История

«Модный импорт в Речи Посполитой: парижские закупки Антония Тизенгауза»: новый номер «Асобы і часу»

Піша Ганна Севярынец.

Вялікае злачынства — адняць у чалавека жыццё, найвялікшае — адняць біяграфію. Забойства перапыняе фізічнае існаванне, хуткаплыннае і канечнае, забыццё знішчае існаванне ў памяці сям’і, народа, гісторыі, якое ёсць бясконцым, покуль жыве сям’я ці народ. Няшмат высілкаў патрэбна, каб забіць чалавека і схаваць ягоную магілу пад імклівай травой і бязлітасным хмызняком. Цяжэй забіць памяць — папера часцяком аказваецца больш трывалай, чымся чалавечае жыццё. Між тым у справе знішчэння біяграфій беларуская савецкая навука дасягнула пэўных поспехаў: падручнікі па беларускай літаратуры датычна біяграфій пісьменнікаў і па сёння — надзвычай панылае чытво.

«Біяграфістыка як галіна ведаў мае на ўвазе прызнанне каштоўнасці кожнага чалавечага жыцця, кожнай асобы. У ідэале яна не павінна кіравацца эмацыйнымі і палітычнымі ацэнкамі, бо ёсць апірышчам іншай, яшчэ больш важнай навукі — гісторыі. З гэтай прычыны развіццё біяграфістыкі немагчымае там, дзе адсутнічае дэмакратыя», — адначаецца ў рэдакцыйным артыкуле да першага выпуска «Асобы і часа», які адбыўся ў 2009 годзе: «Біяграфічны альманах плануецца яго стваральнікамі як незалежнае навуковае выданне, у якім без адхіленняў у ідэалагічныя бакі, незалежна ад спавяданых навуковых канцэпцый спецыялісты маглі б публікаваць вынікі сваіх росшукаў у галіне беларускай біяграфістыкі. Выдаўцы і аўтары альманаха не даюць сабе права абвяшчаць прысуды сваім героям. Належнае ім аддасць гісторыя і чытачы. Таму хай нікога не здзіўляе, калі на старонках альманаха з’явяцца матэрыялы, прысвечаныя не толькі Кастусю Каліноўскаму, але і Міхаілу Мураўёву, не толькі Адаму Міцкевічу, але і Мікалаю Навасільцаву, не толькі паэтам, але і тым, хто дапытваў іх». 

Адпаведна з рэдакцыйнай дэкларацыяй намераў вось ужо восем год альманах «Асоба і час», які ўкладае Аляксандр Фядута і выдае «Лімарыус», вяртае беларускім гістарычным асобам права на біяграфію. Іншым разам публікацыі маюць характар навуковай сенсацыі, іншым — статус архіўнага адкрыцця, часцяком дадаюць да агульнавядомага дыскурсу нечаканых дэталяў, у любым выпадку ўявіць сябе сёння навуковую прастору беларускай гісторыі без артыкулаў, надрукаваных у альманахе, нельга.

Пры гэтым немагчыма абмежаваць кола чытачоў «Асобы і часу» выключна навукоўцамі: свабодны, дэмакратычны прынцып укладання зборніку абумовіў і дэмакратычнасць стылістыкі расповедаў. Гэта не мудрагелістыя навуковыя справаздачы, створаныя дзеля кар’ерных мэтаў аспірантамі і дактарантамі акадэмічных кабінетаў, гэта сапраўды захапляльнае чытанне, «дэтэктыў без злачынства», працэс суадкрыцця для аўтара і чытача, асвечаны, як адчуваецца, асабістай зацікаўленасцю укладальніка ў біяграфіі кожнай асобы як ў найкаштоўнейшым факце чалавечай памяці і даследчыцкай працы.

Я не здолею ў кароткім аглядзе назваць усе артыкулы, вартыя шырокай грамадскай увагі, бо дзеля гэтага трэба было б перадрукаваць цалкам змест васьмі кніжак альманаха, таму звярну ўвагу на тыя расповеды, якія ўразілі асабіста мяне — і якія я магу ад чыстага сэрца рэкамендаваць як must read для кожнага, хто шукае ўсведамлення сваёй гісторыі, асоб, якія яе складаюць — і часу, выпрабаванні якога так ці інакш адбіліся на кожным з нас.

«Неоконченная история одного плагиата» Міхася Ільінскага («Асоба і час», №1, Лімарыус, 2009) — расповед пра маштабны плагіят, ахвярай якога стаў знакаміты беларускі фізік Фёдар Фёдараў (між іншым — сын Янкі Маўра): амерыканскі вучоны Холіс Чэн, атрымаўшы па пошце кнігу Фёдарава і спадзеючыся на палітычны і моўны «жалезны занавес» паміж краінамі, скарыстаў у манаграфіі і выдаў пад сваім іменем без спасылак сотні старонак нашага вучонага. Скандал даволі хутка набыў палітычную афарбоўку, таму і водгукі прэсы, і вывады спецыяльнай камісіі, і паводзіны навуковай супольнасці, адлюстраваныя ў газетных і архіўных матэрыялах і прыведзеныя аўтарам артыкулу складаюць драматычны і разгалінаваны сюжэт, амаль шпіёнскі раман, з якога так і карціць зрабіць для сябе несуцяшальныя, нажаль, высновы. У гэтым жа нумары: хроніка княжэння Жыгімонта Старога, ліставанне М.Маліноўскага і І.Лелевеля (у спецыялістаў па філаматам-філарэтам тут павінна перахапіць дыханне), успаміны Ганны Герыч (не ведаеце такую? А калі дадаць, што яна з дому — Рэйтан?), гутаркі Сяргея Шапрана з Янкам Брылём, эпісталярый Алеся Салаўя, сценаграма ганебнага паседжання беларускага СП з асуджэннем Барыса Пастэрнака пасля прысуджэння яму літаратурнага Нобеля — і гэта не ўсё, панове. Гэта толькі палова нумара. І гэта я не называю тых артыкулаў, якія, дзякуй Богу, за восем год сталі кнігамі — крыніцы, якія маюць пачаткам «Асобу і час», часцяком даюць нараджэнне магутным рэкам.

Чытайце таксама: Пра асобы і час Беларусі — з першых вуснаў

У другім нумары: выкладзеныя Сямёнам Букчыным падрабязнасці пра таварышаванне Адама Багдановіча і Максіма Горкага (неяк нязвычна тут адрываць імя «Максім» ад прозвішча «Багдановіч», праўда?), расказаная Алегам Дзярновічам гісторыя Алекса Курзема, якая мае парадаксальны падзагаловак «З Койданаўскага гета ў латышскае СС», біяграфія выбітнога беларускага архітэктара Івана Жалтоўскага, якога літаральна вырваў з пашчы забыцця аўтар нарысу Сяргей Харэўскі, найцікавейшыя ўспаміны Міхася Скоблы пра сустрэчы з Макісмам Лужаніным — гэта толькі набегам, хутка, не паспяваючы назваць астатнія, не менш цікавыя расповеды не менш цікавых аўтараў пра не менш цікавых герояў.

Трэці нумар, які цалкам прысвечаны творчай, эпісталярнай і архіўнай спадчыне Ларысы Геніюш, даўно ўжо стаў бібліяграфічнай рэдкасцю — наўрад атрымаецца адшукаць яго ў папяровым варыянце, хіба што прасіць пачытаць у тых, хто зразумеў каштоўнасць альманаху і без адпаведных аглядаў.

Спадзяюся, народзіцца кніга і з публікацый чацвёртага нумару, прынамсі, два грунтоўных артыкула Ціхана Чарнякевіча, прысвечаныя знакавым асобам нованароджанага БДУ, скандальна вядомаму мовазнаўцу Восіпу Ваўку-Левановічу і бліскучаму выкладчыку літаратуразнаўчых дысцыплін Яўгену Барычэўскаму патрабуюць працягу. Тут жа: гісторыя эмігранцкай сваркі паміж Уладзіславам Плятэрам і Адамам Міцкевічам, хуліганскія выхадкі Восіпа Пржэцлаўскага, небяспечныя захады генерала Калядкі — падаецца немагчымым, каб мы не ведалі ані гэтых людзей, ані адсбавін іх жыцця, а мы ж не ведаем! І нават калі ведаем… Апублікаваная ў гэтым нумары аўтабіяграфія Вацлава Ластоўскага, якая была складзена ў высылцы ў Саратаве і пачынаецца словамі: «Вопреки принятому обычаю составлять сухие перечни дат продвижения по службе, я решил свою биографию несколько расширить. Склоняют к этому меня следующие соображения: долго мне не протянуть уже, и хотя смерть есть сон и от трудов упокоение, но человек суетится до последнего». Ступень шчырасці, сумнага гумару і разумення свайго часу, з якой складзены гэты тэкст, далібог, пакуль не ведае сабе роўных у беларускай біяграфістыцы. 

А дзе яшчэ пачытаць, прыкладам, жыццёвыя падрабязнасці пра таямнічага Яна Баршчэўскага? Ягонага «Шляхціца Завальню» сёння абавязкова ўключаюць у спісы «найцікавейшых беларускіх кніжак», вартых для першапачатковага чытання тым, хто жадае палюбіць беларускую літаратуру з першага погляду, але што мы ведаем пра бацьку таго Завальні? Яшчэ ў пятым выпуске альманаху: апошні імператарскі архітэктар Сямён Сідарчук, галавакружны — і зусім невядомы збіральнік беларушчыны пасярод ХІХ стагоддзя Рамуальд Падбярэзскі, «пісьменнік без біяграфіі» Пятро Палягошка — і гэта, зноў жа, далёка не ўвесь нумар і далёка не ўсе адкрыцці.

У шостым нумары: калабарант пазамінулага стагоддзя Генрык Ржавускі і палымяны паўстанец 1864 года Яўген Плятэр, драматычная сценаграма драматычнага паседжання з’езда КПБ з выступамі Чарвякова і Галадзеда, падрабязна адкаментаваная Анатолем Сідарэвічам, дакументы з Літоўскага цэнтральнага архіва, якія тычацца нашаніўцаў, — тэксты, без якіх немагчыма сёння рухацца далей у вывучэнні азначаных тэмаў і ў рэфлексіі над трыма апошнімі стагоддзямі нашай гісторыі.

У нумары сёмым сойдуцца ў адвечным супрацьстаянні філамат Ф.Малеўскі і губернатар Мураўёў, прычым апошні прадстане героем крамольных вершаў, якія хадзілі па руках ў нескаронай Вільні. Тут жа — два незвычайныя эпісталярыі: лісты Аркадзя Смоліча з ГПУ, падрыхтаваныя і ахайна адкаментаваныя Уладзімірам Валодзіным, і кранальныя пасланні бацькі Антона Адамовіча да сына (публікацыя Н.Гардзіенкі) — наскрозь эмацыянальная публікацыя названая аўтаркай ёміста і шчыра: «Бацька». Паглядзець на значную і спрэчную фігуру беларускай гісторыі бацькоўскімі вачыма — магчымасць рэдкая.

Ах, якая публікацыя адкрывае восьмы выпуск! «Модны імпарт у Рэчы Паспалітай апошняй чвэрці XVIII стагоддзя: парыжскія закупы Антонія Тызенгаўза і польскіх модніц» Ксеніі Бардэрыу і Дзяніса Кандакова — гэта лепей за міланскі шопінг. Столькі фасончыкаў, мадэлькаў і памераў — вочы разбягаюцца. Як апрануцца каханцы Тызенгаўза — за такую навуку дорага дасі, асабліва калі ведаць, хто ж такі гэты Тызенгаўз. Тут жа: драматычная гісторыя віленскай дыяспары ў Пецярбурзе 1830-х праз гісторыю Францішка Малеўскага, выкладзеная Аляксандрам Фядутам, гісторыя сяброўства Уладзіміра Дубоўкі з выбітным кампазітарам Міколам Равенскім, адноўленая Наталляй Гардзіенка, а таксама — матэрыялы архіўных росшукаў, уратаваныя біяграфіі, ледзь не страчаныя мемуары, усё — як і было абяцана восем год таму.

Выданне такога альманаха — справа вялікіх грошай і вялікіх высілкаў укладальніка і выдаўца. Ведаю, што грошай няма зусім, а сілы засталіся апошнія — як гэта водзіцца ў тым беларускім свеце, які існуе па законах свабоды і дэмакратыі. І тым не менш, «Асоба і час» — існуе, а значыць, існуе тая беларуская навука, якая сапраўды ратуе. Біяграфіі, гісторыю, асобаў, а значыць — і час.

Комментарии

Сейчас читают

Тихановская: Перемены в Беларуси — это вопрос времени. Вот основные тезисы её выступления на конференции «Новая Беларусь»23

Тихановская: Перемены в Беларуси — это вопрос времени. Вот основные тезисы её выступления на конференции «Новая Беларусь»

Все новости →
Все новости

Путин стал избегать поездок в регионы в европейской части России, куда регулярно долетают дроны1

Канопацкая опубликовала фото из центра Варшавы23

Что такое теория неправильной обуви?4

Дочь российского генерала, ответственного за мобилизацию, помогает уклоняться от армии за деньги

Пять охранников прикрывали Лукашенко, пока он фотографировался с деревенской семьей16

Бабарико рассказал, с каким проектом возвращается в политику28

Белорусского Синюю Бороду отпустили из российской тюрьмы умирать дома8

Белорусскому активисту, живущему в Украине, запретили въезд в Польшу на 10 лет27

Соучредитель бюро Zrobim architects, живущий в США, продает свою долю в бизнесе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тихановская: Перемены в Беларуси — это вопрос времени. Вот основные тезисы её выступления на конференции «Новая Беларусь»23

Тихановская: Перемены в Беларуси — это вопрос времени. Вот основные тезисы её выступления на конференции «Новая Беларусь»

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць