БЕЛ Ł РУС

Муляра з Жодзіна асудзілі па справе Гаюна і за «абразу» Лукашэнкі

3.04.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Ігар Нейман шмат гадоў займаўся будаўніцтвам дамоў, а ў вольны час корпаўся ў машынах. Нядаўна яго асудзілі па двух палітычных артыкулах.

Ігар Нейман. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Ігару Нейману 39 гадоў. Ён жыве ў Жодзіне. Доўгі час мужчына працаваў у сферы прыватнага будаўніцтва: разам з камандай узводзіў катэджы ў родным горадзе, а таксама ў Мінску і Барысаве. Пасля ён сам працаваў мулярам, клаў і блокі, і цэглу.

Асобным захапленнем Ігара былі аўтамабілі. У яго раней быў старэнькі аўтамабіль Renault 11, які ён цюнінгаваў і рамантаваў сам ды раіўся з экспертамі на форумах пра асаблівасці гэтага аўто.

Нядаўна Мінскі абласны суд вынес мужчыну прысуд паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама па частцы 1 артыкула 368 КК (абраза Лукашэнкі). Пераслед па артыкуле 361-4, хутчэй за ўсё, звязаны са справай Гаюна.

Ігару прысудзілі хатнюю хімію. Дакладны тэрмін і акалічнасці затрымання пакуль невядомыя.

***

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

Справа Гаюна пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Заснавальнік Гаюна Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвясціў пра закрыццё праекта. 

Чытайце таксама:

Супрацоўніцу Універсітэта культуры асудзілі за палітыку

Вызваленым палітвязням пастфактум анулявалі пашпарты

Былому топ-менеджару ProStore і IT-кампаніі далі тры гады калоніі па палітычным артыкуле

Каментары да артыкула