Пасля інцыдэнту з Ryanair Захад адзінагалосна асудзіў дзеянні беларускага ўрада і абмежаваў авіязносіны з Беларуссю. У адказ на гэта Пуцін паабяцаў падтрымку Аляксандру Лукашэнку.

Няма сумненняў у тым, што Захад справядліва назваў інцыдэнт з Ryanair паветраным пірацтвам. Такі ўчынак цалкам адпавядае аўтарытарным метадам рэжыму, якія характэрныя і для Расіі ў тым ліку, піша The Washington Post.

Аднак на думку Болтана, заходняя стратэгія ў адносінах да Беларусі ў выглядзе эканамічных санкцый не адказвае на больш важнае пытанне: якая будучыня чакае Беларусь? Ці дапамогуць гэтыя санкцыі прытрымлівацца Беларусі шляху, арыентаванага на Захад? Ці ў выніку ўсё можа скончыцца анексіяй Беларусі Расіяй?

У жніўні мінулага года пратэсты ў Беларусі былі выкліканыя перш за ўсё сфальсіфікаванымі выбарамі, таму пазіцыя дэманстрантаў была ні празаходняй, ні прарасійскай. Увага адміністрацыі Трампа ў той час была скіраваная на перадвыбарную кампанію ў ЗША, таму рэакцыя на падзеі ў Беларусі была слабая. У выніку Лукашэнка да гэтага часу захоўвае ўладу, што сведчыць пра стратэгічную памылку Захаду і ЗША.

Болтан лічыць, што не звяртаць увагу на геапалітычныя абставіны наіўна і небяспечна для беларусаў, бо ніхто ў Маскве не бачыць для Беларусі іншага лёсу, акрамя як яшчэ большае паглыбленне сувязяў з Расіяй.

Месцазнаходжанне Беларусі стварае пагрозу расійскага інтэрвенцыянізму. Таму будучыня беларусаў звязаная і з будучыняй Еўрасаюза. Падтрымка дэмакратычных сіл Беларусі — гэта больш, чым змаганне за правы чалавека. Пад рызыкай знаходзіцца патэнцыйная свабода ўсіх 9,5 мільёнаў беларускіх грамадзян, бо інтэграцыя Беларусі і Расіі фактычна знішчыць усе шанцы беларусаў на рэальную свабоду.

Той факт, што пасля спынення масавых дэманстрацый увага Захаду да Беларусі значна знізілася і вярнулася толькі пасля затрымання Рамана Пратасевіча, паказвае, што такі несістэмны, частковы падыход да беларускай праблемы няўстойлівы і наўрад ці будзе паспяховым.

Таму больш мэтазгодны падыход, на думку Болтана, — забяспечыць Лукашэнку і яго паплечнікам абсалютныя гарантыі для сыходу. Аднак гэта патрабуе распрацоўку комплекснага плана, з улікам магчымых ваенных дзеянняў Расіі ў адносінах да Беларусі. Аднак для стрымлівання Расіі ў ЗША ёсць патэнцыйны козыр — няскончаны «Паўночны паток — 2», які Пуціну вельмі важны.

Некаторых можа абурыць ідэя беспакаранасці Лукашэнкі, але на прыкладзе былых камуністычных дзяржаў бачна, што будучыня краіны важнейшая за прыцягненне да адказнасці любой цаной.

Нельга недаацэньваць, наколькі складаныя перспектывы чакаюць Беларусь пры любым раскладзе. Але відавочна, што санкцыі і асуджэнне рэжыму не зменяць паводзін Лукашэнкі, а толькі падштурхнуць яго да большай інтэграцыі з Расіяй, што пагражае стратай суверэнітэту Беларусі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?