БЕЛ Ł РУС

Максім Знак пра прэс-канферэнцыю ва Украіне: Мы дамовіліся не ўздымаць найбольш балючыя тэмы — катаванняў, санкцый, вайны. Можа, мусілі мы па-іншаму зрабіць

15.03.2026 / 00:52

Вінцэсь Клепачэня

Адвакат і адзін з самых пазнавальных твараў пратэстаў 2020 года Максім Знак у вялікім інтэрв’ю ютуб-каналу «ЧестнОК-LIVE» расказаў, ці варты быў пратэст жахлівых наступстваў, пра складаны выбар падчас зняволення, патлумачыў, чаму не прымаў удзелу ў першай прэс-канферэнцыі вызваленых палітзняволеных і што яго здзівіла пасля вызвалення. А таксама распавёў гісторыю свайго прадзеда і расказаў, што яму дае надзею.

Максім Знак. Скрын відэа: chestnok_live / YouTube

Падчас інтэрв’ю Аляксандр Івулін закрануў балючую для многіх тэму: ці вартыя былі падзеі 2020‑га тых жахлівых наступстваў, якія перажываюць тысячы людзей?

«Хтосьці скажа, што гэта арыштанцкая этыка — але калі хтосьці цябе зневажае, ты мусіш абавязкова адказаць, бо інакш губляеш свой гонар. А гонар губляць нельга ні пры якіх абставінах. На мой погляд, гэта ўвогуле гісторыя чалавецтва. Ва ўсе вякі шляхетныя людзі (я маю на ўвазе шляхетнасць не як радавод, а як адзнаку), заўсёды адказвалі на выклік. То-бок калі гонару іх кідалі выклік, яны не маглі не адказаць. Інакш яны б перасталі быць сабой», — адказаў Знак.

Максім упэўнены, што людзі выказваюць сумненні адносна мэтазгоднасці пратэстаў, якія «ўзнікаюць з пэўнай фрустрацыі, цалкам зразумелай»:

«Таму што мы зараз тут, вось як ёсць. Па-рознаму склаліся лёсы, вельмі вялікія ахвяры, вельмі трагічныя наступствы ў гэтай сітуацыі. І вельмі хочацца (…) таксама абрынуць усё гэта на сябе: мы самі вінаватыя, што нас тут закатавалі».

Аднак, як даводзіць Максім, не варта сябе вінаваціць.

«Вось што было б, каб нічога такога не адбылося? Ну, пэўна, мы б усе засталіся ў Беларусі. Клас? Ну клас. Але вы ведаеце, што зараз адбываецца ў свеце, вы ведаеце, якое стаўленне на міжнародных пляцоўках. І тое, што зараз да беларусаў ставяцца не так, як, напрыклад, да Расіі — гэта таксама з-за таго, што адбывалася ў 20‑м годзе.

Тое, што мы зараз знаходзімся ў вымушанай эміграцыі, але такая опцыя ўвогуле існуе — гэта таксама наступствы таго падыходу. Тое, што мы зараз нешта можам увогуле рабіць — гэта таксама наступствы тых рэчаў, якія былі здзейснены».

Максім таксама падзяліўся сваім спосабам праверкі шчырасці тых, хто цяпер крытыкуе дзеянні штабоў і пратэстоўцаў.

«Я запытваю пасля крытыкі, якую там на мяне, там на іншых людзей, якія працавалі ў 20‑м годзе, абрынулі: што ўсё не так зрабілі, варта было тое, варта было сёе… І потым такі кантрольны стрэл у галаву, апошняе пытанне: а як вы ўспрымаеце асабіста лета 20‑га года?

І ўсе гэтыя крытыкі, усе хто мне кажуць, што трэба было штосьці інакш рабіць, яны кажуць: «Ну, гэта было супер класна. Гэта самыя светлыя адчуванні, гэта ўздым нацыі». Усё, мне больш нічога не трэба. Калі так чалавек адчувае, не важна, што ён далей кажа».

Чаму Знака не было на першай прэс-канферэнцыі пасля вызвалення

Згадваючы прэс-канферэнцыю, якая адбылася на другі дзень пасля вызвалення, Максім Знак адзначае, што прапанову прыняць у ёй удзел вызваленыя палітвязні абмяркоўвалі між сабой:

«Мы дамаўляліся пра тое, што [паколькі] зараз ідуць перамовы з амерыканскім бокам наконт вызвалення нашых таварышаў, якія засталіся там… Мы дакладна ведалі, як працуе гэта ўсё ў адміністрацыі ўстаноў і іншых супрацоўнікаў. Яны будуць дакладна глядзець першыя словы, якія будуць сказаны, і што кожнае неасцярожнае слова можа вельмі істотна паўплываць на лёс іншых людзей».

Па словах Знака, было вырашана, што на прэс-канферэнцыю пойдуць толькі тыя, хто лепш падрыхтаваны, а найбольш балючыя тэмы — магчымых катаванняў, санкцый, вайны — пакуль не будуць уздымацца. Пра іх можна будзе выказацца пазней, калі «будзе больш добры псіхічны стан і больш інфармацыйнае поле запоўненае».

Як прызнаецца Максім, асабіста ён мог выступіць на гэтай прэс-канферэнцыі, і ўсё для гэтага было падрыхтавана. Аднак у выніку сам прапанаваў не выходзіць на сцэну, бо там ужо было некалькі прадстаўнікоў былога штаба — сам Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава. На яго думку, прысутнасць яшчэ аднаго чалавека з той жа каманды прывяла б да відавочнай разбалансаванасці. Таму ён вырашыў застацца ў зале:

«Я проста сказаў: «Гэта будзе дрэнна выглядаць, давайце я проста вось тут пасяджу і пачакаю».

Пры гэтым Знак падкрэслівае:

«Зараз усе кажуць: «Які ты малайчына». Я кажу, што я не малайчына, я сядзеў у зале, і калі б я быў на сцэне, я таксама б прытрымліваўся тых дамоўленасцей, якія былі зроблены разам з усімі вязнямі. Гэта не значыць, што пасля нельга сказаць тое, што думаеш. Гэта проста значыць, што ў той момант вось так было зроблена. Можа, мусілі мы па-іншаму зрабіць, але мы так дамовіліся».

Неверагодная ноч вызвалення

Згадваючы гісторыю свайго вызвалення, Максім прыгадаў, што за дзень да гэтага ў камеру да яго раптам падсялілі новага суседа. Знак падумаў, што гэта азначае, што ніякага хуткага вызвалення не будзе і давядзецца сустракаць Новы год у зняволенні. Яны пазнаёміліся па звычайным турэмным парадку: павіталіся, назвалі імёны, артыкулы і тэрміны. Сусед сказаў, што павінен выйсці ў 2028 годзе, і спытаў, калі выходзіць Знак.

Максім згадвае, што пажартаваў: «Тут такая сітуацыя — альбо ў 2030-м, альбо заўтра. (…) Можа, паслязаўтра».

Сусед пасмяяўся, а пазней, калі яны клаліся спаць, яшчэ раз спытаў, ці сапраўды Максім можа выйсці заўтра. Той адказаў: «Ну так, выходжу заўтра, чаму не? Калі атрымаецца, будзе файна».

«У 2:45 ночы нас падымаюць, заходзяць усе гэтыя людзі з адміністрацыі, афіцэры, кантралёры. Заходзяць яны згодна з рэгламентам, у іх дручкі павешаныя на плячы. Бо ну мы ж небяспечныя, мы ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу — НН) знаходзімся, там трэба асаблівыя меры кантролю. (…) Калі яны зайшлі разам, запоўнілі сабой усю гэтую камеру, я яшчэ паспеў паглядзець на свайго новага суседа і злавіць яго позірк. У позірку быў жах».

Як тлумачыць Знак, новы сусед, відаць, падумаў, што зараз іх абодвух чакае пакаранне.

«Ён ужо ведаў, што ў мяне ёсць пэўная палітычная гісторыя, і відавочна было, што ён вельмі моцна перажываў за тое, што ён апынуўся ў такім становішчы, дзе яго зараз не могуць не зачапіць. А яму кажуць: «Так, вы зараз спакойненька, ціхенька кладзіцеся спаць». Ён спакойненька, ціхенька лёг, але не спаў. А мне кажуць: «А ты ўжо збірайся».

Такім чынам, кажа Максім, стала зразумела, што яго вызваляюць. Для суседа, па словах Знака, гэта стала псіхалагічнай траўмай:

«І я таксама лаўлю яго позірк. І ў гэтым позірку вельмі складана сказаць, што за пачуццё. Пачуццё такое: «Ну ты і навалач! Што ж ты са мной робіш?» Толькі што чалавек выходзіў у 2028-м, я ў 2030-м… І тут вось гэты жарцік пра заўтра раптам стаў праўдай». Гэта псіхалагічная траўма. Я спадзяюся, што ўсё [з ім] будзе добра, але вось атрымалася так».

Дзе шукаць нацыянальную ідэю

Максім Знак раіць тым, хто шукае нацыянальную ідэю, звярнуцца да ўступу, які класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч напісаў да сваёй кнігі «Дудка беларуская».

«Там усё напісана. Вось у прадмове да «Дудкі беларускай» ёсць тры асноўныя пункты. Першае: ён піша, што наша мова «не мужыцкая якая, а такая ж добрая, як і іспанская, нямецкая, французская». (…) А другі пункт — самая вядомая цытата: «(…) не пакідайце ж мовы беларускай, каб не ўмерлі». Гэта ідэя такая паралель медычна дакладная, што калі ўжо мову адняло, дык і ўсё, больш нічога не дапаможа».

Трэці аспект ідэі Багушэвіча Максім лічыць асабліва актуальным для сучасных беларусаў у эміграцыі.

«Трэцяя яго думка — ён кажа, дзе Беларусь знаходзіцца. Там, дзе ёсць беларуская мова. Зараз так аказалася, што шмат хто з беларусаў тэрытарыяльна знаходзіцца не ў межах Беларусі, але калі пачытаць прадмове да «Дудкі беларускай», то нішто не замінае лічыць, што Беларусь там, дзе ты знаходзішся. І таму рабіць усё, што трэба для таго, каб гэтая Беларусь квітнела».

Самы складаны выбар

Адказваючы на пытанне пра самы складаны выбар, які трэба было зрабіць у зняволенні, Максім згадвае выпадак, які адбыўся ў час яго знаходжання ў ПКТ, калі ён знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада. У нейкі момант да яго прыйшоў следчы і заявіў, што хоча задаць пытанні па справе: маўляў, адна жанчына пісала яму лісты, і трэба растлумачыць, хто яна.

Знак зразумеў, што пачынаецца новая хваля пераследу — калі людзей пачынаюць судзіць нават за простую падтрымку палітвязняў, за ліставанне з імі. Тады ён адмовіўся размаўляць са следчым і падпісваць якія-небудзь паперы, нават дакумент пра адмову ад подпісу.

«Гэта быў такі цікавы момант. Ён кажа: «Ну падпішы, што ты адмаўляешся». Кажу: «Не. Што я ні зраблю, вы гэта будзеце выкарыстоўваць для таго, каб добрых людзей саджаць у турму. Таму я з вамі ніякай супрацы рабіць не буду».

Аднак сапраўды цяжкі выбар давялося зрабіць пасля гэтага. Як тлумачыць Максім, у яго быў сшытак, у якім ён вёў своеасаблівую «бухгалтэрыю» перапіскі: запісваў імёны і адрасы людзей, што пісалі яму лісты, і адзначаў, колькі лістоў атрымаў і колькі адказаў.

Калі Максім зразумеў, што гэтыя спісы могуць стаць падставай для пераследу людзей на волі, ён прыняў радыкальнае рашэнне.

«Гэта вельмі дарагі мне быў сшытак, бо там была ўся мая гісторыя ліставання. І вось самы складаны выбар быў тады і цяжкі, калі я вырашыў яго знішчыць. Я яго там знішчыў, каб яго больш не было, каб ніхто не змог прачытаць. Вядома, у іх ёсць усе гэтыя звесткі, але калі гэта ў мяне, то я за гэта адчуваў адказнасць. І знішчыў».

Што здзівіла пасля вызвалення

Максім прызнаецца, што пасля выхаду на волю яго ўразіў маштаб страху, які прасякнуў беларускае грамадства:

«Мне здаецца, што вельмі шмат змянілася і ў гэтым сэнсе. Бо некаторыя нават мае сябры кажуць: «Слухай, мы табе рады вельмі, але… але нават там сустрэцца папіць кавы — гэта ўжо, ну, ёсць пытанне». Ці сябры з Беларусі… Я нікога не турбую сваімі паведамленнямі, бо я ведаю, што калі яны не пішуць, гэта значыць, што пэўна ёсць нейкія ў іх страхі».

Як даводзіць Максім, цяпер ён інакш ацэньвае падтрымку, якую атрымліваў у першыя гады зняволення.

«Калі я зараз з 2026‑га гляджу ў 2020-ы, у 2021-ы, тады я проста быў удзячны за падтрымку. А зараз усім тым, хто прыходзіў, усім тым, хто выходзіў, усім тым, хто пісаў лісты, усім тым, хто рабіў гэтыя акцыі… Гэта таксама подзвіг, бо яны рызыкавалі не менш, чым мы ўсе. І яны не мелі ніякіх абавязкаў гэта рабіць, яны гэта рабілі для мяне, і гэта вельмі-вельмі-вельмі кранальна».

Гісторыя прадзеда

Падчас інтэрв’ю Максім Знак згадаў трагічны лёс свайго прадзеда, які стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. Паводле яго слоў, прадзед быў арыштаваны і расстраляны ў 1937 годзе. Ёсць верагоднасць, што яго пахавалі ў Курапатах.

Максім кажа, што адпаведна з дакументамі, яго прадзеда трымалі ў турме Чэрвеня, а на расстрэл павезлі ў Мінск. Дакладнае месца пахавання невядома. Толькі дата: «прысуд прыведзены ў выкананне ў 37‑м годзе 11 лістапада».

Пазней прадзед быў рэабілітаваны. У пэўны час сваякі маглі азнаёміцца з яго крымінальнай справай у КДБ. Частка матэрыялаў была прыхаваная — у тым ліку даносы і дакументы пра людзей, якія вялі справу. Аднак сям’і паказалі пратаколы допытаў і фотаздымкі.

«Мы бачылі, што там на гэтых лістах ёсць кроплі крыві, і на фатаграфіях бачым, што ён быў збіты. Мы пачыталі, якія пытанні яму ставілі, і тое, што ён так і не падпісаў, што ён вінаваты ў тым, што ён белапольскі шпіён, што ён казаў дрэнна пра савецкую ўладу».

Знак расказвае, што махавік рэпрэсій захапіў усю сям’ю прадзеда. У прадзеда было яшчэ трое братоў — іх называлі «браты Каласкі». Яны жылі каля вёскі Нежаўка ў Чэрвеньскім раёне і мелі там хутары. Зямлю калісьці набыў іх бацька Іван, і браты паступова пабудавалі на ёй чатыры гаспадаркі. Калі жыццё наладзілася, браты нават у складчыну купілі для вёскі маслабойку.

Аднак менавіта ў той час пачаліся рэпрэсіі. Старэйшага брата адразу саслалі на Урал. З астатнімі, па словах Максіма, «таксама асабліва не цырымоніліся». Прадзед Аляксандр не стаў чакаць арышту: пакінуў маёмасць і пераехаў у Смалявічы, дзе пачаў працаваць цесляром.

Там ён пабудаваў новы дом. Паводле сямейнага падання, дом спадабаўся аднаму аператыўніку. Пасля гэтага і з’явілася крымінальная справа.

Што дае надзею

На пытанне Аляксандра Івуліна, адкуль у Знака аптымізм, Максім адказаў, што, нягледзячы на частыя размовы пра паўтарэнне гісторыі, у свеце ўсё ж існуе паступовы рух да гуманістычных каштоўнасцей. Паводле яго, змены адбываюцца нават у тых краінах, дзе няма моцных дэмакратычных традыцый. Таму яго аптымізм, кажа ён, мае пад сабой пэўныя падставы.

Разам з тым Знак прызнаецца, што аптымізм — гэта яшчэ і практычны выбар чалавека, які хоча жыць, а не пакутаваць.

«Уяві, калі мы будзем песімістычна настроеныя, то так сумнавата будзе. А калі аптымістычна — то «не атрымалася, наступным разам атрымаецца!» (…) Мне здаецца, што перажыванне з-за таго, што не атрымалася, значна хутчэй сканчваецца, чым канстантнае перажыванне, што нічога ніколі не атрымаецца. Вось калі ты жывеш з гэтай думкай кожны дзень, напрыклад, 10 гадоў, то ў цябе 10 гадоў пакут.

Калі ты штосьці рабіў 10 гадоў з натхненнем, у цябе 10 гадоў шчасця. А потым калі не атрымалася — ну там у каго як. Але кажуць, што б ні адбылося, праз тры месяцы мы зноў будзем шчаслівыя. Гэта даследаванне вядомае, калі даследавалі і тых, хто выйграў латарэю, і тых, хто патраў пад цягнік. Вось праз тры месяцы прыкладна аднолькавы ўзровень іх нармальнага стану рэчаў. Таму я за тое, каб быць шчаслівым, а калі не атрымаецца — ну крыху пасумаваць, а потым зноў быць шчаслівым».

Чытайце таксама:

Максім Знак напісаў першы пост пасля вызвалення: «Я вярнуўся»

Максім Знак наведаў спектакль «Зэкамерон», пастаўлены па ягонай кнізе, напісанай у СІЗА

Як прайшла першая творчая сустрэча з Максімам Знакам

Каментары да артыкула