Пакуль будуе не прыватны ўласьнік, з будоўлі будзе зьнікаць цэмэнт. Пакуль чалавек жыве ў чарнобыльскім раёне, марна агітаваць яго за здаровы лад жыцьця. Пакуль краіна ў палітычным саюзе з Расеяй, яна ня будзе ад яе эканамічна незалежнай. Абвал школы ў чарнобыльскім Краснапольлі і абвал паставак газу — падзеі з аднаго шэрагу. Узьніміце дзяржаўныя газэты двухгадовай даўніны. Там знойдзеце: «Я вам пастроіў эту школу». І там жа: «Я вам даў газ па ўнутрырасейскіх цэнах». Нават крытыкі існай сыстэмы часта пераацэньваюць яе эфэктыўнасьць.

Яна такая ж небясьпечная, як гэтая школа, ёю збудаваная.

Трагедыя навечна застанецца ў палітычнай біяграфіі старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры, як Няміга асацыюецца зь Ярмошыным. А адказнасьць, несумненна, ускладуць на будаўнікоў. Элемэнты пабудаванай у краіне сыстэмы баяцца адказнасьці. У краіне ўвогуле ўсяго баяцца.

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА да 17-й у аўторак баялася даць сваю інфармацыю пра трагедыю, перадрукоўвала паведамленьне РІА «Навіны», ад разгубленасьці нават забыўшыся памяняць час здарэньня з маскоўскага на беларускі. Пісалі: «сёньня ў 10.30». Не было каму даць каманды?

Гэта не апошні абвал. Як і пабудаваныя з-пад палкі дамы, піхні паваліцца ўся эканамічная сыстэма і абрыдлы культ асобы прэзыдэнта… Дай бог, каб усё гэта, валячыся, не пацягнула за сабой нашмат больш маладых жыцьцяў, чым школа ў Краснапольлі. Каб не пацягнула за сабой само жыцьцё нашай маладой дзяржавы.

Барыс Тумар

Трагедыя ў пацёмкінскай школе

Калі ўранку ў аўторак у газэту патэлефанаваў узрушаны чытач з Краснапольля, нам было цяжка паверыць у сапраўднасьць навіны. Такое бывае ў Расеі, у трэцім сьвеце, але ў нас — новая школа?.. Трагедыя прымусіць нас па-іншаму зірнуць на дасягненьні й будоўлі лукашэнкаўскае пары.

«Гэта цуд, што не загінула больш дзяцей. Школа абвалілася за некалькі хвілінаў да перапынку, на якім мусіла адбыцца лінейка ў той самай спартовай залі. Тады ахвяраў было б яшчэ больш», — кажа бацька аднаго з вучняў Краснапольскай школы №1 Аляксандар Дзем’янкоў.

Але ахвяраў ніколі не бывае мала. Трое вучняў і настаўнік загінулі пад абломкамі сьцяны і столі спартовае залі. Яшчэ сямёра вучняў з траўмамі — у стацыянары Краснапольскай больніцы, адзін — у менскім Цэнтры дзіцячай нэўрахірургіі. Яго стан цяжкі.

«Цяжкі сьнег» — з такім загалоўкам на першай паласе выйшла 28 студзеня «Советская Белоруссия». Пра тое, што прычынай трагедыі сталі моцныя сьнегапады, казалі й іншыя дзяржаўныя СМІ. «Звальваць на сьнег — сьмешна, хаты з драўлянымі перакрыцьцямі стаяць стагодзьдзямі, ня кажучы пра жалезабэтон, — кажа архітэктар зь недзяржаўнага праектна-будаўнічага прадпрыемства. — Прычынай абвалу маглі стаць парушэньне тэхнічнай арганізацыі працы, неналежны нагляд за будынкам. Сьцены ў Беларусі практычна ня бурацца, бо ў нас не бывае землятрусаў. Значыць, былі недапрацоўкі, якія мусілі быць заўважныя зьсярэдзіны альбо звонку (раствор размок, разваліўся і г.д.). Адпаведна, калі пашкоджаньні былі заўважныя, павінны былі прыняць меры людзі, якія сачылі за будынкам і прымалі яго ў эксплюатацыю».

Краснапольскую школу пачалі будаваць у 1989 г. на «чарнобыльскія» грошы, якіх, аднак, надоўга не хапіла. Будаўніцтва было замарожанае. 11 гадоў незакансэрваваныя сьцены прастаялі пад дажджамі ды маразамі. Каманду аднавіць будаўніцтва ў 2000-м даў сам Лукашэнка. Прыгожая новая школа ў Краснапольлі стала знакам добраўпарадкаваньня чарнобыльскіх тэрыторыяў.

«Нагналі тэхнікі, і аб’ект ператварыўся ў кірмаш будматэрыялаў. За бутэльку тут можна было набыць усё», — кажа Аляксандар Дзем’янкоў. Увосень 2001-га школу здалі. Урачыстая цырымонія адкрыцьця адбывалася ў той самай спартовай залі. Прысутнічаў старшыня аблвыканкаму Барыс Батура. Ужо тады дах у залі працякаў, нават падстаўлялі тазікі. Тым ня менш, школу здалі ў эксплюатацыю. Эрозія ішла несупынна: адвальвалася тынкоўка; у дождж дзяцей адпускалі з заняткаў, бо клясы працякалі да першага паверху. У Краснапольлі ўсе былі пэўныя, што збудаваная паказушна-пажарнымі мэтадамі школа доўга не прастаіць. Але ніхто не чакаў трагедыі.

Абвал здарыўся 27 студзеня ў 9.20, падчас уроку фізкультуры. У залі знаходзілася 47 вучняў і 3 настаўнікі. На ліквідацыю нагналі «больш за 30 адзінак аўтакранаў і аварыйна-выратавальнай тэхнікі», паведамляецца ў зводцы МНС. Але што толку: спартовая заля знаходзілася ўсярэдзіне будынку на другім паверсе, па яе пэрымэтры ішлі клясы. Таму краны не даставалі да завалаў, даводзілася разьбіраць рукамі. У актавай залі, што на першым паверсе, пад спартовай, паставілі падпоркі. Першых пацярпелых — сярод іх былі настаўнік Пятро Любашэнка, які памёр у «Хуткай», і нежывы вучань Віктар Баброў — з-пад завалу дасталі ў 10.50, а апошніх — Ганну Акішаву і Аляксея Трусава — каля 19-й. Таксама нежывых. Ганна плакала пад завалам, але ўратаваць яе не пасьпелі. А хлопец, паводле сьведчаньняў школьнікаў, не пасьпеў дабегчы да дзьвярэй некалькі мэтраў, расказвае жыхар Краснапольля Антон Храмаў.

Калі грымнуў абвал, дзеці ўцякалі з школы хто ў чым быў, некаторыя нават разутыя. Ніхто ня хоча больш вучыцца ў гэтай школе.

У суботу вучняў адправяць у санаторый пад Магілёў на тры месяцы, бо іншая краснапольская школа ня зможа ўсіх прыняць. А да 1 верасьня школу маюць аднавіць.

Пачаўся й пошук вінаватых. Пракуратура Магілёўскай вобласьці ўзбудзіла крымінальную справу па факце парушэньня праектаў, нормаў і стандартаў пры правядзеньні будаўніча-мантажных работ. Тэрміновыя праверкі трываласьці будынкаў школ пачаліся ў Гомельскай вобласьці і Менску. Праверка накіравалася ўчора ў суседнія з Краснапольлем Касьцюковічы, дзе гэткімі самымі ўдарнымі тэмпамі, пасьля колькігадовага прастою, дабудоўвалася больніца. Прыляцеў на верталёце Лукашэнка, казаў на людзей: «Супакойцеся!» Ды хіба ж тут супакоішся?

Вераніка Дзядок

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0