23:32
У Маскве і Саратаве прайшлі адзіночныя пікеты супраць вайны з Украінай, на якія выйшлі некалькі чалавек.
У акцыі ўзялі ўдзел актывіст Максім Ціханаў (Саратаў), праваабаронца Леў Панамароў (Масква), і яшчэ некалькі чалавек. Яны трымалі плакаты з антываеннымі заклікамі.

Акцыя доўжылася нядоўга, сілавікі схапілі Панамарова і іншых мітынгоўцаў, відэа іх затрымання апублікавалі ў сеціве.
Пазней стала вядома, што на Пушкінскай плошчы ў Маскве былі затрыманыя як мінімум шэсць удзельнікаў антываеннай акцыі, сярод іх Юрый Самадураў і Леў Панамароў.
21:38
Пуцін паабяцаў Макрону, што выведзе войскі з Беларусі пасля вучэнняў
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у размове з французскім калегам Эмануэлем Макронам пацвердзіў намер вывесці расійскія войскі з Беларусі пасля заканчэння вучэнняў, паведаміў BFMTV са спасылкай на Елісейскі пала
«Уладзімір Пуцін паведаміў прэзідэнту Францыі аб сваім намеры вывесці свае войскі з Беларусі па заканчэнні вучэнняў», — гаворыцца ў паведамленні.
Аднак у Елісейскім палацы адзначылі, што заявы з боку Беларусі не супадаюць са словамі Пуціна.
Так, 20 лютага павінны былі завяршыцца вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022», аднак сёння міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў аб працягу манеўраў у выглядзе «праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы».
21:11
Парыж заявіў аб падрыхтоўцы саміта «для вызначэння новага парадку» ў Еўропе
Елісейскі палац анансаваў сустрэчы прадстаўнікоў Францыі, Расіі, Украіны і АБСЕ. Гэта, паводле яго заявы, павінна дазволіць у будучыні склікаць сустрэчу на найвышэйшым узроўні для вызначэння «новага міру і бяспекі ў Еўропе».
Францыя анансавала планы па правядзенні сустрэчы «на найвышэйшым узроўні «для вызначэння новага парадку міру і бяспекі ў Еўропе». Пра гэта гаворыцца ў рэлізе Елісейскага палаца па выніках перамоў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона.
Там паведамілі, што для дасягнення дыпламатычнага вырашэння крызісу на ўсходзе Украіны ў найбліжэйшыя дні кіраўнік МЗС Францыі Жан-Іў Лё Дрыан сустрэнецца з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым. Акрамя таго, плануецца як мага хутчэй склікаць сустрэчу трохбаковай кантактнай групы, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Расіі, Украіны і АБСЕ.
«Гэтая дыпламатычная праца павінна дазволіць прасоўвацца наперад з прыцягненнем усіх зацікаўленых бакоў (еўрапейцаў, саюзнікаў, расіянаў і ўкраінцаў), з тым, каб, пры выкананні ўмоў, правесці сустрэчу на найвышэйшым узроўні і вызначыць новы парадак міру і бяспекі ў Еўропе», — гаворыцца ў паведамленні.
18:40
Пуцін і Макрон дамовіліся аб сустрэчы кантактнай групы па Украіне як найхутчэй
Падчас тэлефонных перамоваў у нядзелю прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон дамовіліся арганізаваць сустрэчу трохбаковай кантактнай групы па Украіне «ў найбліжэйшыя гадзіны», перадае Reuters са спасылкай на паведамленне Елісейскага палаца.
Удзельнікі сустрэчы будуць абмяркоўваць спыненне агню на ўсходзе Украіны.
Радыё RFI піша, што сустрэчу, у якой будуць удзельнічаць прадстаўнікі Расіі, Украіны і АБСЕ, вырашана было арганізаваць «найхтучэй, як гэта магчыма».
18:15
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў аб занепакоенасці Вашынгтона праз падаўжэнне супольных вучэнняў Расіі і Беларусі, паведамляе CNN.
Па словах Блінкена, гэта сведчыць аб падрыхтоўцы Расіяй «глебы для ўварвання».
18:15
Пуцін назваў Макрону прычынай эскалацыі на Данбасе «правакацыі Кіева»
Прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў у ходзе тэлефоннай размовы з французскім калегам Эмануэлем Макронам, што прычынай пагаршэння абстаноўкі на ўсходзе Украіны сталі правакацыі ваенных, падкантрольных Кіеву, піша РБК.
«Выказаная сур'ёзная заклапочанасць у сувязі з рэзкім пагаршэннем становішча на лініі судакранання на Данбасе. Прэзідэнт Расіі адзначыў, што прычынай эскалацыі з'яўляюцца правакацыі ўкраінскіх сілавікоў», — гаворыцца ў рэлізе Крмаля.
Расійскі прэзідэнт таксама звярнуў увагу на тое, што краіны НАТА «напампоўваюць» Украіну сучаснай зброяй і боепрыпасамі.
Гэта, на думку Пуціна, «падштурхоўвае Кіеў да вайсковага вырашэння так званай праблемы Данбаса». «У выніку пакутуюць мірныя жыхары ДНР і ЛНР, якім даводзіцца эвакуявацца ў Расію для выратавання ад абстрэлаў».
«Кіеў толькі імітуе перамоўны працэс, упарта адмаўляецца ад рэалізацыі Мінскіх пагадненняў і дамоўленасцей, дасягнутых у «нармандскім фармаце». З улікам вастрыні становішча спраў прэзідэнты прызналі мэтазгодным актывізаваць пошук рашэнняў дыпламатычнымі сродкамі па лініі знешнепалітычных ведамстваў і палітсаветнікаў лідараў краін — удзельніц «нармандскага фармату», — гаворыцца ў паведамленні Крамля.
16:58
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон правялі перамовы на фоне абвастрэння на Данбасе. Бакі выступілі за скліканне тэрміновага пасяджэння трохбаковай кантактнай групы (ТКГ) і ўвядзенне рэжыму цішыні.
«У працяг учорашняй размовы праінфармаваў Эмануэля Макрона аб бягучай сітуацыі бяспекі і новых правакатыўных абстрэлах. Выступаем за актывізацыю мірнага працэсу. Падтрымліваем неадкладны скліканне ТКГ і неадкладнае ўвядзенне рэжыму цішыні», - адзначыў Зяленскі.
ТКГ не можа сабрацца на экстраннае пасяджэнне на працягу некалькіх дзён, расійскі бок зрывае сустрэчы, якія склікаюцца па ініцыятыве каардынатара АБСЕ, паведамляе РБК-Украіна.
15:25
Пяскоў назваў Расію апошняй краінай, якая жадае прамовіць слова «вайна»
«Нагадваем, што Расія на працягу ўсёй сваёй гісторыі ніколі ні на каго не нападала. І Расія, якая перажыла столькі войнаў, — гэта апошняя краіна ў Еўропе, якая наогул хоча нават прамаўляць слова «вайна», — заявіў прадстаўнік прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў у эфіры тэлеканала «Расія 1».
Ён таксама нагадаў, што Масква заклікае еўрапейскія краіны «мець розум» і папрасіў іх задаць сабе пытанне: «Які сэнс Расіі на кагосьці нападаць?».
Напярэдадні генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што Расія не адводзіць войскі ад мяжы з Украінай, а, наадварот, нарошчвае сваю ваенную прысутнасць там. На яго думку, гэта кажа пра «вельмі і вельмі высокую» рызыку ўварвання.
15:08
Міністэрства замежных спраў Нідэрландаў прыняло рашэнне часова перанесці пасольства ва Украіне з Кіева ў Львоў.
Такая мера звязана з пытаннямі бяспекі.
«Па меркаваннях бяспекі сёння было прынята рашэнне аб часовым пераносе дзейнасці пасольства ў Кіеве ў Львоў», - гаворыцца ў паведамленні дыппрадстаўніцтва.
У МЗС Нідэрландаў не могуць сказаць, колькі супрацоўнікаў ўсё яшчэ застаюцца ў Кіеве. Частка ўжо пераехала ў Львоў пасля таго, як тыдзень таму там адкрылі цэнтр падтрымкі.
Раней NATO часова закрыла прадстаўніцтва ў Кіеве, а супрацоўнікаў перавялі ў Львоў і Брусэль. Перавялі ў Львоў супрацоўнікаў пасольствы Вялікабрытаніі і ЗША.
14:15
У Прыднястроўі войскі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць
Кіраўніцтва Прыднястроўя аддало загад Узброеным сілам аб правядзенні пазапланавых вучэнняў з прывядзеннем частак у баявую гатоўнасць.
У цёмны час сутак абмежаванне бачнасці мішэнняў ўскладніла баявую стральбу. Стральба з кулямётаў БТР і стралковай зброі вялася трасіруючымі боепрыпасамі, паведамляе kp.md.
Па выніках начных стрэльбаў, камандзіры падраздзяленняў і іх падначаленыя атрымалі досвед ва ўпраўленні і баявой стральбе ва ўмовах абмежаванай бачнасці. Напярэдадні завяршылася баявое зладжванне ўзводаў. Дзеянні падраздзяленняў правяраліся ў цёмны час сутак.
13:28
Сумесную праверку беларуска-расійскіх сіл рэагавання вырашана працягнуць
«У сувязі з нарастаннем ваеннай актыўнасці ля знешніх межаў Саюзнай дзяржавы і абвастрэннем сітуацыі на Данбасе, прэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі прынята рашэнне праверку сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы працягнуць.
У яе ходзе будуць старанна прапрацаваны этапы абароны Саюзнай дзяржавы, якія не былі ахоплены з такой ступенню дэталізацыі навучальнымі пытаннямі папярэдняга перыяду праверкі.
Захад адмаўляецца ўспрымаць пазначаныя Расіяй «чырвоныя лініі» ў архітэктуры бяспекі Еўропы, якія актуальныя і для беларусаў. Мы бачым, як ідзе адкіданне асноватворнага прынцыпу непадзельнасці бяспекі.
З усяго вышэйсказанага лагічная адна выснова — у Еўропе вельмі моцна запахла порахам. Яе мэтанакіравана падштурхоўваюць да вайны», — на сайце Мінабароны цытуецца заява міністра Хрэніна.
13:02
Зяленскі: «Адзін артылерыйскі стрэл можа прывесці да вайны»
Пра гэта прэзідэнт Украіны заявіў у інтэрв'ю CNN на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, паведамляе УНІАН.
Зяленскі адзначыў, што на акупаваных тэрыторыях у Крыме і на Данбасе знаходзяцца ад 30 да 35 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Таму ён асцерагаецца, што да баявых дзеянняў могуць прывесці правакацыі з таго боку.
«Так што правакацыі, сапраўды, вельмі небяспечныя, калі ёсць такая колькасць войскаў. Адзін абстрэл, адзін артылерыйскі стрэл могуць прывесці да вайны», — адзначыў Зяленскі.
Паводле яго слоў, засцярогі адносна пагрозы развязвання поўнамаштабнай вайны з Расіяй падзяляюць суседнія з Украінай краіны.
«Мы ведаем гісторыю Савецкага Саюза, і яны разумеюць, з якімі рызыкамі мы сутыкаемся. Польшча, краіны Балтыі (Літва, Эстонія, Латвія), Малдова, усе яны ведаюць, да чаго гэта можа прывесці. Так што нам трэба быць вельмі асцярожнымі», — дадаў прэзідэнт Украіны.
11:51
Служба бяспекі Украіны ўзмацніла контрразведчыцкі кірунак, а таксама заявіла пра гатоўнасць рэагаваць на любыя сцэнары дэстабілізацыі.
Ва ўсіх рэгіёнах Украіны СБУ праводзіць адпаведныя вучэнні.
11:43
Агульная колькасць жыхароў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, якія падалі заявы на атрыманне расійскага грамадзянства, складае 950 тысяч чалавек.
Пра гэта ТАСС заявіў дэпутат Дзярждумы ад Растоўскай вобласці Віктар Вадалацкі.
Па словах Вадалацкага, па звестках на сярэдзіну лютага, у ДНР і ЛНР пражывалі 776 тысяч грамадзян Расіі. Яшчэ 170 тысяч жыхароў рэгіёну праходзяць працэдуру афармлення грамадзянства проста зараз.
10:33
Украіна паведаміла пра 136 абстрэлаў на Данбасе
За суткі, 19 лютага, баевікі зрабілі 136 абстрэлаў на Данбасе. З іх 116 — з ужываннем забароненай мінскімі пагадненнямі зброі, паведамляе РБК-Украіна.
Сяло Наватроіцкае было абстралянае сем разоў — з мінамётаў калібра 120 мм і 82 мм, артылерыі калібра 122 мм і аўтаматычных станковых гранатамётаў.
Былі таксама абстраляныя Гранітнае і Старагнатаўка па чатыры разы, а Станіца Луганская была абстраляная з артылерыі калібра 122 мм, мінамётаў калібра 120 мм, БМП, аўтаматычных станковых гранатамётаў ды інш.
У сваю чаргу, прадстаўнік «народнай міліцыі» ЛНР Іван Філіпоненка заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы распачалі спробу атакі ў раёне населенага пункта Піянерскае, што прывяло « да знішчэння пяці жылых дамоў і ахвяраў сярод мірнага насельніцтва».
Kamientary