«Мне сорамна, але я нават не памятаю». Сталі вядомыя новыя падрабязнасці з працэсу здымак эмігрантаў для кіно на БТ
Каб атрымаць матэрыял для прапагандысцкага фільма «Чужое неба», герояў з Вільні падманулі, сказаўшы, што гэта будзе матэрыял для Офіса Святланы Ціханоўскай — выключна для ўнутранага карыстання і з мэтай атрымання фінансавай дапамогі. Матэрыял жа з Беластока быў зняты бабруйскім актывістам Уладзімірам Лазаравым, які стаў і адным з герояў фільма: яму яшчэ ў верасні мінулага года пазванілі ў тэлеграм «свае хлопцы, змагары з Вільні», якія папрасілі падрыхтаваць матэрыял для іх медыя. Але ні імёнаў, ні назвы гэтага медыя Уладзімір не запомніў і не ўдакладняў.
«Мне сорамна, але я нават не памятаю, хто і як тады назваўся, — прызнаўся ў каментары «Нашай Ніве» Уладзімір Лазараў. — Проста папрасілі зняць знаёмых беларусаў, расказаць, як яны жывуць. Яны так добра размаўлялі, што як бы сваімі зрабіліся… А ў мяне ж сапраўды шмат знаёмых у розных краінах і гарадах».

Для фільма, як сцвярджае Уладзімір, ён падрыхтаваў сваю гісторыю. Таксама зняў былога прадпрымальніка Анатоля, з якім яны пакуль разам жывуць у Беластоку — мужчыны здымалі адзін аднаго па чарзе. Анатоль, у сваю чаргу, думаў, што расказвае пра сваё жыццё на камеру «выключна для фондаў». Так яму патлумачыў патрэбу ў відэа Уладзімір.
За кожнага героя паабяцалі ганарар — 50 еўра. Грошы сапраўды былі ў выніку пераведзеныя на рахунак, пасля таго як Уладзімір адправіў кадры невядомаму ў тэлеграме, папярэдне загрузіўшы іх на воблака. У транзакцыі відаць, што грошы былі дасланыя пры дапамозе брытанскага сервісу Tonio Limite, які дапамагае рабіць інтэрнацыянальныя пераводы анлайн.
Таксама 50 еўра як «кампенсацыю за набыццё мікрафона» перавялі Анатолю, але зроблена гэта было крыптавалютай.
На захаваных скрыншотах з перапіскі паміж безыменным заказчыкам з нікам @warta_1978 і Уладзімірам падрабязна бачнае тэхнічнае заданне. Замоўца падкрэслівае, што ім абавязкова патрэбныя імя і прозвішча герояў, але абяцае, што гэта будзе «не для шырокай аўдыторыі», выключна «для структур ЕС і лабістаў».

Таксама з перапіскі, якую перадалі Рэдакцыі, вынікае, што замоўца прасіў Уладзіміра зняць некаторых людзей на беластоцкай акцыі ў гонар Дня ваярскай славы ў 2024-м. Але сам Уладзімір тады адсправаздачыўся, што матэрыял атрымаўся няякасным, таму што на мерапрыемстве было шумна. Таму, відаць, інтэрв’ю адтуль і не трапілі ў выніковы мантаж.
Віленскую ж кампанію герояў фільма «апрацоўвалі» два мужчыны, якія назваліся Аляксандрамі. Адзін з іх (адміністратар) выдаваў сябе за супрацоўніка Офіса Святланы Ціханоўскай, другі (рэжысёр) сказаў, што звязаны з пражскай незалежнай кінастудыяй BARRANDOV.

Офіс Святланы Ціханоўскай сёння ўжо аспрэчыў, што мае хоць якое дачыненне да гэтых здымак. «Наша Ніва» дадаткова накіравала зварот да чэшскай студыі, але выглядае на тое, што ў абодвух выпадках заказчыкі проста выкарысталі гучныя структуры і брэнды, выдалі сябе не за тых, кім з’яўляюцца на самой справе. На гэта намякае ў тым ліку тое, што пасля атрымання неабходных ролікаў замоўцы падчысцілі частку перапіскі з тымі, каго яны ўдала развялі, а цяпер недаступныя для званкоў і не адказваюць на паведамленні. Іх акаўнты падобныя на пустышкі, спецыяльна створаныя пад заданне.
Дзяўчына, якая здымала віленскую кампанію герояў і сама стала адной з гераінь роліка, расказала «Нашай Ніве», што яны з сябрамі звярнуліся па дапамогу ў літоўскую паліцыю, а таксама ў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі з просьбай аб расследаванні і абароне.
«Планавалася рэалізацыя праекта, закліканага падсвяціць праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія палітычныя ўцекачы. Мы не супраць агучваць праблемы, бо Літва — гэта дэмакратычная еўрапейская дзяржава, дзе існуе свабода слова і мы спадзяемся, што тут можна абмяркоўваць цяжкасці, не асцерагаючыся рэпрэсій, як гэта адбываецца ў Беларусі.
Але асабістую інфармацыю, якую, як запэўнівалі нас, будуць выкарыстоўваць для паляпшэння жыцця беларусаў у Літве, перавярнулі і выставілі пад сцягам беларускай прапаганды. Да гэтага мы не маем ніякага дачынення. Мы пачуваемся так, як быццам нас усіх выкачалі ў брудзе, і ад усяго гэтага проста хочацца плакаць. Абуральная эксплуатацыя ўразлівых людзей. Мы звярнуліся ў дзяржаўныя органы і чакаем іх рэакцыі».
Каментары