У Алматы пасля акцыі супраць дэвальвацыі тэнге ў суботу, у нядзелю адбыўся новы мітынг. Тут дадаліся новыя патрабаванні — супраць правілаў Мытнага саюза, якія тычацца забароны на ўвоз карункавай ніжняй бялізны.

На акцыю пад назвай «Трусы для елбасы» (елбасы у перакладзе з казахскай значыць прэзідэнт, «бацька нацыі») сабралася каля 30 чалавек.

Самымі актыўнымі ўдзельніцамі акцыі былі тры дзяўчыны — гэта журналісткі і актывісткі Жанна Байцелава і Яўгенія Плахіна, а таксама былы дырэктар Цэнтра сучаснага мастацтва Сораса ў Алматы Валерыя Ібраева.

Манумент незалежнасці казахская міліцыя загадзя агарадзіла з дапамогай спецыяльных стужак, спасылаючыся на рамонтныя працы. І, калі актывісткі паспрабавалі ўсё ж такі прабрацца да помніка, каб ускласці і надзець на яго трусы, паліцыя іх затрымала.

Усіх траіх даставілі ў аддзяленне, і праз некалькі гадзін суд аштрафаваў дзяўчат па абвінавачванні ў дробным хуліганстве — кожную прыкладна на 100 долараў ЗША.

Пасля вызвалення адна з актывістак, Яўгенія Плахіна, распавяла, супраць чаго пратэставала: «Я выйшла са апошнімі сваімі карункавымі майткамі, якія ў нас забароняць у ліпені 2014 года. І не толькі ў нас — на тэрыторыі ўсяго Мытнага саюза».

Нягледзячы на тое, што суботняя і нядзельная акцыі зусім нешматлікія, гэта дрэнны знак для ўлады, мяркуе палітолаг Дасым Сатпаеў.

«Самае цікавае тое, што пасля дэвальвацыі 2009 года ніякіх акцый пратэсту наогул не было. Я думаю, што для ўладаў з'яўляецца трывожным знакам тое, што хтосьці вырашыў выказаць пратэст такім спосабам. А гэта як раз кажа аб тым, што пратэстныя настроі ў Казахстане існуюць», — кажа палітолаг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?