Аляксандр Лукашэнка падпісаў два указы, скіраваныя на «выстройванне канструктыўнага і ўсебаковага дыялогу з Еўрасаюзам».

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта, дакументы падпісаны 20 лістапада.

Указ № 633 прадугледжвае падпісанне рамачнага пагаднення паміж урадам Беларусі і Еўракамісіяй, якое вызначае статус і ўмовы рэалізацыі тэхнічнага садзейнічання ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства.

«Такім чынам, узаемадзеянню Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага саюза надаецца сістэмная аснова, якая дазваляе эфектыўна рэалізоўваць сумесныя праекты ў сферах, што ўяўляюць узаемную цікавасць», — зазначаецца ў паведамленні прэс-службы. У ліку прыярытэтных для абодвух бакоў кірункаў адзначаны энергетыка, транспарт, удасканаленне мытнай інфраструктуры, барацьба з незаконнай міграцыяй і міжнароднай злачыннасцю, абарона навакольнага асяроддзя.

Указ № 634 скіраваны на адаптацыю ў нацыянальным заканадаўстве прынцыпаў, закладзеных у пагадненні аб адкрыцці ў Беларусі прадстаўніцтва Камісіі ЕС, якое было падпісана 7 сакавіка, але яшчэ не ўвайшло ў сілу. Указ стварае «спрыяльныя ўмовы для дзейнасці гэтага прадстаўніцтва на тэрыторыі Беларусі і дазволіць больш эфектыўна весці дыялог па шырокім спектры пытанняў адносінаў Беларусі з ЕС», паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?