БЕЛ Ł РУС

Лявон Вольскі: «Калі хто думае, што з сённяшнімі спадкаемцамі савецкіх катаў ды забойцаў можна пра нешта дамаўляцца, ён жорстка памыляецца»

28.10.2026 / 20:01

Nashaniva.com

З нагоды набліжэння Ночы расстраляных паэтаў спявак Лявон Вольскі параўноўвае сённяшнія рэпрэсіі ў Беларусі з крывавым тэрорам 1930‑х гадоў у БССР. Рэпрэсіўная машына ў РБ практычна не змянілася са сталінскіх часоў і пакуль паспяхова працуе. Але ці магчыма сёння схаваць праўду, гэтаксама як пры Саветах, і што ўрэшце, на думку Лявона Вольскага, можа «абрынуць, здавалася б, непахісную ўладу ў РБ»? Пра гэта ён піша на Budzma.org.

Лявон Вольскі

Крывавы тэрор, прысыпаны жоўтым пясочкам

Набліжаецца Ноч расстраляных паэтаў. У 1937 годзе, у ноч з 29 на 30 кастрычніка, ва ўнутранай турме НКВД былі расстраляныя болей за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. 

Пра гэта сарамліва маўчалі за Саветамі. Камуністы наагул не мелі звычкі каяцца за свае злачынствы. Максімум — «перагібы». А тое, што ад гэтых «перагібаў» гінулі тысячы, дзясяткі, сотні тысяч ні ў чым не вінаватых людзей — дык гэта «час быў такі». І ўсё. Ідзем далей. А гэтыя злачынствы цягнуцца за прадстаўнікамі ўлады доўгім брудна-чырвоным шлейфам па жоўтым пясочку…

Начальнікі маўчалі, і народ, гледзячы на іх, маўчаў. А калі ўсе маўчаць, дык, можа, нічога і не было?

Праўда лезе праз усе магчымыя шчыліны

Цяперашняе кіраўніцтва РБ з задавальненьнем выкарыстоўвала б гэтую старую тактыку. Але часы ўжо не тыя — інтэрнэты, айфоны-плафоны, і ўсё такое — праўда лезе да публікі праз усе магчымыя шчыліны, яе не схаваеш, не прысыпеш жоўтым пясочкам. 

Гэта ўжо далёка не савецкая падводная лодка, з якой нікуды не ўцячэш, дзе ёсць некалькі дзяржаўных газет, радыёкропка і тры тэлевізійныя праграмы, якія распавядаюць табе, як добра, насамрэч, ты жывеш, не тое, што прыгнечаныя чарнаскурыя ў Амерыцы!

Крывадушная гульня

Але ўлада РБ працягвае гуляць у крывадушную гульню — пра СССР альбо добра, альбо нічога (у арыгінале да «альбо нічога» дадаецца «апроч праўды», але гэтыя словы недзе згубіліся разам з сэнсам афарызму). Таму прапагандысты і агітатары абрынаюцца з крытыкай (насамрэч з крыкамі і лаянкай) на тых («збеглых», бо ў РБ ніхто ўжо не наважыцца), хто яе ўшаноўвае, маўляў, «палітыканства, ачарняльніцтва гераічнай савецкай мінуўшчыны, спроба раскалоць грамадства, разыгрыванне карты ахвярнасці» — звыклы набор нясвежых ідэалагічных штампаў. 

Абрынаюцца «рупары рэжыму» і на ахвяраў тэрору — яны і «нацдэмы», і «самі вінаватыя, бо пісалі даносы»…

За савецкім часам малаінфармаваны народ (усе звесткі атрымлівалі з «варожых галасоў» і нягучных, паўшэптам, размоваў на кухнях) падазрае, што нешта не так, у фільмах і тэлеперадачах паказваюць адно жыццё, а наяве яно моцна адрозніваецца ад бадзёрай карцінкі, а ў РБ людзі выдатна ведаюць, што і як рабілася за савецкім часам, што і як робіцца цяпер — у свеце і Беларусі, але вымушана гуляюць у лаяльнасць, бо рэпрэсіўная сістэма з тых самых сталінскіх часоў мала змянілася і пакуль што працуе без збояў — пасля прафесійнага ўздзеяння ты дакладна прызнаешся ў тым, што табе інкрымінуюць, якія б фантастычныя ні былі абвінавачанні. 

Гэта тое, што ўрэшце абрыне, здавалася б, непахісную ўладу ў РБ — хлусня, недагаворванне, крывадушша, замоўчванне… Замест ідэалогіі — гераізацыя савецкага мінулага, а ўсім вядома, што той час не складаўся адно з чырвоных гваздзікоў і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Нават тыя, хто настальгічна ўспамінаюць Савецкі Саюз як час сваёй маладосці, актыўнасці ды весялосці, усё адно ў глыбіні душы ведаюць, як усё было насамрэч.

Спадкаемцам катаў нельга верыць

Савецкай уладзе, як і цяперашняй уладзе РБ, нельга верыць. «Сёння пачалася беларусізацыя — вяртайцеся з-за мяжы, далучайцеся да стварэння новай краіны!» — бадзёра заклікала маладое імпэтнае начальства на чысцюткай беларускай мове. Колькі палітычных уцекачоў паверыла эмацыйным запросінам савецкай улады і вярнулася ў Беларусь, каб спрычыніцца, стаць на чале, каб не быць убаку ад нацыятворных працэсаў! І які лёс іх чакаў у выніку? 

Малюнак Лявона Вольскага

І калі хто думае, што з сённяшнімі спадкаемцамі тых катаў ды забойцаў можна пра нешта дамаўляцца, ён жорстка памыляецца. Бо савецкія крытэры застаюцца нязменныя — ёсць улада, і для ейнага захавання усе сродкі добрыя. І ўсё. Болей нічога няма.

* * *

Тэксты ў рубрыцы «Меркаванні» могуць супадаць, а могуць і не супадаць з пазіцыяй Рэдакцыі.

Чытайце таксама:

Латушка: Перамовы па Украіне могуць адкрыць магчымасці для Беларусі. Дэмсілы павінны быць за сталом

Бабарыка расказаў, як хадзіў у КДБ знаёміцца са справай свайго рэпрэсаванага дзеда, які мог быць расстраляны ў Курапатах

Ціханоўская пракаментавала зварот часткі палітвязняў да кіраўніцтва краін ЕС

Статкевіч на зварот Золатавай і Калеснікавай: Ён абясцэньвае пакуты і ахвяры, гэта ідэалогія прыстасаванства

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў

Каментары да артыкула