Барыс Тумар

Дэпутат палаты прадстаўнікоў генэрал Валеры Фралоў прэтэндуе на ролю лідэра беларускай апазыцыі. Ці мае ён на гэта шанцы? Барыс Тумар даводзіць пра недаўгавечнасьць “прынцэсы цырку” на беларускай палітычнай сцэне.

Фралоў шукае падтрымкі Расеі, бо “ня бачыць нічога страшнага” ў частковай страце нашага сувэрэнітэту.

Яго нібыта падтрымліваюць ярархі Праваслаўнае царквы, якія нібыта ўпотайкі ненавідзяць Лукашэнку за тое, што той зрабіў з царквы апошні вінцік дзяржаўнага мэханізму і проста таму, што “ён хам”. Фралоў не прапускае ніводнае “трэцясэктарнае” тусоўкі. Фралоў - у кожнай незалежнай газэце. Нарэшце, у Фралова нібыта ёсьць воля, ён мала чаго баіцца. Фралоў узьняў у парлямэнце пытаньне аб зьніклых апазыцыянэрах. Такога рэквізыту ня меў ніводзін з ранейшых лідэраў апазыцыі. Гэта - у нашых краёх - проста прэзыдэнцкі патэнцыял!

Але: Фралоў адстаўны вайсковец, а грамадзкая думка ня лічыць ваякаў здольнымі да дзяржаўнага кіраваньня. Ён з шэрагаў “кішэннае апазыцыі”, дапушчанае ў палаце прадстаўнікоў уладамі. Ён з Горадні, а выхадцы з гэтага рэгіёну ня маюць вялікай вагі ў палітычнай і гаспадарчай эліце. Ён не размаўляе па-беларуску. Ён не прафэсійны палітык і мае нуль рынкава-эканамічнага досьведу. Гэта да яго ляцелі ў Менск падпісваць дамову аб супрацоўніцтве Нямцоў і Хакамада, і ён зь лёгкасьцю робіцца закладнікам гэтага палітычнага скандалу.

Апэрэткава выглядае дэпутат палаты прадстаўнікоў, які спрабуе ўдаваць зь сябе лідэра апазыцыі, заклапочанага лёсам Захаранкі. Як выглядае, “Прынцэса цырку” на беларускай палітычнай сцэне - такая ж недаўгавечная, як і ўсе іншыя спэктаклі, трансплянтаваныя на палітычную сцэну з тэатральнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0