БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка загадаў перайменаваць у Беларусі каву амерыкана

8.03.2026 / 19:12

Nashaniva.com

Такую прапанову Лукашэнка выказаў падчас наведвання рэстарана «Мак.бай» у Мінску. 

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Падчас дэманстрацыі Лукашэнку працы апарата самаабслугоўвання ў рэстарацыі сеткі «Мак.бай» у Мінску дырэктарка сеткі Вікторыя Данько стала дзеля прыкладу заказваць праз яго каву амерыкана для першага віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова.

Лукашэнка, пачуўшы назву амерыкана, адрэагаваў нечакана:

«Амерыкана трэба перайменаваць у беларускі брэнд. У дужках пакуль пішы «амерыкана», а калі звыкнуць, тады…»

Магчыма, гэта быў толькі жарт, хоць гаварыў пра гэта палітык без ценю ўсмешкі на твары. Але ў кожным разе ранейшая практыка сведчыць, што падобныя ягоныя выказванні звычайна ўспрымаюцца як загад і маюць наступствы. 

Так, у лістападзе 2024 года, наведваючы Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэта, Лукашэнка ўспомніў, што раней гэту ВНУ называлі «інязам», а цяперашнюю назву акрэсліў як «мацерную». Са жніўня 2025 года МДЛУ афіцыйна стаў насіць назву, больш блізкую да савецкай — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў.

Яшчэ раней таксама «мацернай» Лукашэнку падалася назва аднаго з факультэтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава — гуманітарыстыкі і моўных камунікацый. Ужо праз тры тыдні гэта назва стала гучаць крыху інакш — факультэт гуманітарных ведаў і камунікацый.

Чытайце таксама:

«Што, ізноў не аплачана?» Лукашэнку ў Мак.бай хваліліся цуда-апаратам, які пры ім адмовіўся працаваць

Лукашэнка 8 сакавіка прыехаў у «Мак.бай» ФОТЫ

Беларуская чыгунка адкрыла сетку кавярняў самаабслугоўвання

Каментары да артыкула