«Песні, якія спявалі шмат гадоў і ў розных застоллях, сёння раптам загучалі толькі па-беларуску. Шыкоўныя пераклады Лявона Баршчэўскага. Гэта нават не пераклады, гэта лепш. Глыбейшыя, вобразнейшыя, з іншым нервам. Польскія, грузінскія, грэчаскія, габрэйскія, расейскія песні... У перакладах Баршчэўскага гэта нешта!» — напісала ў сябе ў Фэйсбуку журналістка Святлана Калінкіна.

Мы папрасілі ў Лявона Баршэўскага гэтыя пераклады, і ён нам іх ласкава даслаў. Вучыце і спявайце.

Хай мой шлях…

Словы і мелодыя Юрыя Лазы

Я свой маленькі плыт
Вяду скрозь навальніцы,
Мне мірсціцца ды сніцца
Маленства краявід…
Cа мной лятункаў рой
Імкне, дзе бачаць вочы:
Мажліва, ён прароча
Дзівосны свет адкрые мой.

Хай мой шлях
Мае ў імгле працяг;
Боль, што ўва мне не сціх,
З бедаў узнік былых,
На святло
Сплецены з песняў ды слоў
Плыт мой, бядзе назло,
Я скіраваў вяслом.

За блізкі свет мяне
Зусім не тыя гоняць,
Каму бяспечна сёння
На сушы ў будане.
Бо як спасцігнуць ім,
Што сталася са мною
Ды кліча ўдаль, спакоем
Мяне чаруючы сваім?

Хай мой шлях
Мае ў імгле працяг;
Смутку й ляноты міг —
Гэта ад скрух былых,
На святло
Сплецены з песняў ды слоў
Плыт мой, бядзе назло,
Я скіраваў вяслом.

Я повязь разарву
З былым — і ў невядомасць
З утульных дзён ля дома
Паціху адплыву:
Плыт свой скірую ў свет,
Пакіну за плячыма
Ўвесь клопат і, магчыма,
Угледжу недзе шчасця след…

Хай мой шлях
Мае ў імгле працяг;
Смутку й ляноты міг —
Гэта ад бед былых,
На святло
Сплецены з песняў ды слоў
Плыт мой, бядзе назло,
Я скіраваў вяслом.

Мне ўсцешна, што Вы хворыя не мной…

Словы Марыны Цвятаевай, музыка Мікаэля Тарывердзіева

Мне ўсцешна, што Вы хворыя не мной,
Мне ўсцешна, што я хворая не Вамі,
Што восі зраўнаважанасць зямной
Не зрушыцца пад нашымі нагамі.
Мне ўсцешна, што без пыхі ледзяной
Магу быць з Вамі — й не хітрыць вачамі,
Не чырванець, не бавіцца маной —
Адно судакранацца рукавамі…

Мне ўсцешна, што не сорамна ані
Пры мне Вам абдымаць яе, другую,
Што Вы мне не прарочыце ў агні
Пякельным быць, бо я не Вас цалую,
Што Вы імя з пяшчотай дзень пры дні
Маё не паўтараеце ўпустую
І што сярод царкоўнай цішыні
Ніколі не спяюць нам: «Алілуя!»

Я ўдзячная Вам сэрцам і душой
За тое, што, не ведаючы самі,
Вы любіце мяне; за мой спакой,
За нашы не-гулянні вечарамі,
За поўню, што не ў нас над галавой,
За тое, што не бачыліся днямі,
Што ўсё ж — на жаль! — Вы хворыя не мной,
Што ўсё ж — на жаль! — я хворая не Вамі.

Пераклады з расійскай мовы

Без спачынку

Словы Агнешкі Асецкай, музыка Севярына Краеўскага

Не аціхае ў сэрцы жаль,
Бо за даллю набягае зноўку даль.
Без спачынку, без прыпынку
Пойдзем мы — у глыб лясоў,
Па дарозе, па дарозе
Заспявайма песню зноў!

Спакою на душы няма,
Бо за прымаразкам вунь ідзе зіма.
Без спачынку, без прыпынку
Пойдзем мы — у глыб лясоў,
Па дарозе, па дарозе
Ва ўнісон спявайма зноў!

Неадгуляны змоўкне баль,
Бо за даллю набягае зноўку даль.
Нявылечаны сціхне боль:
За віновым каралём — другі кароль.

У бездарожжы час загруз,
Бо за чорным тузам ляжа іншы туз.
Без спачынку, без прыпынку
Пойдзем мы — у глыб лясоў,
Па дарозе, па дарозе
Заспявайма песню зноў!

Неадгуляны змоўкне баль,
Бо за даллю набягае зноўку даль.
Нявылечаны сціхне боль:
За віновым каралём — другі кароль.

Любіць было… ці варта нас?
Можа й варта, толькі з картай схібіў час.
Без спачынку, без прыпынку
Пойдзем мы — у глыб лясоў,
Па дарозе, па дарозе
Заспявайма песню зноў!

Пераклад з польскай мовы

Вуліца Эгнатыяс, 400

Словы Костаса Вірваса, музыка Грыгорыса Біфікоцыса

Эгнатыяс, дом чатырохсоты,
Едзь, таксіст — праскочым, можа, ўпотай!
Каб не ўгледзелі суседзі нас
З лялькай у абдымках гэты раз!

Грай, бузукі, грай вясёла,
Баглама, нястомна грай!
Скруху, што была наўкола,
Гучным граннем разганяй!

Зноў Салонікі ўстаюць паціху,
Каб наноў супраціўляцца ліху…
Толькі мы з дзяўчынай на зары —
Горада ўсяго валадары!

Грай, бузукі, грай вясёла,
Баглама, нястомна грай!
Скруху, што была наўкола,
Гучным граннем разганяй!

Эгнатыяс, дом чатырохсоты,
Зноўку прагну я тваёй пяшчоты —
Мы за марай паляцім услед,
Каб забыць ліхі й прыгожы свет!

Грай, бузукі, грай вясёла,
Баглама, нястомна грай!
Скруху, што была наўкола,
Гучным граннем разганяй!

Пераклад з навагрэцкай мовы

Апошні тралейбус

Словы і мелодыя Булата Акуджавы

Калі я, не здужаўшы новай бяды,
Гляджу на свет роспачна-змрочна,
Я ў сіні тралейбус сядаю тады —
Ў апошні, паўночны.

Апошні тралейбус, па вулках імчы,
Кружыся й нясі суцяшэнне
Усім тым, каго напаткала ўначы
Крушэнне, крушэнне.

Апошні тралейбус, ляці, не марудзь!
Я знаю, як ноччу халоднай
Твае пасажыры-матросы даюць
Прытулак заўсёдны.

Плячо да пляча, дотык у цішыні
Быў мне ад бяды ўратаваннем.
Як шмат, уявіце сабе, дабрыні
Ў маўчанні, ў маўчанні…

Апошні тралейбус праз горад плыве,
У досвітак брук выцякае,
І боль, што шпачком дзёўбся мне ў галаве,
Сціхае, сціхае…

Твае сляды

Словы Яўгена Еўтушэнкі, музыка Арно Бабаджаняна

Твае сляды ў сумётах ля ракі…
Як са слюды — іх кшталт такі.
Ледзь прымарозіла малое возера —
І зоры ў ім дрыжаць-зіхцяць, як вугалькі…

У далані маёй — адзін твой след,
Адно крані — ён проста снег:
Ён разліпаецца, ён рассыпаецца,
І дзе той след? — адно струменьчык і пабег…

Ва ўсіх слядах тваіх — лёд развітання,
Дык завярні, дык завярні хутчэй сляды назад!
Праз круг чужых слядоў, сваіх блуканняў —
І па сваіх слядах, і па сваіх слязах!

Каханне — след ад зораў чарады,
Каханне — свет, што назаўжды…
След даўніх слёз відзён аж да апошніх дзён,
А дзе быў след, там не бывае пустаты…

Ва ўсіх слядах тваіх — лёд развітання,
Дык завярні, дык завярні хутчэй сляды назад!
Праз круг чужых слядоў, сваіх блуканняў —
І па сваіх слядах, і па сваіх слязах!

Спеў званоў

Словы і мелодыя Уладзіміра Маркіна

Ну вось, і сёння не прыйшла ты зноў;
Я ж так чакаў, так спадзяваўся, верыў,
Што залунае ў небе спеў званоў,
І зойдзеш ты ў расчыненыя дзверы.

Пальчаткі здымеш проста ля дзвярэй,
Пасля іх пакладзеш на падваконне…
«Я так замерзла, — вымавіш, — сагрэй»,
Працягнеш мне халодныя далоні…

Пазногцік кожны на тваіх руках
Сагрэю пацалункамі пяшчотна —
Ах, каб убачыць мне цябе ў дзвярах!
Ды ў парк сышлі трамваі незваротна…

Былі ж мы маладыя…

Словы Мікалая Дабранравава, музыка Аляксандры Пахмутавай

Азірніся, мінак нетутэйшы,
Твой пагляд бачу я першы раз.
Гэта я, ды, відаць, маладзейшы:
Часам нешта мяняецца ў нас…

Нішто на зямлі проста так не мінае,
А прошлая памяць заўсёды жывая…
Былі ж мы маладыя,
Былі ж мы маладыя
І, шчырыя такія,
Мы верылі ў сябе!..

Нас тады без усмешак віталі
Кветкі ўсе на сцяжынах зямлі,
Мы памылкі сябрам даравалі,
Толькі здрады забыць не маглі…

Нішто на зямлі проста так не мінае,
А прошлая памяць заўсёды жывая…
Былі ж мы маладыя,
Былі ж мы маладыя
І, шчырыя такія,
Мы верылі ў сябе!..

Мы гульню напалову згулялі,
І адно зразумелі цяпер:
Каб цябе на зямлі не гублялі,
Не згубіся і ў лепшае вер!

Нішто на зямлі проста так не мінае,
А прошлая памяць заўсёды жывая…
Былі ж мы маладыя,
Былі ж мы маладыя
І, шчырыя такія,
Мы верылі ў сябе!..

Зараніцы згасаюць між хмараў,
Гул грымотаў у сэрцах аціх,
Не забыць нам усмешлівых твараў,
Не забыць нам вачэй дарагіх…

Нішто на зямлі проста так не мінае,
А прошлая памяць заўсёды жывая…
Былі ж мы маладыя,
Былі ж мы маладыя
І, шчырыя такія,
Мы верылі ў сябе!..

Пераклады з расійскай мовы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?