У туркменскіх школах спыняюць вывучэнне «Рухнамы» — «свяшчэннай кнігі», напісанай былым прэзідэнтам рэспублікі Сапармуратам Ніязавым (Туркменбашы).

У новай школьнай праграме, распрацаванай Міністэрствам адукацыі для сярэдніх школ, «Рухнама» адсутнічае. Праграма будзе дзейнічаць ужо ў наступным навучальным годзе (гэта значыць з 1 верасня).

Вучэбныя гадзіны, раней аддадзеныя пад вывучэнне кнігі прэзідэнта, будуць запоўненыя іншымі прадметамі. У той жа час «Рухнама» па-ранейшаму застаецца ў спісе дысцыплін, экзамены па якіх павінны здаваць абітурыенты.

«Рухнама» («Кніга душы») была выдадзена ў пачатку 2000-х.
Кніга, якая змяшчае звод маральных правіл, а таксама разважанні прэзідэнта пра гісторыю і значнасць туркменскага народа, фактычна стала абавязковай для чытання і вывучэння. Здаваць іспыты па «Рухнаме» павінны былі не толькі студэнты, але і чыноўнікі.
У кнізе Ніязава, у прыватнасці, сцвярджалася, што туркмены першымі сталі выплаўляць руду і змайстравалі першы воз, а «туркменскае кола павярнула ход гісторыі».

«Рухнама» стала элементам культу асобы Ніязава. Дзень, калі ён завяршыў працу над кнігай, быў абвешчаны дзяржаўным святам. У гонар прэзідэнцкага трактата былі перайменаваны адзін з месяцаў (верасень) і дзён тыдня (субота). У Ашхабадзе быў пастаўлены помнік «свяшчэннай кнізе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?