Меркаванні100100

Статкевіч на зварот Золатавай і Калеснікавай: Ён абясцэньвае пакуты і ахвяры, гэта ідэалогія прыстасаванства

Палітык і экс-палітвязень у сваім тэлеграм-канале пракаментаваў зварот групы былых палітвязняў да еўрапейскіх лідараў.

Фота: Lookby.Media

«Група былых палітвязняў звярнулася да вольных краін Еўропы з палымяным заклікам прыняць больш актыўны ўдзел у гандлі беларускімі палітвязнямі ў якасці пакупнікоў, — піша Мікалай Статкевіч.

 — Тэма амаль бяспройгрышная, бо хто ж супраць вызвалення невінаватых? Такія заклікі будуць станоўча ўспрынятыя не толькі самімі палітвязнямі і іх блізкімі, што цалкам зразумела.

Яны будуць станоўча ўспрынятыя і рэжымам, які трымае палітвязняў у зняволенні і пастаянна папаўняе іх шэрагі, што робіць удзел у звароце, як мінімум, бяспечным.

Стаўленне рэжыму таксама зразумелае: чым больш пакупнікоў, тым большая выгада прадаўцу. А з папаўненнем запасаў «тавару» праблем няма.

Самі прыхільнікі ажыўлення рынку палітзняволеных, акрамя медыйнага эфекту, спрабуюць звярнуць на сябе ўвагу палітычных эліт краін прытулку, што для ўцекачоў таксама нямала.

Такія прапановы былі і яшчэ будуць якраз з-за пералічаных тут прычын. Таму я нават не хачу абмяркоўваць іх тут. Але іх абгрунтаванне заслугоўвае ўвагі.

Напрыклад, «Няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё». Тут ініцыятары звароту замянілі адно слова. Замест «чалавечае» больш сумленна было б напісаць «маё».

Такая падмена невідавочная ў вольных развітых краінах, дзе можна пражыць жыццё і ні разу не сутыкнуцца з сітуацыяй, калі прыходзіцца выбіраць паміж сваім жыццём і жыццём іншых людзей.

У гісторыі ўсіх ацалелых народаў такі выбар паўставаў шматкроць, а ў многіх іншых краінах свету ён можа паўстаць і зараз. Што абралі б тыя, хто напісаў у звароце пра бясспрэчны прыярытэт чалавечага выжывання? Адказ для мяне відавочны.

Хоць аўтары звароту ігнаруюць важнасць ідэалогій — гэта значыць ідэалаў, каштоўнасцей або перакананняў, — яны насамрэч прапагандуюць самую старую і масавую ідэалогію – ідэалогію выжывання і прыстасавання любой цаной. Адэпты такой ідэалогіі складаюць апору кожнага рэпрэсіўнага рэжыму, бо дзеля ўласнага дабрабыту і самазахавання яны гатовыя на парушэнне любых нормаў чалавечай маралі. Ці проста на пакорлівае ігнараванне такіх парушэнняў.

Яшчэ аўтары звароту сцвярджаюць, што «ніякая палітычная мэта не вартая здароўя і жыцця людзей». Пры гэтым яны, відавочна, маюць на ўвазе палітычныя мэты свабоды людзей і незалежнасці краін.

Я ўпэўнены, што менавіта распаўсюд гэтай тэзы з'яўляецца адной з галоўных задач сапраўдных аўтараў звароту, што не здымае адказнасці з астатніх, якія далучыліся з-за «гуманных мэтаў» і «паважанай» кампаніі.

Абясцэніць пакуты і ахвяры змагароў за свабоду Беларусі, свабоду і незалежнасць Украіны, свабоду ўсіх паняволеных краін свету ва ўсе часы, дыскрэдытаваць гэтыя каштоўнасці, зменшыць колькасць іх прыхільнікаў — вось сапраўдная мэта сапраўдных аўтараў звароту, які абражае мяне асабіста, а таксама вялікую колькасць вельмі годных людзей. Як жывых, так і мёртвых.

Свядомыя ці несвядомыя выканаўцы гэтай спецаперацыі нават не пераймаюцца тым, што жывуць на ўтрыманні і пад абаронай народаў вольных ды заможных краін, якія сталі такімі дзякуючы барацьбе за свабоду сваіх нацыянальных герояў.

Дыскрэдытуючы ўсе «палітычныя мэты» агулам, вы не абмінаеце і тыя ідэалы ды каштоўнасці, якія далі краінам, што вас прынялі, матывы зрабіць гэта. Бо вас палічылі паслядоўнікамі ўласных шанаваных герояў.

Яшчэ можна неяк патлумачыць, чаму вы разлічваеце беспакарана гадзіць на магілы змагароў за свабоду сваёй краіны, на магілы загінулых за незалежнасць Украіны.

Але калі вы робіце тое ж у адносінах да змагароў за свабоду краін, што далі вам прытулак, то няўжо вам не сорамна ці, дакладней, не страшна? А мо менавіта ваша ідэалогія і падштурхоўвае вас да гэтага?

Каментары100

  • Рэчаіснасць
    28.10.2026
    Коля, ты паклаў сваё жыццё на бясконцае сядзенне ў вязніцах, плёну якога няма. Дзе ты быў, калі людзі выйшлі ў 2020 зрынаць зграю? Не хапіла глуздоў, каб схавацца ад хунты і узначаліць узяццё Акрэсціна? Дык людзі не выходзілі, каб сядзець у турмах дзесяцігоддзямі. Яны палонныя гульняў і псеўданамаганняў пермагчы такіх дзеячоў, як ты і цырк Ціханоўскай. А палонных, Коля, трэба вызваляць. Нават падчас вайны Ўкраіна рупіцца пра сваіх людзей, разумнік ты наш на эшафоце.
  • Вуйка
    28.10.2026
    Я ўрэшце зразумела, чым мяне пужае гэты адкрыты ліст. Ён напісаны настолькі расплывіста, што будзіць падазрэнні ў наяўнасці "сакрэтнага пратакола". Вуснага ці пісьмовага, не так важна. Але нешта такое, як у пакта Молатава - Рыбентропа, мяркую, ёсць. З пералікам канкрэтных захадаў, якія ЕС мог бы ўжыць дзеля вызвалення часткі (толькі часткі) палітвязняў. Зняцце санкцый, прызнанне лукашэнкі прэзідэнтам і ўсё такое. І ў выніку -- каб ЕС трактаваў Беларусь як, напрыклад, Азербайджан. (Здаецца, пра "азербайджанізацыю" нешта ў адэптаў "нармалізацыі" ўжо і гучала). То бок: рэпрэсіі -- будуць, палітвязні -- будуць, ніякай адлігі, дыктатура ва ўвесь рост, уся ўлада -- у руках адной сям'і. Ну але ЕС глядзіць на гэта паблажліва, сям'я рукапаціскальная. Вось гэта ўсё, ёсць адчуванне, цяпер і будзе прасоўвацца з дапамогай ліста ў высокіх еўрапейскіх калідорах. З поўным абнуленнем 2020-га і яго ахвяр.
  • 2+2
    28.10.2026
    Николай, берегите себя, вы - лучший человек в этой стране!

Цяпер чытаюць

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Папа Леў XIV прыняў Боба Дылана. Той фатаграфаваўся ў капюшоне1

Галоўнага ідэолага Белчыгункі адправілі на пенсію — а ён знайшоў новую працу13

Вэнс заклікаў Трампа пачаць перамовы з Іранам, каб спыніць вайну15

Хакеры спрабавалі размарозіць халадзільнікі з донарскай крывёй у Францыі

Віцебскі вядучы пажартаваў на закрытым мерапрыемстве. Праз дзве гадзіны да яго прыехала міліцыя праз данос37

Стары тэлескоп NASA, які важыў паўтары тоны і які няўдала спрабавалі выратаваць, упаў на Зямлю1

У Мінску ў «сакрэтным» доме прадаюць кватэру за $1,5 мільёна7

Дызельная ўгода Трампа з Расіяй пад пагрозай зрыву5

Кушнер расказаў, якога міру ЗША хочуць для Украіны8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну88

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць