Здароўе

«У нас пазіцыя — не трэба масак, нічога, само пройдзе». Што думаюць медыкі пра рэзананснае пасяджэнне па каранавірусе

19 кастрычніка Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную каранавірусу. На ёй прагучала некалькі нечаканых загадаў: штрафаў за парушэнне масачнага рэжыму не будзе, міліцыя не павінна кантраляваць нашэнне масак, нельга «напружваць людзей вакцынацыяй». Таксама Лукашэнка абавязаў вярнуць планавыя аперацыі, кансультацыі і агляды, адмененыя напярэдадні. Таксама было абяцана, што ў 2023 годзе ў Беларусі з’явіцца свая вакцына ад кавіду, якую «прыстасуюць да віруса, які будзе цыркуляваць у 2023». Галоўнае даручэнне Лукашэнкі міністру аховы здароўя Піневічу — «вяртайцеся да таго, што мы рабілі ў першую хвалю». Дзяржпрапаганда адразу ж узялася ўхваляць гэтыя рашэнні. А што ж пра ўсё гэта думаюць дактары? «Наша Ніва» пагаварыла з трыма медработнікамі. Яны папрасілі застацца ананімнымі, але імёны вядомыя Рэдакцыі.

«Але дзе гэта будзе? У тых жа бальніцах, дзе вы заразіцеся «каронай»?

«Я не здзіўлены. Бо мы ж «ненахіляемыя», што трэба перакладаць як «тыя, хто не вучыцца». Нам няважна рэчаіснасць, няважна, што адбываецца, — саркастычна каментуе адзін з суразмоўцаў, сёння ўжо былы работнік адной з беларускіх бальніц. — Бо ў нас ёсць свая пазіцыя, прынятая 1,5 года таму, на яе мы і ціснем. Не трэба масак, не трэба нічога — само пройдзе.

Што тычыцца вяртання да таго, што рабілася падчас першай хвалі, то тут такі момант — мы баімся калапсу сістэмы аховы здароўя.

А якія крытэрыі калапсу? Калі дактарам трэба адмыслова шукаць кісларод, шукаць вольныя ложкі — то ён наступіў. 

Можна казаць, што не будзе аказвацца планавая дапамога. Гэта жудасна з пункту гледжання піяру, таму ўсё адкацілі назад, цяпер ужо зноў будзе і планавая дапамога, і аперацыі, і ўсё іншае.

Але дзе гэта будзе? У тых жа бальніцах, дзе вы заразіцеся «каронай»? Гэта складаная тэма, так, некаторыя аперацыі патрабуюць абавязковага ўмяшання ў пэўныя тэрміны. Але ж калі вы можаце перачакаць — перачакайце.

Бо прыязджаюць пацыенты розныя, некаторыя — ужо з «чымсьці». Тое ж тычыцца і дзяцей. Сёння дзеці хварэюць зусім не так як год таму, хварэюць больш, адпаведна разносяць хваробу.

А вось што тычыцца штрафаў за маскі, то гэта можа была не найлепшая ідэя. Бо калі я ўяўляю, што нашым сілавікам дадуць дадатковыя правы і тут, то я супраць. Гэтым людзям нельга дазваляць яшчэ больш. 

Ды і справа не ў штрафах. Агітацыю і падрыхтоўку да чарговай хвалі зноў правалілі. І цяпер рабіць рэзкія рухі ўжо позна. Усё страшнае ўжо здарылася.

Калі галоўным па лячэнню кавіду становіцца чалавек, які не мае ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі, то пачынаюцца гэтыя заявы.

Праблема не ў тым, колькі ў нас апаратаў ШВЛ — яны не лечаць людзей. Галоўная задача — не дапусціць, каб у бальніцы пачаў паступаць вялікі паток хворых адначасова. 

А ў раёнах яшчэ і арганізацыйнае пытанне. Там рэанімацыі маленькія, часам увогуле на шэсць коек. Бяром два населеных пункта, у адным успышка, у другім — няма.

Тады трэба адну бальніцу аддаваць цалкам пад карону, а другую — пад іншых пацыентаў. Каб мінімізаваць кантакты і пацыентаў, і персаналу. І банальна як зручней — вазіць кісларод у дзве бальніцы альбо ў адну? Калі гэтыя рашэнні былі прынятыя раней — тады добра. Калі не — то цяпер позна ўжо. 

Што тычыцца беларускай вакцыны, то гэта мне нагадвае Рагозіна і яго планы марсіянскіх базаў. Гэта ўвогуле не варта абмяркоўваць. Бо калі праваленая база — не трэба будаваць пражэкты. 

Таму скажу проста: людзям трэба самім берагчы сябе».

«Наконт беларускай вакцыны — пакуль няма вакцыны, няма пра што і казаць»

Другі медык працягвае сёння працаваць у медустанове. Ён кажа:

«Наконт вяртання планавай дапамогі — неадназначны момант. З аднаго боку планавая дапамога — гэта не толькі прафагляды ці штосьці не асабліва важнае. Гэта і дапамога анкапацыентам (дзе крытычную ролю адыгрывае своечасовасць аказання) і лекаванне хронікаў, без якога яны хутка пачынаюць патрабаваць экстранай дапамогі.

З другога боку, зараз яно, магчыма, і патрэбна — кінуць усе магчымыя сілы на барацьбу з кавідам. Адказаць, што правільна, можа толькі той, хто мае сапраўдныя лічбы статыстыкі і можа сказаць, які крок можа захаваць больш жыццяў.

Наконт беларускай вакцыны. Пакуль няма вакцыны, няма пра што і казаць. Як будзе вакцына, як будуць апублікаваны даследаванні, тады і можна будзе штосьці абмяркоўваць. Зараз, падаецца, на нешматлікіх ахвотных прышчапіцца хапае расійскай і кітайскай вакцынаў. А што будзе ў 2023, хто ведае?

Пра вяртанне да паводзінаў падчас першай хвалі. Дзеянні ў першую хвалю былі напалову хаатычныя і часткова бессэнсоўныя, бо ніхто нічога не ведаў. Тое, што рабіў Піневіч да гэтай размовы, было больш асэнсавана, бо заснавана ўсё ж на вопыце.

Увогуле, кантралюемай сённяшнюю сітуацыю дакладна не назавеш, усе вельмі дрэнна. Але пакуль на вуліцах трупаў няма, падаецца. 

Калі рэзюмаваць, то Піневіч хаця б намагаўся штосьці зрабіць з сітуацыяй і рабіў правільныя крокі. Што будзе зараз — не ведаю».

«З самага пачатку ўсё зрабілі, каб людзі не мелі жадання вакцынавацца»

Яшчэ адзін суразмоўца зусім нядаўна сышоў з беларускай медыцыны. 

«У першую хвалю гэты чалавек не прызнаваў гэтай хваробы, таму цяпер часам цяжка зразумець, што ён мае на ўвазе. 

Але што тычыцца масачнага рэжыму і штрафаў, то гэта, напэўна, страх, што людзі пачнуць абурацца. Але ж калі Лукашэнка кажа аб праве кожнага распараджацца сваім лёсам, то ў час пандэміі кожны з нас адказвае не толькі за сябе, але і за тых, хто побач. Бо часам мы распаўсюджваем хваробу, самі таго не ведаючы.

Масачны рэжым і так кепска працуе, калі адмяніць санкцыі за яго парушэнне, то мы з каранавіруса ніколі не выйдзем. Пачне працаваць нейкі натуральны адбор і проста памруць усе, хто не быў абаронены, — кажа медык.

— Тое ж тычыцца і вакцынацыі. Адзіны дзейсны метад выратавацца сёння — вакцына. Але ж з самага пачатку ўсё зрабілі, каб людзі не мелі жадання вакцынавацца. Быў вялікі дэфіцыт нармальнай дакладнай інфармацыі пра вакцыны, іх віды, эфекты.

А калі людзі не маюць інфармацыі — яны баяцца і дакладна не хочуць вакцынавацца.

Другі момант — недасяжнасць вакцын, якім людзі давяраюць. Мы ж бачылі вынікі сацыялагічных апытанняў, што большая частка хацела б вакцынавацца тымі ж «Пфайзерам» ці «Мадэрнай». Дык завязіце іх, зрабіце платнымі. Але ж не. 

І сёння прыйшлі да таго, што толькі прымусовая вакцынацыя можа выратаваць сітуацыю. Але прымусовая — праз тлумачэнні, праз адукацыю абавязкова ці праз стымуляцыю. Каб не было, як у некаторых краінах, дзе ў кабінетах доктара вакцыну не ўводзяць, а выліваюць, але чалавека запісваюць вакцынаваным. 

Пакідаць сітуацыю на саміх людзей — няправільна. У масе сваёй народ не вельмі кампетэнтны ў пытаннях вакцынацыі.

Распрацоўка беларускай вакцыны ўвогуле не вартая справа, на маю думку. Бо ніхто не ведае, якія мутацыі віруса будуць у 2023 годзе. Да таго ж на той момант, а то і хутчэй, ужо будзе вельмі шмат вакцын распрацавана па ўсім свеце. Адпаведна, кошт іх будзе ніжэйшым, таму наша вакцына можа быць проста неканкурэнтназдольнай.

Можа лепш было б грошы на яе выдаткаваць на закупку імпартных вакцын сёння. Бо «Спутнік» — вакцына сапраўды добрая, але палітычныя падаплёкі сапсавалі ёй рэпутацыю. 

Што тычыцца планавых аглядаў і аперацый, то вярнуць іх — правільнае рашэнне, калі будуць дакладна раздзяляцца патокі пацыентаў.

Да таго ж хірургічная спецыяльнасць патрабуе пастаяннай працы, каб падтрымліваць мануальны навык. Для хірурга не рабіць аперацыі месяц-два — праблема, пасля навык складана аднавіць.

Таму, можа і варта было б развярнуць кавідныя ложкі — як у іншых краінах — у тых жа лядовых палацах, каб большасць медустаноў пакінуць у чыстай зоне. Але сёння ў нас не хапае кадраў і дактары перагружаныя, таму мне складана ўявіць, хто б там працаваў.

Сёння я працягваю падтрымліваць сувязь з былымі калегамі-медыкамі. І сітуацыя сёння горш, чым была калі-небудзь раней. Бо ў мой час працы з каронай ніколі не было такога як зараз, калі пачынаюць паміраць цяжарныя жанчыны.

Сітуацыя цяжкая, некантраляваная. І я ведаю, што пачынаюцца праблемы з матэрыяльным забеспячэннем. Бо раней адносна ўсяго хапала, а сёння, паведамляюць калегі, пачынаюцца ўжо праблемы з прэпаратамі біялагічнай тэрапіі, якія патрэбныя людзям у цяжкім стане». 

Чытайце таксама:

«Дактары сказалі, што я не адна такая». Цяжарная мінчанка захварэла на кавід — і страціла дзіця

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч

Усе навіны →
Усе навіны

На Куршчыне ўкраінцы збілі расійскі знішчальнік Су-353

Не пішыце лісты палітвязням у калоніі, гэта бессэнсоўна27

Зяленскі: Кіроўцы фур, з якіх атакавалі вайсковыя аэрадромы ў Расіі, не ведалі пра аперацыю «Павуцінне»1

Колькі каштуюць ягады, гародніна і садавіна на «Камароўцы»3

У Беларусі няма бульбы, а ў Японіі дэфіцыт рысу1

Зяленскі расказаў, чыя зброя выкарыстоўвалася ў аперацыі «Павуцінне»

Ліса перайшла дарогу на зялёнае ў Гродне ВІДЭА

У мінскай краме прадаюць «нарвежскі» сыр ад беларускага вытворцы па 160 рублёў за кілаграм9

Пяць гадоў таму арыштавалі Паўла Севярынца1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч

«Мікалая білі, дзе толькі яго бачылі». Пра катаванні зняволенага анархіста Дзядка расказала адвакатка Мацкевіч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць