Колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі за апошні год зменшылася на 4,6 тысячы, сведчаць звесткі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. 

На 1 красавіка гэтага года ў краіне жылі 20.694 ветэраны (у 2013 годзе — 25,3 тыс., у 2012-м — 30,5 тыс.), у тым ліку 14.172 ўдзельнікі вайны,

уключаючы трох Герояў Савецкага Саюза і аднаго кавалера ордэна Славы трох ступеняў, а таксама 5.432 узнагароджаных працаўнікі тылу, 657 блакаднікаў Ленінграда, 344 чалавекі, якія працавалі на аб`ектах СПА, будаўніцтве абарончых збудаванняў, прыфрантавых участках дарог, у складзе экіпажаў суднаў, інтэрнаваных у пачатку вайны ў партах іншых дзяржаў, і 89 чалавек, якія ўдзельнічалі ў размініраванні тэрыторыі пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі. 

У Беларусі таксама жыве прыблізна 30 тыс. чалавек, пацярпелых у гады Вялікай Айчыннай вайны (у 2013 годзе — 34,2 тыс.): 27.792 былых вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў і гета, 1.302 члены сем`яў загінулых воінаў і партызан і 896 інвалідаў з дзяцінства ў выніку баявых дзеянняў у перыяд вайны. 

У Мінску на пачатак 2014 года жылі 8.730 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і асоб, пацярпелых ад яе наступстваў. 

Згодна з указам прэзідэнта, да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з 1 чэрвеня па 1 ліпеня ветэранам і пацярпелым у гады вайны будзе выплачана матэрыяльная дапамога. 

Героям Савецкага Саюза, кавалерам ордэна Славы трох ступеняў і Героям Сацыялістычнай Працы, удастоеным гэтага звання за заслугі ў гады вайны, прадугледжана дапамога ў 10 млн. рублёў; інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, асобам, якія ўдзельнічалі ў складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб`ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943—1945 гадах, — 8 млн. рублёў. 

Па 3,5 млн. рублёў атрымаюць грамадзяне, узнагароджаныя ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны; якія працавалі на аб`ектах супрацьпаветранай абароны, мясцовай супрацьпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб`ектаў у тылавых межах дзейных франтоў, на прыфрантавых участках дарог, члены экіпажаў суднаў транспартнага флоту, інтэрнаваных у пачатку вайны ў партах іншых дзяржаў; якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях блакаднага Ленінграда і ўзнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда» або знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда»; члены сем`яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, памерлых у гады Вялікай Айчыннай вайны (бацькі, мужы (жонкі), якія не заключылі новы шлюб, дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя) і іншыя ўтрыманцы загінулага, што атрымліваюць пенсію з нагоды страты кармільца); інваліды з дзяцінства ў выніку баявых дзеянняў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны або іх наступстваў; былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў і гета, якім устаноўлена павышэнне пенсіі на гэтай падставе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?