Кароткая тыпалёгія беларускіх дачнікаў

Летні дождж. Людзі пахаваліся на прыпынку. Кабеты сярэдняга веку голасна перамаўляюцца:

— А ці ё дождж на нашых дачах?

— Давай вечарам суседзям пазвонім і дазнаемся.

Адна з суразмоўніц узьнімае вочы да неба й кажа, на хмары гледзячы:

— На дачу йдзіце, на дачу, у бок Вендрыжу!

— На Шклоў!

— На Быхаў, — абзываюцца некалькі галасоў.

Ані вялікага голаду, ані доўгатэрміновай сьпёкі ў краіне няма. Проста гэтыя людзі хворыя на дачную ліхаманку. Хваробу распаўсюджаную ў нашых краёх, якая шкодзіць псыхічнаму здароўю ня толькі самога носьбіта, але і ягонага атачэньня, і характарызуецца незваротнымі зьменамі ў сьвядомасьці. У выніку асоба робіцца няздольная ўспрымаць навакольную рэчаіснасьць адасоблена ад свайго надзелу ў 5—10 сотак, а ўласная града радыскі бачыцца цэнтрам сучаснай цывілізацыі. Ня кожны дачнік — хворы. Таму, каб засьцерагчыся ад узьдзеяньня захворваньня на вас непасрэдна, пажадана ведаць формы яго праяўленьня і меры прафілактыкі.

Хвалько

Адразу прыгадваецца мажная гаваркая цётка ў дызэлі і ейны лямант на ўвесь вагон:

— Ой, як у мяне ўсё расьцець! На адным каліве па дванаццаць яблыкаў. А ў мяне ж перцы во такія! А цыбуля во такая!

Не сьпяшайцеся зайздросьціць, лепей пагаманіце зь яе суседзямі па лецішчы. Бо на самай справе гарод такой гаспадыні мае занядбаны выгляд. Хвалько езьдіць на сваю фазэнду штодня, але зусім не дзеля градаў. Рабіць на зямлі яна ня любіць і не прывыкла. Кульне чарку ды сьпіць у баразьне, каб у горадзе п’янай ня бачылі. Адпачывае ад вечнага гармідару ў перанаселенай кватэры, надакучлівых дзяцей, унукаў. Цягаецца ў будзённыя дні па чужых гародах, шукаючы дарэмнай спажывы. Варыянтаў дачнага адпачынку можа быць безьліч. У транспарце ж такія хворыя хлусяць выключна з мэтаю ўзьняцьця ўласнай самаацэнкі, аўтарытэту хаця б у вачах выпадковых людзей.

Для грамадзтва хвалько шкодны тым, што, па-першае, не дае спакойна спаць у дызэлі. Па-другое, сваімі дылетанцкімі парадамі, якімі шчодра адорвае ўсіх навокал, хоць цяміць у расьлінаводзтве і нарыхтоўцы гародніны меней, чым сьвіньня ў апэльсынах.

Таму, даведаўшыся ад выпадковых людзей рэцэпт засолкі сырых баклажанаў, праверце інфармацыю, інакш выкінеце ўраджай на сьметнік. А пачуўшы знаёмае «А ў мяне ж гуркоў парасло!», адкажыце: «Вось і ежце на здароўе».

І працягвайце дзівіцца на краявіды за акном.

Актывіст

Гэты хворы індывід адрозьніваецца хаатычнай грамадзкай актыўнасьцю, звычкаю лезьці не ў свае справы, а таксама вырашаць уласныя праблемы за кошт іншых. Наносіць значны ўрон псыхіцы і кішэні. Інтэлектуальная недаразьвітасьць кампэнсуецца амбіцыйнасьцю, нахабствам, імкненьнем усюды пачуваць сябе як дома. Надзвычай любіць камфорт, на лецішчы хоча ўладзіцца як мага лепей, будуецца. Такія хворыя часта сустракаюцца сярод старшыняў дачных каапэратываў. Для таго каб балбатаць па тэлефоне на лецішчы, ён не набывае мабільнік, а агітуе, прымусова зьбірае грошы на ўстаноўку тэлефона за кошт каапэратыву. Як будуць аплачвацца размовы, хто будзе вартаваць тэлефонную будку — яму не ў галаве. Ніякай рэальнай улады гэтая пачвара ня мае.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Тацяна Барысік

Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0