28 кастрычніка на сайце ўкраінскага сайта «Вести» з'явілася гутарка з Паўлам Булатнікавым, лідарам групы «Трубяцкі».

Асаблівы рэзананс выклікаў адказ на пытанне, як Булатнікаў і Міхалок падзялілі рэпертуар пасля распаду «Ляпіса Трубяцкога». Выданне падало адказ Паўла ў такім выглядзе: «Сяргей пакінуў нам практычна ўвесь рэпертуар групы, хоць усе песні — яго аўтарства, а забараніў спяваць «Воіны святла», «Капітал», «Я веру» і яшчэ некалькі. Для яго, як ён сказаў, яны вельмі асабістыя».

Сёння на Фэйсбуку з'явіўся каментар прэс-аташэ гурту Аляксандра Бергера. «Я прысутнічаў падчас размовы Пашы з карэспандэнтам гэтага сайта і магу паклясціся, што ён не прамаўляў фразу: «Міхалок … забараніў спяваць «Воіны святла»,«Капітал», «Я веру» і яшчэ некалькі, — піша Бергер. — Для яго, як ён сказаў, яны вельмі асабістыя». Паводле словаў прэс-аташэ, гаворка ішла пра тое, што гурт і не збіраўся выконваць некаторыя песні «Ляпісаў» — бо яны выразна асацыююцца з іх аўтарам, Сяргеем Міхалком. «А «забараніў» — гэта поўная лухта», — адзначае Бергер.

Сярод іншага, Булатнікаў кажа ў інтэрв'ю, што «Трубяцкі» падаў заяўкі на канцэрты ў Беларусі. «Ляпісы» да самага распаду былі ў негалосным «чорным спісе» і не маглі выступаць на тэрыторыі краіны. Але на іх канцэрты ў суседнія сталіцы з'язджаліся тысячы беларусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?