БЕЛ Ł РУС

Дачка Уладзіміра Усера назвала прычыну яго смерці

24.01.2026 / 17:56

Nashaniva.com

Дачка былога бабруйскага журналіста Уладзіміра Усера (Лазарава) Марына Авітан у фэйсбуку паведаміла, ад чаго памёр яе бацька. Дагэтуль яна настойвала на «неабходнасці строгага захавання канфідэнцыйнасці» і свядома не давала грамадскасці ніякай інфармацыі, але пасля выступлення па БТ былога суседа Усера па кватэры ў Беластоку Анатоля Вайцяхоўскага спыніла маўчанне.

Уладзімір Усер

«Ніякіх пабояў не было. Мой бацька не паміраў у выніку гвалту.

Прычына смерці афіцыйна ўстаноўленая і зафіксаваная дакументальна: цяжкая форма хранічнага цукровага дыябету, інсулінавая кома, а таксама сур'ёзныя сардэчна-сасудзістыя захворванні, якія мелі ў тым ліку генетычную прыроду.

Увесь працэс яго затрымання знаходзіўся пад кантролем хуткай медыцынскай дапамогі, якая прысутнічала на месцы і ажыццяўляла неабходны медыцынскі кантроль у адпаведнасці з устаноўленымі працэдурамі», — падкрэслівае жанчына.

Дала яна ацэнку і актыўнасці Анатоля Вайцяхоўскага:

«Усе заявы і версіі, якія распаўсюджваюцца Анатолем Вайцяхоўскім, з'яўляюцца свядомай хлуснёй і маніпуляцыяй і не маюць нічога агульнага з рэальнасцю. Іх мэта відавочная — дыскрэдытаваць дзяржаву, якая прыняла майго бацьку і дала яму палітычную абарону, а таксама стварыць інфармацыйнае прыкрыццё для спробы апраўдаць чыёсьці вяртанне на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Перад кім і з якой мэтай патрабуецца падобнае «апраўданне», застаецца адкрытым пытаннем».

Марына Авітан кажа, што Вайцяхоўскі, жывучы з Усерам, меў доступ да яго банкаўскай карткі, асабістага камп'ютара, тэлефона і асабістых рэчаў, а таксама ведаў дакладны баланс грашовых сродкаў на яго карце. У сукупнасці з тым, што ён вывез асабістыя дакументы Усера за межы Польшчы, гэта, на думку жанчыны, «сведчыць пра наяўнасць уласных, далёка не бескарыслівых інтарэсаў».

«Я б сур'ёзна задумалася над тым, чаму спадар Анатоль з такой настойлівасцю спрабуе атрымаць інфармацыю пра майго бацьку, пра яго цела і ўсе абставіны таго, што адбылося. На гэтым фоне падобная актыўнасць выглядае не клопатам, а спробай стварыць патрэбны яму інфармацыйны шум», — канстатуе яна.

Нагадаем, што ў лістападзе 2025‑га ў беластоцкую кватэру, дзе Вайцяхоўскі жыў разам з 69‑гадовым бабруйчанінам Уладзімірам Усерам (Лазаравым) уварваліся восем чалавек са зброяй і ў бронекамізэльках — гэта былі польскія спецслужбы. У кватэры правялі ператрус, а Лазарава забралі па падазрэнні ў шпіянажы. У пачатку снежня стала вядома пра смерць 70‑гадовага Усера, якога з-за цяжкага стану здароўя браць пад варту ўрэшце не сталі.

Да шпіянажнай гісторыі абодва суседы ўляпаліся ў прапагандысцкі фільм БТ. Па замове прапагандыстаў, якія назваліся актывістамі з Вільні, якія хочуць дапамагчы з фінансаваннем тым, каму цяжка ў эміграцыі, Вайцяхоўскі і Усер запісалі відэа, у якім расказалі пра ўсе мінусы жыцця ў замежжы.

Анатоль Вайцяхоўскі знік з поля зроку неўзабаве пасля смерці Усера, а 12 студзеня ён з’явіўся ў прапагандысцкім відэа на дзяржаўным тэлебачанні. У роліку сцвярджалася, што перад гібеллю Усер нібыта напісаў заяву ў спецыяльную камісію па вяртанні, але памёр, так і не атрымаўшы адказу.

Чытайце таксама:

Сябар Усера Анатоль Вайцяхоўскі папрасіў дапамогі ў польскага суддзі-ўцекача Томаша Шміта

Анатоль Вайцяхоўскі спакойна прыехаў у Беларусь рэйсавым аўтобусам

Беластоцкі актывіст Анатоль Вайцяхоўскі, які цішком вярнуўся ў Беларусь, даў інтэрв’ю прапагандыстам

Беласток на вушах праз знікненне актывіста Вайцяхоўскага, суседа памерлага шпіёна Усера. А той цішком вярнуўся ў Беларусь

«Быў галодны, як з Асвенціма, не еў ні мяса, ні гародніны». Што вядома пра смерць бабруйскага журналіста, на якога завялі крымінальную справу ў Польшчы

Памятаеце немаладога актывіста, які па дурасці зняўся ў прапагандысцкім кіно БТ? У Польшчы ён уляпаўся яшчэ і ў шпіянаж

Каментары да артыкула