Літаратура11

Месца дзеяння — заселенае немцамі Сямігароддзе ў Румыніі часоў Чаўшэску. Але ў кнізе Герты Мюлер «Сёння я не хацела б з сабой сустрэцца» мы пазнаём сябе цяпер

«Мяне выклікаюць» — гэтак пачынаецца кніга нобелеўскай лаўрэаткі Герты Мюлер «Сёння я не хацела б з сабой сустрэцца». Хто выклікае? Вядома, Секурытатэ — сакрэтная служба, аналаг савецкага КГБ і ўсходнегерманскага Штазі. Можна падумаць, што далей будуць апісанні бясконцых допытаў. Дыялогі з афіцэрам? Апісанні ператрусу, турэмнай камеры, лагера? Партрэты іншых зняволеных, побыт? Магчыма, апісанні ўцёкаў, гібель ці хэпі-энд?.. А вось і не. Піша Алесь Кіркевіч.

1980-я. Румынія часоў Чаўшэску. PINTEREST.COM

Гэтым кніга адрозніваецца ад вялікага масіву мастацкіх твораў, народжаных у таталітарных рэжымах. Ад кніжнай трылогіі Аляксандра Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ» да культавага кіно «Чалавек з жалеза» паляка Анджэя Вайды ці «Жыццё іншых» немца Фларыяна Хенкеля фон Донерсмарка. У прозе Герты Мюлер няма героікі, барацьбы. Ані слова пра дыктатара і яго партрэты на кожным кроку. Няма падрабязнага апісання рэпрэсіўнага апарату. Усё гэта — толькі дэкарацыі будзённай шэрасці, якая і стварае ўніверсальны партрэт дыктатуры.

Кнігу можна было б назваць бессюжэтнай. Спачатку яна нагадвае плынь свядомасці ды вырваныя з кантэксту асацыяцыі, успаміны. Хаатычныя думкі галоўнай гераіні, якая ў трамваі едзе на допыт. Падарожжа зацягваецца да бясконцасці, хоць у рэальнасці доўжыцца, магчыма, 40 хвілін ці гадзіну. Трамвай ідзе, а час спыніўся. Дакладней, няма розніцы, колькі часу ці які цяпер год. 

Мінулае пераплеценае з сучаснасцю, але не нараджае будучыні. Сучаснасць наўпрост перамяшчаецца ў багаж мінулага, перажоўваецца, як вішні, што есць старая па суседстве з гераіняй у трамваі. Вішнёвыя костачкі яна заціскае ў далонь. Калі месца не хопіць, то выкіне на падлогу — ніхто не зверне ўвагу. Мараў ці планаў на будучыню ў галоўнай гераіні няма: перажыць бы гэты допыт на дзесяць-нуль-нуль — і тое добра.

Кніга Герты Мюлер «Сёння я не хацела б з сабой сустрэцца» выйшла ў беларускім перакладзе ў выдавецтве «Янушкевіч» у 2021 годзе

Запіскі для Марчэла

Чаму выклікалі? Ды дробязь. Гераіня працавала на швейнай фабрыцы і ўкладала ў кішэні экспартнай серыі штаноў цыдулкі са сваімі каардынатамі. Магчыма, у Італіі нехта знойдзе і выкліча яе, уратуе з сацыялістычнага раю. Альбу, афіцэр Секурытатэ, пытаецца ў жанчыны, як завуць італьянца, якому тая пісала. «Марчэла», — адказвае першае, што прыходзіць да галавы, бо трэба адказаць хоць што. Сама ж ведае толькі двух італьянцаў: Беніта Мусаліні і Марчэла Мастраяні.

Нікалае Чаўшэску 

кіраваў Румыніяй з 1965 да 1989 года, свой шлях да ўлады ён пачаў з пасады галоўнага ідэолага румынскай арміі. Пры Чаўшэску кантроль спецслужбы Секурытатэ пранізваў усе сферы жыцця. Румынія пры гэтым стала адной з найбяднейшых краін Еўропы.

Калі ў 1989 годзе пачаліся пратэсты супраць яго бяздарнага кіравання, ён сабраў масавы мітынг у сваю падтрымку, але ад самага пачатку, пасля яго слоў «Хачу падзякаваць ініцыятарам і арганізатарам гэтага вялікага нацыянальнага сходу…» сагнаныя бюджэтнікі і рабочыя пачалі скандзіраваць лозунгі пратэсту. Супрацоўнікі тэлебачання не выканалі загад куратараў з Секурытатэ і не адключылі трансляцыю гэтага правалу. Так пачалася рэвалюцыя.

На наступны дзень вайсковыя часці, уведзеныя ў Бухарэст, перайшлі на бок пратэстоўцаў.

Спецпадраздзяленні Секурытатэ адкрылі агонь па дэманстрантах і арміі, але праз некалькі дзён хаосу і яны спынілі супраціўленне.

З мужам Паўлем яны абмяркоўваюць, ці ісці ёй на чарговы допыт. «Ідзі, бо інакш яны самі сюды прыйдуць», — абыякава кажа ён. Дахаты, дарэчы, ужо прыходзілі. На блышыным рынку Паўль прадаваў антэны, каб лавіць венгерскія тэлевізійныя каналы. Краў на працы дэталі, майстраваў і вазіў на рынак на матацыкле «Ява». Двое з Секурытатэ прыйшлі і без усялякіх актаў ці допытаў забралі ўсе антэны. Матацыкл «Ява» пазней разбіўся. Так Паўль пачаў піць. Бо ніякая праца ці высілкі не даюць плёну. Будучыню нельга праграмаваць, з ёй можна адно змірыцца.

Ноч забірае алкаголь

Тэма п’янства ў кнізе на кожнай старонцы. П’юць усе. Прычым няма нейкага асуджэння, маралізатарства. Гэта спосаб выжыць. Пасля можна выспацца і пайсці на працу: «Ноч забірае алкаголь», — кажа галоўная гераіня. Прычым незразумела да канца, што такое п’янства: спосаб залекаваць траўмы і дэпрэсію ці спосаб прабавіць час пры адсутнасці іншых варыянтаў. Ад няма чаго рабіць. 

У п’яным шаленстве Паўль аднойчы выкідае з акна падушкі і пасцелю. Гераіня спускаецца, каб падняць рэчы, але па-шпіёнску выключае святло ў пад’ездзе. Каб сусед, які запісвае час яе прыходу і сыходу, не ўбачыў. Да сексотаў, як і да п’яніц, стаўленне паблажлівае, хатняе. Чалавеку, які за ёй сочыць, гераіня дорыць чысты сшытак у клетку. Для запісаў. Той круціць у руках ды кажа, што фармат завялікі, яму зручней нататнікі, каб схаваць у кішэнь пінжака.

Вар’яты

Жонка сексота, дарэчы, страціла розум. Выходзіць з дому немаведама нашто і швэндаецца абы-дзе. Блытае людзей, месцы, сітуацыі. У кнізе ўвогуле багата вар’ятаў ці тых, хто вар’яцее па ходу дзеяння. Розум страціла і бабуля гераіні, якая трапіла пасля вайны ў ссылку разам з дзядулем. Іх раскулачылі ды высадзілі з цягніка ў чыстым стэпе разам з іншымі. Пакуль дзядуля шукаў ваду ды дрэва пад дом, тая ела гліну… Паўсюль ёй бачыўся «белы конь», абрысы якога дзядуля пасля намаляваў на сцяне хаты-мазанкі, бо лічбы і літары пісаць было забаронена.

Брашоў раней называўся Кранштат і быў адным з цэнтраў Сямігароддзя. WIKIMEDIA COMMONS

«Белы конь» — не выпадковасць. На ім ездзіў чыноўнік, які акурат раскулачваў этнічных немцаў у іхняй мясцовасці. Перавыконваў план. Па волі лёсу ён стаў свёкрам галоўнай гераіні, калі тая ў першы раз выйшла замуж. Дзядуля на тым вяселлі напіўся, пракляў унучку ды распавёў гісторыю пра высылку і вар’яцтва бабулі, якая не перажыла першай зімы. Цвярозыя, вядома, пра такое маўчаць.

Сімвалічна, што і свёкар-чыноўнік таксама страціў розум. Ягонага белага каня — адзіную любоў у жыцці — атруцілі мясцовыя людзі. Каня хавалі ўначы, а былы наезнік піў гарэлку, пакуль не кінуўся адкопваць жывёлу. Яго звязалі і п’янага, бруднага, абрыганага звезлі ў вёску адпачываць. Страціўшы пасаду, ён стаў аграномам, мілым, бяскрыўдным чалавекам, які ведаў назвы процьмы раслінаў на лаціне.

Дом больш не крэпасць

У кнізе шмат сэксу — амаль столькі ж, колькі п’янства. Але кожны раз сэкс «незаконны».

Муж здраджвае жонцы, дачка любіцца з айчымам, кіроўца трамвая марыць пра дзяўчыну з прыпынку. Галоўная гераіня з мужам Паўлем не любяцца. Замест гэтага падушкі — сімвал сямейнага ложка — ляцяць у акно. Героі наракаюць на якасць кітайскіх прэзерватываў: маўляў, добрыя кітайцы адпраўляюць у Штаты, а ў Румынію едуць дзіравыя — такая бяда.

Чарга па дэфіцытныя прадукты.

З дзецьмі таксама цікава. Яны прысутнічаюць эпізадычна, як прыкры вынік палавых адносін, выпадковасць. У трамваі сядзіць бацька з малым на каленях, які ліжа бруднае шкло. Бацька не думае перашкаджаць. Навошта? Дзяцей бяруць у краму, каб у чарзе атрымаць больш тавару. Дзеці мелі б быць працягам жыцця, але навошта яго — такое жыццё — працягваць?..

Тое ж з элементарнымі побытавымі рэчамі, якія перастаюць слухацца чалавека. На кухні гераіня знаходзіць цыдулку ад сяброўкі, але толькі праз тыдзень даведваецца, што тая чапляла яе да дзвярэй. А значыць… Трэба правяраць дом, што ў ім знікла ці дадалося. Дом — зусім не крэпасць. Гэта толькі месца, дзе можна пераначаваць.

Дзесяць непатрэбных правілаў

А галоўнае, увесь гэты лад не аспрэчваецца. Ён — дадзенасць. Адзіная форма пратэсту — уцёкі за мяжу.

Так, сяброўка гераіні спрабавала збегчы з немаладым афіцэрам, але злавіла кулю. Першымі да яе цела дабраліся галодныя сабакі памежнікаў, якія разарвалі труп, выцягнулі вантробы. «Чырвоныя макі» — так гераіня апісвае карціну і прызнаецца, што больш не любіць гэтых кветак.

Нікалае Чаўшэску — «ісцінна народны лідар» і «геній Карпат». 

У грамадстве, якое апісвае Герта Мюлер, не дзейнічаюць правілы. Дакладней, не дзейнічае дэкалог, дзесяць біблейскіх запаветаў. «Не крадзі», «не чужалож»… — усё гэта не працуе.

Ёсць сістэма забаронаў, якая стварае калідор, а дакладней — трамвайныя рэйкі, па якіх коціцца трамвай з бруднымі шыбамі. Стомлены кіроўца, які па ходу мяняе потную кашулю або выходзіць, каб выпіць кавы і з’есці рагалік, можа адно лаяць пасажыраў ды спыняцца: адчыняць і зачыняць дзверы. Час у дарозе і напрамак яго таксама не хвалююць. Якая розніца, калі заўтра ўсё паўторыцца.

STEPHANIE VON BECKER/RHENPFALZ.DE

Герта Мюлер

нарадзілася ў 1953 годзе ў Румыніі, у сям’і сялян-швабаў. У вёсцы гаварылі па-нямецку. У 1979 годзе яна страціла працу, бо адмовілася супрацоўнічаць з таемнай паліцыяй Секурытатэ, у 1987 годзе эмігравала ў ФРГ. У 2009 годзе яна атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры з фармулёўкай «за супрацьстаянне прыгнёту і палітычнаму тэрору». Яе кнігі аналізуюць досвед перажытай несвабоды, гвалту, а таксама нежаданне памятаць пра гэта.

Трансільванскія немцы

Трансільванія — у перакладзе з лацінскай мовы «Залессе» — рэгіён на паўночным захадзе Румыніі, аддзелены ад рэшты краіны Карпатамі. Продкі румын — дакі і рымляне — засялілі яго з прадаўніх часоў.

У Х стагоддзі нашай эры сюды прыйшлі таксама венгры.
А ў ХІІ стагоддзі венгерскі кароль Геза ІІ запрасіў сюды немцаў з даліны Мозеля. Ён разлічваў на іх досвед у распрацоўцы пакладаў карысных мінералаў, на якія Трансільванія багатая (соль, якая страшна дорага каштавала ў Сярэднявеччы, золата, медзь, жалеза). А таксама яны павінны былі стаць заслонай ад набегаў качэўнікаў-полаўцаў.

Цікава, што да трансільванскіх немцаў прыляпілася назва «саксы», па назве пагранічнага германскага племені, што жыло ў Саксоніі, хоць самі перасяленцы пераважна паходзілі з Латарынгіі і Баварыі.

Немцы збудавалі тут сем умацаваных гарадоў. «Сямігароддзе» — па-нямецку Siebenbürgen — так доўгі час называлі гэтую зямлю і ў Вялікім Княстве Літоўскім. А ў кожнай нямецкай вёсцы была абарончая царква. Большасць з іх захавалася, падарожжа па Трансільваніі — захапляльная вандроўка ў часе і прасторы.

Этнаграфічная мапа Аўстра-Венгрыі 1899 года. Месцы кампактнага рассялення немцаў пазначаныя чырвоным колерам. WIKIMEDIA COMMONS

Пераехала немцаў досыць шмат, і жылі яны на асобных тэрыторыях, таму не растварыліся ў навакольным насельніцтве, а захавалі сябе як асобны народ восем стагоддзяў. Шмат стагоддзяў яны былі прывілеяваным слоем у Трансільваніі, разам з венгерскай шляхтай і пагранічнікамі-секеямі. Але пасля далучэння зямель да імперыі Габсбургаў паўзучая мадзьярызацыя (мадзьяр — раней так называлі венграў) і акаталічванне прымушалі немцаў, асабліва лютэранскую іх меншасць, шукаць саюзу з румынскім сялянствам.

Толькі ў часы таталітарызму ў ХХ стагоддзі рэжым Чаўшэску стаў выцясняць іх з краіны. Па перапісе 1930-га немцы складалі 4,1% насельніцтва Румыніі. На сёння іх засталося 0,2%.

Прэзідэнт-немец і румынскі скачок

Але сімвалічна, што прэзідэнт Румыніі цяпер немец з Сямігароддзя — Клаўс Іаханіс. Ён заслужыў павагу сваёй нецярпімасцю да карупцыі. Пра тое, наколькі ён быў папулярны, сведчыць яго пераабранне на другі тэрмін з рэдкім для дэмакратый вынікам — 66% галасоў. За час яго кіравання Румынія працягвала эканамічны ўздым, які пачаўся пасля далучэння краіны да Еўрасаюза.

Сярэдні заробак «чыстымі» ў Румыніі з 2014 да 2024 года вырас з 430 да 1030 долараў.

Каментары1

  • Шалупiнне
    21.04.2024
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных20

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі выпусцілі ружовы сыр з водарам прасека4

«За мой кошт каталі незразумела каго». Беларуска заўважыла, што з яе польскай карты спісваюцца грошы за чужыя паездкі ў таксі па Тбілісі4

МАК зняў забарону на арганізацыю міжнародных спаборніцтваў у Беларусі10

Чатыры кампаніі з беларускімі каранямі здолелі прабіцца ў топ-2000 найбуйнейшых бізнэсаў Польшчы

Перакладчыца ў Еўрапарламенце плакала, перакладаючы расказ 11‑гадовага ўкраінскага хлопчыка ВІДЭА9

«Мадура застаўся зусім адзін». Ці прыйдуць на дапамогу Венесуэле яе шматгадовыя саюзнікі?4

Марока пасля пратэстаў «пакалення Z» уводзіць квоты для жанчын і моладзі ў партыях5

Полк Каліноўскага абвясціў калядны збор на падарункі дзецям беларускіх добраахвотнікаў5

Хто тая беларуска, якую экстрадавалі ў ЗША для суда за кантрабанду дэталяў для самалётаў8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных20

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць