БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы даказалі марнасць інтэрнэт-спрэчак: ніхто не мяняе думку, а вынікі не рэпрэзентуюць большую частку грамадства

17.12.2025 / 7:30

Nashaniva.com

Калі вы калі-небудзь адчувалі, што палітычныя дыскусіі ў інтэрнэце — гэта размова глухога з нямым у пакоі крывых люстэркаў, то навука на вашым баку. Даследчыкі з Інстытута Макса Планка правялі маштабны эксперымент на Reddit, каб высветліць, ці можна грашыма або строгімі правіламі зрабіць інтэрнэт-баталіі якаснымі. Але вынікі атрымаліся невясёлыя.

Ілюстрацыйная выява, згенераваная нейрасеткай

У даследаванні ўдзельнічалі 520 чалавек, якія мусілі абмяркоўваць вострыя палітычныя пытанні. Удзельнікаў падзялілі на тры лагеры: дзве групы дыскутавалі ва ўмовах без правіл, дзве жорстка мадэраваліся, каб яны камунікавалі ветліва, а трэцім плацілі за ўдзел (да 40 даляраў). Высветлілася, што грошы і пакаранні ад мадэратара сапраўды ўтрымліваюць людзей у дыскусіі даўжэй, чым адсутнасць правіл. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Science Advances.

Аднак як толькі градус нянавісці павялічваецца, больш памяркоўныя людзі сыходзяць незалежна ад таго, ці плацяць ім за гэта. Такім чынам, сварыцца застаецца толькі агрэсіўная і палярная меншасць — людзі, якім сваркі ўвогуле прыносяць задавальненне.

Самы цікавы парадокс выявіўся ў групах са строгай цэнзурай. Замест таго, каб суцішыцца, агрэсіўныя каментатары пачыналі пісаць яшчэ больш апантана. Адчуванне варожасці асяроддзя і думка, што апаненты «нічога не разумеюць», працавалі для іх як чырвоная ануча.

Фінансавыя стымулы ж заваблівалі зусім іншую публіку — разумных людзей, гатовых да канструктыву, але толькі пакуль вакол было ціха і спакойна. Але яны сыходзілі, калі размова станавілася неканструктыўнай і таксічнай.

Галоўны вынік эксперыменту — татальная безвыніковасць інтэрнэт-спрэчак. Пасля чатырох тыдняў дэбатаў ніхто не змяніў сваіх палітычных поглядаў ці поглядаў на важныя праблемы. Больш за тое, людзі прызнаваліся, што пачуваюцца больш разгубленымі і ведаюць пра прадмет спрэчкі менш, чым на пачатку.

Даследчыкі кажуць: інтэрнэт-баталіі не нараджаюць праўду, а толькі фруструюць удзельнікаў і ствараюць ілюзію грамадскай думкі, якую фармуе крыклівая і агрэсіўная меншасць.

Чытайце таксама:

Іван Краўцоў раззлаваўся, што Ціханоўскую паклікалі ў Еўрапарламент: Яе меркаванне ўвогуле не адлюстроўвае меркаванне беларусаў

Ідэолагі расказваюць народу жахі пра інтэрнэт і перасцерагаюць ад выкарыстання ChatGPT

Ігар Тур тры гады пісаў у апазіцыйны чат, а цяпер спаліўся. Якія думкі ён праводзіў?

Каментары да артыкула