасьць яшчэ адну адтэрміноўку.

А.К.

Зь мяса — на буракі

Пакуль большасьць з нас марыць пра халадок і адпачынак, на абшарах шчыруюць 4763 камбайны: ідзе жніво. Найбольш тых камбайнаў на Меншчыне — 1303, а найменш на Магілёўшчыне — 303. Абнасілася радзіма ППРБ! Ураджайнасьць сёлета па выніках на аўторак — 26,12 цэнтнэра з гектару (летась яна была трохі большай — 27,04 ц/га).

У параўнаньні з 1990 г., беларусы зрабіліся ў значна большай ступені вэгэтарыянцамі. Так, у першы год незалежнасьці ў разьліку на аднаго беларуса ў краіне выраблялася 116 кг мяса ў год, а ў 2000—2001 — толькі каля 60 кг. 12 гадоў таму ад кароваў у разьліку на “душу насельніцтва” надойвалі 732 літры малака штогод, а апошнім часам — 449 л. Збожжа ды бульбы таксама вырастае меней, хіба што спад тут не такі вялікі. Адзінае, чаго паболела ці не ўдвая, — гэта гародніны. У 1990 г. на кожнага жыхара вырошчвалася толькі 73 кг гародніны штогод, а летась — аж 142 кг.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0