Што і казаць, няпростыя задачы стаялі перад францускім прэзыдэнтам Жакам Шыракам падчас арганізацыі прызначанага на 6 чэрвеня сьвяткаваньня 60-годзьдзя высадкі дэсанту антыгітлераўскае кааліцыі ў Нармандыю.

Выбар запрошаных на ўрачыстасьці гасьцей мусіў недвухсэнсоўна прадэманстраваць замежнапалітычныя прыярытэты Францыі, а праграма сьвята не павінна была стацца дапамогай амэрыканскаму калегу Бушу ў ягонай прэзыдэнцкай кампаніі. Зь першай задачай Шырак справіўся бліскуча, другой рады ня даў.

Сьпіс гасьцей, запрошаных на сьвяткаваньні ў Нармандыі, прыцягнуў увагу з трох нагод: сярод запрошаных краін не было Італіі і ўпершыню прысутнічалі Нямеччына і Расея. Незапрашэньне італьянскага прэм’ера Бэрлюсконі іначай як зьнявагай партнэра па Эўразьвязе не назавеш. Папраўдзе ж, замежнапалітычная вага Італіі не такая ўжо і малая — краіна была сярод заснавальнікаў Эўразьвязу і ўваходзіць у «вялікую шасьцёрку» самых магутных індустрыяльных дзяржаў. Але ж, відаць, у апошні час гэты свой уплыў кансэрватыўны ўрад Бэрлюсконі выкарыстоўваў у непажаданым для Парыжу кірунку. Італія не ўзяла пад казырок пасьля гучнага францускага загаду «Маўчаць!» узімку 2003 г. і насуперак жаданьню афіцыйнага Парыжу падтрымала ваенную апэрацыю Злучаных Штатаў у Іраку.

Нават пасьля таго, як групу краін — саюзьніц Амэрыкі пакінула Гішпанія, дзе сацыяліст Сапатэра, выконваючы папулісцкія перадвыбарныя абяцаньні, аднабакова і пасьпешліва вывеў гішпанскія войскі з Іраку, Італія застаецца вернай стратэгічнаму партнэрству з Амэрыкай. Такая прынцыповая пазыцыя італьянскага прэм’ера, які, нягледзячы на ўсё большыя антыамэрыканскія настроі сярод італьянскіх выбаршчыкаў, не апускаецца да падмены замежнае палітыкі голым папулізмам, зразумела, ня можа захапляць францускіх урадоўцаў. Прадэманстраваць суровае стаўленьне Парыжу да Бэрлюсконі і мусіла незапрашэньне Італіі на ўрачыстасьці ў Нармандыі. Вось і давялося Бушу, каб не падводзіць саюзьніка, перад сваім прыездам у Францыю наведаць Рым, дзе, акрамя сустрэчы з Бэрлюсконі, адбылася аўдыенцыя Буша ў Яна Паўла II.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Сяржук Вінаградаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0