Грамадства66

Як прайшла першая творчая сустрэча з Максімам Знакам

Паслухаць таленавітага юрыста і былога палітзняволенага прыйшоў і паэт Уладзімір Някляеў.

Максім Знак і Таццяна Нядбай, мадэратарка сустрэчы. Скрыншот трансляцыі: BellitInternational / YouTube

Бліжэй да пачатку сённяшняй сустрэчы з Максімам Знакам у невялічкай залі варшаўскага Музея Вольнай Беларусі становіцца цеснавата. Яшчэ за паўгадзіны да выступу людзі пачынаюць паволі падцягвацца. Сярод гасцей можна заўважыць паэта Уладзіміра Някляева і былую палітзняволеную, ранейшую галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву.

У межах Міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова (13‑15 лютага) у польскую сталіцу з’ехаліся выдаўцы, кнігараспаўсюднікі, музыкі, але перадусім — паэты і перакладчыкі, якія прэзентуюць плён сваёй працы за мінулы год.

Пры ўваходзе — стол з кнігамі і партрэт выдаўца Рамана Цымберава, які памёр 10 лютага ў Мінску ад наступстваў інсульту. Побач — кветкі. У гэтай дэталі — нешта вельмі невыпадковае: літаратура тут не толькі пра вялікія сэнсы, але і пра супольнасць.

Калі Максім Знак выходзіць да мікрафона, ён, пасля многіх дзён у камеры, жартаўліва прызнаецца:

«Я люблю камерную атмасферу. Не разлічваў, што тут будзе так многа людзей».

Гэта першая творчая сустрэча з ім пасля вызвалення.

У зале згадваюць традыцыю пустых крэслаў. Пустое месца ў першым радзе і крэслы з фотаздымкамі палітзняволеных журналістаў, пісьменнікаў, якія стаяць побач з выступоўцамі — як знак тых, хто не можа быць тут. «Асобнае пустое месца — гэта не чалавек, гэта забраныя рукапісы», — кажа Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа.

Максім Знак гаворыць спакойна, з лёгкай іроніяй. Жартуе, што адзіны тэкст, які змог вынесці — цюбік зубной пасты. Іншыя рукапісы адабралі. За час зняволення ён падрыхтаваў 22 кніжныя праекты, 18 завершаных.

«Проста ўявіце: ёсць тры гады — і тры гады няма што рабіць. Пяць тысяч старонак. І ў кожную клетачку кожнага аркуша нешта напісана».

«Зэкамерон» Максіма Знака, зборнік яго турэмнай творчасці, быў выдадзены, пакуль юрыст яшчэ знаходзіўся за кратамі

Тэксты з’яўляліся ў галаве — і адразу клаліся на паперу. Быў нават мюзікл, рукапіс якога ён адправіў, не будучы ўпэўненым, што той калі-небудзь дойдзе, але ён дайшоў.

Перад тым як пачаць кнігу, Знак маляваў графікі, таймлайны, складаў пазлы з кавалкаў тэксту. Але ёсць і іншы літаратурны прынцып, якім спрабаваў карыстацца Максім:

«Можаш не пісаць — не пішы. Мне здаецца, што я ўсё ж не магу».

Вершы з такіх месцаў — гэта сублімацыя. Яны рэдка бываюць светлымі, тлумачыць Знак.

«Чым складанейшая сітуацыя, тым больш атрымліваюцца вершы. Калі разумееш, што ўсё, што ў цябе было ў жыцці, дагэтуль з табой і ніхто гэтага не забярэ, — гэта вельмі цешыць».

За час у зняволенні юрыст паспеў прачытаць 1596 кніг.

Ён згадваў і іншыя гісторыі. Пра зняволенага гадоў з пяцідзесяці, які плакаў і крычаў «Мама, забяры мяне», пра музыку, якую ўключалі на невыноснай гучнасці.

У адказ на пытанне Нядбай пра сваё вызваленне іранізуе:

«Адкуль я ведаю, з якім статусам мяне вызвалілі? Мо, я збег? Я прачытаў у інтэрнэце, што гэта памілаванне. Але нават даведку аб тым, што мяне вызвалілі, не далі, як і пашпарт».

На волі, кажа Знак, час паскорыўся. Думаў, будзе адразу аднаўляць па памяці рукапісы, але пакуль заняты прыемнымі сустрэчамі з людзьмі. З рукапісаў за два месяцы ён паспеў аднавіць толькі адзін.

Да 2020‑га Максім спяваў і пісаў песні для душы. Упершыню ж без гітары пачаў пісаць песні ў ШІЗА. Напрыканцы выступу ён выконвае слухачам аўтарскую, напісаную ў турме песню «Андалузка», а пасля — «Yesterday» The Beatles ва ўласным беларускім перакладзе.

Яго вызвалілі і дэпартавалі каля двух месяцаў таму. І вось цяпер ён сядзіць пасярод залі ў Варшаве — перад людзьмі, якія, як і ён, былі вымушаныя пакінуць сваю краіну. У гэтай прасторы — без турэмных камер, без нагляду — ён зноў чытае вершы і спявае песні. І зала слухае так, быццам кожнае слова — доказ таго, што галоўнае ў чалавека забраць усё ж немагчыма.

Каментары6

  • Адчуваю павагу
    14.02.2026
    Годны, моцны, адукаваны беларус!
  • ноа
    14.02.2026
    Павага спадару Знаку!
  • Rubicon
    14.02.2026
    Ані відэа сустрэчы , ані мікрафонау́ , ані вады на сталах , ані Нацыянальнага Сьцяга й Гэрба .

Цяпер чытаюць

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка2

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі абнавілі публічную кадастравую карту

Трамп: Расія паводзіла сябе цалкам нармальна ў дачыненні да Украіны54

Акадэмію навук чакаюць вялікія змены3

Расіяне ўдарылі па парку ў Харкаўскай вобласці. Пяцёра загінулых, у тым ліку немаўля ў вазку6

Лідара кенійскай секты прызналі вінаватым у смерці 190 дзяцей. Ён прымушаў бацькоў марыць іх голадам7

Вілу каля Мінскага мора за 4,45 мільёна даляраў купіла кампанія, звязаная з «кашальком Лукашэнкі» Вараб'ём6

У падпале станцыі Starlink у Балгарыі падазраюць двух грамадзян Германіі2

Пад Мінскам аўтакран упаў на чыгуначныя рэйкі і збіў рух па лініі

Лідару каталонскіх незалежнікаў дазволілі вярнуцца ў краіну3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка2

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць