Шаноўны Павал Ізотавіч!

Сачу за Вашай творчасьцю ад часоў Вашага захапленьня спартовай журналістыкай. Цяпер Вы закранаеце праблемы публічна значныя, агульнанацыянальнага, а часам і большага маштабу, але па-ранейшаму пішыце жыва і небеспадстаўна разьлічваеце на водгук у сэрцах чытачоў. Таму я і вырашыў распачаць цыкл лістоў да Вас.

Сёньня пра Ваш допіс «Аб характары нашых газэт». Галоўная яго тэза — «заангажаванасьць» недзяржаўнай прэсы. Каб давесьці гэта, Вы прапануеце «захапляльны экспэрымэнт» — напісаць крытычны матэрыял пра Буша-малодшага і прапанаваць яго недзяржаўным выданьням, якія, паводле Вашага сьцьверджаньня, ад матэрыялу адмовяцца.

Ня думаю. Усё залежыць ад аргумэнтаванасьці і якасьці матэрыялу. І таму, дзеля чысьціні экспэрымэнту, напішыце і прапануйце. Вы — асоба знаная, зьяўляецеся адным з найбуйнейшых беларускіх журналістаў. Перакананы, што Ваш артыкул не застанецца па-за ўвагай аніводнага галоўнага рэдактара недзяржаўнага выданьня.

Засмуцілі мяне, аднак, у Вашым допісе колькі месцаў, якія засталіся непрасьветленымі і чытачу незразумелымі.

Напрыклад, чаму гэта раптам старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, «буйны дэмакрат», паводле Вашага азначэньня, захацеў надрукавацца ў «СБ»? Падумалася: па-першае, калі б сапраўды быў «буйным дэмакратам», дык не захацеў бы, а па-другое, калі не дэмакрат, то чаму Вы тады яму адмовілі?

Зразумеў з Вашага артыкулу толькі тое, што В.Вячорка даслаў у газэту нейкія «агіткі», а Вы іх не надрукавалі, абапіраючыся на цьвёрды рэдактарскі прынцып: «Падыходзіць газэце матэрыял — публікуем, не спадабаецца — выбачайце».

Але што Вам так не спадабалася? Аказалася — афіцыйны ліст Партыі БНФ у шэраг дзяржаўных інстанцый, у тым ліку і ў «СБ».

У ім, у прыватнасьці, гаворыцца, што «СБ» у нумары 170 ад 9 верасьня 2004 г. зьмясьціла заяву аднаго грамадзкага фармаваньня, у якой ягоныя прадстаўнікі заклікаюць «…выказаць аднадушную падтрымку прэзыдэнту А.Р.Лукашэнку на канстытуцыйным рэфэрэндуме і прагаласаваць за…». Таксама Ваша газэта апублікавала «агітацыйныя звароты грамадзян замежных краін, што ёсьць грубым парушэньнем часткі 5 артыкулу 45 Выбарчага кодэксу, якая забараняе замежным грамадзянам браць удзел у агітацыі».

А таму беларускія грамадзяне, якія маюць ня меншыя за замежнікаў правы, запатрабавалі, каб іхныя матэрыялы супраць аднабаковай агітацыі былі таксама надрукаваныя. І Вам, Павал Ізотавіч, гэта не спадабалася? Я не законьнік, але адчуваю, што, апублікаваўшы матэрыялы прадстаўнікоў іншага аб’яднаньня, аніякага артыкулу Выбарчага кодэксу Вы не парушылі б.

Хаця… Вы назвалі свой допіс па-леніску.

Можа, таму, што юрыст Ул.Ульянаў кіраваўся не законамі, а «рэвалюцыйнай мэтазгоднасьцю»? Гэта значыць — чымсьці блізкім да ірацыянальнага прынцыпу «падыходзіць… — публікуем, не спадабаецца — выбачайце».

А ці ня варта было б Вашай газэце знайсьці які-небудзь іншы, больш зразумелы чытачу прынцып? Напрыклад — шырокае адлюстраваньне самых розных сацыяльных і палітычных поглядаў, што існуюць у беларускім грамадзтве.

З пажаданьнямі посьпехаў,

Алесь Анціпенка, грамадзянін РБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0