Для навядзення ўдараў па Крымскім мосце Украіна выкарыстоўвала ізраільскі аналаг Starlink
Украінскія вайскоўцы падчас удараў па Крымскім мосце выкарыстоўвалі ізраільскую сістэму спадарожнікавай сувязі HiSKY — альтэрнатыву Starlink. У адрозненне ад Starlink і Starshield, яна працуе як на тэрыторыі Украіны, так і над Расіяй. Гэта дазваляе ўкраінскім вайскоўцам, у прыватнасці, шукаць расійскія пускавыя ўстаноўкі балістычных ракет. Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы паведаміла выданне The Wall Street Journal.
Крымскі мост пасля нанясення па ім удару
Паводле суразмоўцаў выдання, ізраільская сістэма больш складаная ў выкарыстанні і менш аўтаматызаваная, чым спадарожнікавая сувязь Ілана Маска. Для працы з ёй аператарам патрэбныя больш глыбокія тэхнічныя веды. Таму HiSKY цяжка выкарыстоўваць штодня, але яна падыходзіць для асобных асабліва важных аперацый, у тым ліку ўдараў па Крымскім мосце. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пакуль лічыць вынікі атак на мост недастатковымі і патрабуе ад войска яго поўнага знішчэння.
Кампанія HiSKY адмовілася каментаваць гэтую інфармацыю.
Ізраільская кампанія HiSKY, заснаваная ў 2015 годзе, вырабляе кампактныя плоскія тэрміналы, якія працуюць як віртуальны сеткавы аператар. Яны падключаюцца да спадарожнікаў іншых аператараў. У адрозненне ад гэтага, Starlink выкарыстоўвае ўласную сетку SpaceX, якая налічвае тысячы спадарожнікаў на нізкай калязямной арбіце.
З-за такой тэхналогіі хуткасць HiSKY значна ніжэйшая і звычайна не перавышае 1,5—2 Мбіт/с. Гэтага дастаткова для разведкі, карэктавання курсу беспілотнікаў і перадачы сціснутых даных, але недастаткова для паўнавартаснай перадачы відэа або кіравання FPV-дронамі ў рэальным часе.
Праблема пошуку альтэрнатывы Starlink паўстала перад украінскімі вайскоўцамі восенню, калі пачаліся збоі ў працы Starlink і Starshield. Пакуль ніводная з даступных сістэм не можа цалкам замяніць амерыканскую. Заснавальнік украінскай вайскова-аналітычнай групы «Око Гора» Дзмітрый Батэха адзначыў, што некалькі еўрапейскіх сістэм існуюць, але іх разгортванне мае вельмі абмежаваны характар.
Еўрапейскія спадарожнікавыя правайдары, у тым ліку OneWeb кампаніі Eutelsat, маюць значна менш магутныя сеткі спадарожнікаў, чым Starlink, а іх тэрміналы каштуюць даражэй. Адзін з украінскіх афіцэраў, які ваюе ў Запарожскай вобласці і мае пазыўны «Штанга», расказаў выданню, што нават наяўнасць якаснага абсталявання і падрыхтаваных спецыялістаў не гарантуе магчымасці выканаць пастаўленую задачу.
Пра перабоі ў працы Starlink і Starshield украінскія афіцэры паведамлялі ў сярэдзіне кастрычніка. Паводле іх слоў, праблемы з сувяззю сарвалі некалькі важных аперацый Узброеных сіл Украіны. Тады крыніцы The Telegraph сцвярджалі, што доступ украінскіх вайскоўцаў да сістэмы абмежавалі па ініцыятыве Ілана Маска і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Абодва адмаўлялі гэта. 22 кастрычніка Трамп заявіў, што Украіне адноўлены поўны доступ да Starlink, але не патлумачыў прычын папярэдніх непаладак.
Нягледзячы на гэта, збоі працягнуліся, а Маск не перастаў абвінавачваць Украіну ў парушэнні правілаў выкарыстання Starshield. 18 лістапада ён заявіў журналісту Эндру Росу Соркіну, што не хоча, каб камерцыйная сістэма Starlink станавілася ўдзельніцай вайны.
У тым жа інтэрв'ю Маск сказаў, што расійскія салдаты ва Украіне заслугоўваюць большага спачування, назваў жахлівай пазіцыю, паводле якой Украіна — добрая, а Расія — дрэнная, а падзеі 2014 года ў Кіеве ахарактарызаваў як пераварот, нібыта арганізаваны амерыканцамі.
Чытайце таксама:
Зяленскі: Для ўдару па Крымскім мосце мы прымянялі толькі ўласную зброю
Расійскі Мінтранс стаў паказваць Крымскі мост на інфаграфіцы толькі з адной чыгуначнай аркай
У Расіі пакуль не ведаюць, колькі часу спатрэбіцца на аднаўленне Крымскага моста
Для каардынацыі ўдараў па Крымскім мосце ўкраінцы выкарыстоўвалі свае «лятучыя мадэмы»
«Рамантаваць будзе складаней, чым будаваць з нуля». Ці магчыма хутка аднавіць Крымскі мост?