Грамадства1717

Бабарыка расказаў, як хадзіў у КДБ знаёміцца са справай свайго рэпрэсаванага дзеда, які мог быць расстраляны ў Курапатах

Банкір так і не даведаўся, хто напісаў данос на яго дзеда.

Віктар Бабарыка. Скрын відэа: memorialpolska / YouTube

Былы палітвязень, банкір і экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка ў інтэрв'ю польскаму «Мемарыялу» згадаў размову ў КДБ, куды хадзіў даведацца больш пра свайго рэпрэсаванага дзеда. Дзякуючы свайму статусу старшыні праўлення Белгазпрамбанка ён змог дамовіцца пра сустрэчу.

«Выйшаў малады хлопец, маёр. Мы з ім пагаварылі, ён мне прынёс справу, але не даў яе ў рукі. Была праблема, не ведаю, наколькі праўдзівая, што значная частка архіва была страчаная, у тым ліку нейкія паперы па маім дзедзе», — расказвае Бабарыка.

Паводле былога банкіра, яму вельмі хацелася даведацца, хто напісаў данос на дзеда. Паводле яго слоў, у сям'і існавалі розныя версіі таго, хто мог гэта зрабіць. Аднак супрацоўнік КДБ «не даў прачытаць нічога асаблівага».

«Я пытаюся: «Чаму нельга паглядзець?» (…) Ён кажа: «Таму што, магчыма, вы будзеце помсціць сваякам». Я кажу: «Вы ўяўляеце сабе, што праз тры-чатыры пакаленні ў кагосьці ўзнікне жаданне кагосьці абвінаваціць?» — «Не, мы не можам».

«Дайце мне даведку, каб я звярнуўся ў польскую разведку па заробак дзеда»

Але, па словах Бабарыкі, у размове з тым кадэбістам яго больш здзівіла, што малады супрацоўнік органаў дзяржбяспекі праз больш як 70 гадоў пасля расстрэлу чалавека працягваў сур'ёзна разглядаць абвінавачанне, выстаўленае ў сталінскія часы, нягледзячы на пазнейшую рэабілітацыю.

«Я чытаю, што мой дзед быў супрацоўнікам польскай разведкі, дэфензівы. (…) Я кажу: «Я быў у тым лесе, дзе ён жыў, там мала што можна…» І мне малады чалавек на поўным сур'ёзе кажа: «Вы дарэмна так думаеце».

Я паварочваюся да яго, кажу: «У сэнсе, я так дарэмна думаю?» Ён кажа: «Усё можа быць. Вы ведаеце, што ў трыццаць сёмым годзе існавала мяжа паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю? І там наогул па гэтай тэрыторыі былі перамяшчэнні войскаў».

Я на яго гляджу і кажу: «То-бок вы хочаце сказаць, што, нягледзячы на рэабілітацыю, якая была, вы дапускаеце, што гэта магло быць?» І ён мне на поўным сур'ёзе — яшчэ раз паўтару, чалавеку гадоў трыццаць — кажа: «А чаму не?»

Пасля такога адказу Бабарыка вырашыў працягнуць размову ў іранічным ключы:

«Я тады не вытрымаў, кажу: «А вы не маглі б мне даведачку даць, каб я ў польскую разведку звярнуўся па заробак дзеда? Калі ён там быў з трыццаць сёмага года, можа, там нешта назапасілася. Ён жа, напэўна, не проста за ідэю працаваў, і ў мяне ёсць шанец нешта атрымаць ад польскай разведкі».

Паводле Бабарыкі, супрацоўнік КДБ здзіўлена паглядзеў на яго, але ён працягнуў сваю думку.

«Я кажу: «Калі прытрымлівацца вашай логікі і прымаць яе, то я як пацярпелы [нашчадак] польскага разведчыка маю права на кампенсацыю».

Бабарыка адзначае, што ў выніку сустрэчы амаль нічога новага пра дзеда не даведаўся. Аднак размова з супрацоўнікам КДБ прымусіла яго задумацца пра стаўленне людзей у гэтай сістэме да мінулага.

«Я ўпершыню зразумеў, што ў людзей, якія працуюць у гэтай сістэме, некалькі змененая псіхіка. Для іх выяўленыя, даказаныя факты не з'яўляюцца падставай для таго, каб перагледзець сваё стаўленне да спраў сваіх папярэднікаў».

«Я мог ляжаць на тым самым ложку, на якім ляжаў мой дзед»

Па словах Віктара Бабарыкі, яго дзед утрымліваўся ў ізалятары дзяржбяспекі ў Мінску, пасля чаго быў расстраляны ў Курапатах.

Праз шмат дзесяцігоддзяў у тым жа будынку апынуўся і ён.

«У мяне пачуццё, што па нейкім незразумелым для мяне збегу абставінаў я магу знаходзіцца нават у той самай камеры і нават ляжаць на тым самым ложку, на якім ляжаў мой дзед. (…)

Узнікла думка: «Ну вось і зацыклілася». (…) Такое пачуццё дзіўнага вяртання да таго, што было вельмі-вельмі даўно і, здавалася, ужо ніколі не паўторыцца», — заўважае былы палітвязень і дадае:

«Я вельмі спадзяюся, што для майго ўнука гэтая тэма ўсё ж такі скончыцца на мне. На жаль, гэта не скончылася на маім сыне, таму што ён таксама быў са мной у тым самым будынку».

Каментары17

  • БЕРАСЦЬ
    27.10.2026
    І так у кожнага з нас, беларусаў. І на жаль, улада сілаў зла яшчэ не скончылася.
  • Anatol Starkou
    27.10.2026
    Дзеда тату майго таты ведаў я і сустракаўся з ім ў 1970 увесну. Прыехаў да яго ў село под Новосибирск. Ён пасля 1944 перабраўся туды з Беларусі. А тату майго як раз прызвалі ў Савецкую армію. Ведаю як завуць дзеда і як яго імя па бацьку - такім чынам ведаю імя свайго прадзеда па татавай лініі.
    Імя дзеда таты маёй мамы ведаю, а вось як яго імя па бацьку не. І чамусці па жыцці ці то не спытаў маці, ці то забыўся спытаць.

    Шкада што не ведаў што радня ў КГБ хадзіла. Папрасіў бы Виктара спытаць імя па бацьку майго дзеда па матчынай лініі. Можа часам ён дзеда Бабарыкі ведаў. Можа яны радня былі па лініі НКВД, КГБ ці польскай контр разведкі.
  • Вышэй за бога
    27.10.2026
    Мыгчыма, продак таго маладога КДБ-шніка і напісаў данос...

Цяпер чытаюць

«Хлопцы паднеслі мае сумкі — і тут жа паехалі ў ШІЗА». Бабарыка расказаў, як яму стваралі ў турме невыносныя ўмовы6

«Хлопцы паднеслі мае сумкі — і тут жа паехалі ў ШІЗА». Бабарыка расказаў, як яму стваралі ў турме невыносныя ўмовы

Усе навіны →
Усе навіны

Што за любоўны скандал паміж Кацярынай, Ігарам і Карынай абмяркоўвае ўсё Гродна?20

Кірыл Маскевіч стаў двухразовым чэмпіёнам свету па грэка-рымскай барацьбе2

Чаму хлопчык, для якога бацька напісаў «Віні-Пуха», зненавідзеў гэтую кнігу2

Іван Краўцоў расказаў, колькі зарабляе9

«Скарачалі і сеньёраў». Былая супрацоўніца PandaDoc расказала пра звальненні ў кампаніі8

Адданага ябацьку, які абражаў Святлану Ціханоўскую ў Threads, кінулі за краты24

Андрэй Пачобут вяртаецца ў Беларусь на пастаяннае жыхарства ў снежні22

З’явіўся трэйлер фільма з Цілем Швайгерам, які знялі ў Мінску1

У Гомелі аўтобус пакаціўся з прыпынку і знёс ліхтар. Той упаў на два аўтамабілі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Хлопцы паднеслі мае сумкі — і тут жа паехалі ў ШІЗА». Бабарыка расказаў, як яму стваралі ў турме невыносныя ўмовы6

«Хлопцы паднеслі мае сумкі — і тут жа паехалі ў ШІЗА». Бабарыка расказаў, як яму стваралі ў турме невыносныя ўмовы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць