Перамовы па якасці беларускай малочнай прадукцыі, што пастаўляецца ў Расію, пройдуць у Маскве 5 верасня. Пра гэта паведаміў журналістам 4 верасня кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка, перадае РІА Новости.
Ён выказаў заклапочанасць якасцю і бяспекай харчовай прадукцыі з Беларусі, асабліва малочнай.
Нагадаем, 28 жніўня Расспажыўнагляд выказаў апасенні наконт якасці малочных прадуктаў з Беларусі: 39 з 83 даследаваных узораў масла салодка-сметанковага несалёнага класічнай і паніжанай тлустасці не адпавядалі патрабаванням па маслатлушчавым складзе, дзве з дзевяці проб пітнога малака не адпавядалі патрабаванням па мікрабіялагічных паказчыках, дзевяць з 15 проб сухога малака не адпавядалі патрабаванням
па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках, у тым ліку па ўтрыманні антыбіётыкаў.
«Прэтэнзіі, канешне, застаюцца. Яны нікуды не растварыліся і не разышліся ў паветры», — сказаў сёння журналістам галоўны санітарны ўрач Расіі.
Паводле яго слоў, у Маскве заўтра адбудзецца «чарговы цыкл
высвятлення пазіцый». У гэты ж дзень у кіраўніка Расспажыўнагляду прызначана сустрэча з міністрам аховы здароўя Беларусі Васілём Жарко.
Анішчанка ўдакладніў, што 5 верасня ў Маскве віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч правядзе пасяджэнне расійска-беларускай міжурадавай камісіі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, беларускі бок будзе прадстаўляць першы віцэ-прэм’ер урада Уладзімір Сямашка.

Як паведамляў БелаПАН, цяпер планы правесці пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы захоўваюцца. «Працягваецца спакойная і ўпэўненая
падрыхтоўка да пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, якое запланавана на 17 верасня», — паведаміў суразмоўца БелаПАН. Эксперты лічаць, што сітуацыя з правядзеннем саюзнага Саўміна канчаткова праясніцца пасля перамоў віцэ-прэм’ераў Беларусі і Расіі ў чацвер.

Нагадаем, расійскія інфармагенцтвы са спасылкай на крыніцы ў расійскім урадзе паведамілі 3 верасня аб тым, што найбліжэйшая сустрэча прэм’ер-міністраў Беларусі і Расіі можа адбыцца 24–25 верасня ў Казахстане на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага савета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?