Грамадства77

Хронікі 17-гадовага спайс-наркамана Лёні: выпісаўся і адразу ўзяўся за старое

Не паспелі журналісты паведаміць, што 17-гадовага спайс-наркамана бацькі ўсё ж забралі з клінікі, як вось новы і, на жаль, сумны паварот.

Нагадаем, у лістападзе 17-гадовага спайс-наркамана Лёню бацькі разам з міліцыяй даставілі ў Мінскую бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі і наадрэз адмовіліся забіраць. Грамадскасць, СМІ, а таксама спецыялісты рознага профілю горача абмяркоўвалі, што рабіць, спрачаліся, правільна ці не зрабілі бацькі ў роспачы. Лёня тым часам, ужо ў РНПЦ псіхічнага здароўя, чакаў рашэння свайго лёсу. Ці ўсвядоміць ён сваё становішча, ці пасталее, ці вырашыць пазбавіцца ад згубнай звычкі? Адказы на ўсе пытанні з'явіліся напярэдадні мінулых выходных. Лёня усё ж такі апынуўся дома. А праз некалькі гадзін бацькі зноў знайшлі яго… пад спайсам.

У рэдакцыі «СБ» і сёння захоўваецца яго ліст, дзе ён публічна запэўнівае, што зразумеў: «У жыцці галоўнае не кайф, а давер і любоў блізкіх». Просіць не пазбаўляць шанцу, забраць дадому, абяцае, што сорамна за яго больш не будзе. Падчас двухгадзіннай размовы тэт-а-тэт Лёня слёзна запэўніваў карэспандэнта «СБ», што залежнасці ў яго няма зусім, што да «гэтай брыдоты» не дакранецца больш ніколі… Сёння і ліст, і дыктафонны запіс — сведчанні хлусні. Відавочны доказ абсалютнай няздольнасці сапсаванай наркотыкам асобы адказваць за свае словы і ўчынкі.

— Нам патэлефанавалі з РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках і сказалі, што сёння Лёня будзе выпісаны, — хвалюючыся, успамінае мама Лёні Вольга. — Не падумайце, што змушалі забіраць, не. Мы з мужам, у прынцыпе, маглі і не ехаць. Цяпер не перастаю папракаць сябе за гэтую слабасць. Але тады падумалі, што ж нават рэчаў Лені ніякіх не прывозілі, усе казённае… І паехалі. Там быў цэлы кансіліум дактароў. Доктар, які непасрэдна працаваў з сынам і ведаў яго яшчэ па папярэдніх выпадках, калі мы прывозілі Лёню ў Навінкі, выказваўся шчыра: мозг ужо пашкоджаны наркотыкам, наступствы спажывання імкліва набываюць злавесны характар… Сказаў, што патрэбен вельмі строгі рэжым, штодзённая і вельмі пільная ўвага спецыяліста-псіхолага. З прорвы, у якую Лёня імкліва падаў два гады, за 10 дзён не падняцца. Увогуле, размова ішла аб рэабілітацыйным цэнтры, куды мы і мелі намер адправіцца адразу ж.

Бацькі вырашылі везці сына ў адзін з цэнтраў рэабілітацыі РГА «Маці супраць наркотыкаў». Але калі селі ў машыну, Лёня, распавядае яго мама, сказаў, што стаміўся і хоча есці:

— І тут муж прапанаваў заехаць на некалькі хвілін дадому, перакусіць і, можа, узяць яшчэ нейкія рэчы. Паехалі. Гэта была яшчэ больш сур'ёзная памылка.

Ледзь пераступіўшы парог хаты, Лёня заявіў, што сёння нікуды не паедзе, таму што яму трэба як след адпачыць і падумаць аб жыцці. І, зрэшты, не варта ехаць і заўтра, і паслязаўтра, бо дактары, маўляў, усё выдумляюць. У бацькоў — новая хваля роспачы… Але Лёня ўжо зачыніўся ў сваім пакоі са словамі: «Не замінайце. Мне трэба скласці творчыя і жыццёвыя планы». Бацькі вырашылі саступіць сыну ўсяго на некалькі гадзін — хай адпачне, а потым на свежую галаву рушым у дарогу… Самі селі абзвоньваць іншыя цэнтры.

— Прызнацца, я ўжо вельмі стамілася ад усяго гэтага кашмару — асабліва ад журналісцкай аблогі. Мы з Анатолем вырашылі нічога не хаваць толькі таму, каб людзі зразумелі, наколькі гэта цяжка, калі ў сям'і дзіця-наркаман. У гэтым выпадку ўсе чакаюць ад бацькоў рашучых дзеянняў, бо па законе мы — галоўныя апекуны. Але ж, калі мы прыходзілі да чарговага лекара — а куды толькі мы Леню не вазілі за апошні год! — дык кожны раз чулі пра бессэнсоўнасць лячэння, пакуль сын не прыме рашэнне ачуняць сам. А ці ўсе здольныя ў 15—16 гадоў прымаць разумныя рашэнні? Тым больш калі наркотык ужо атакаваў і мозг, і волю, папросту ператварыўшы дзіця ў раба, — слухала я горкія словы маці.

Лёня знаходзіўся ў пакоі адзін каля пяці гадзін. За гэты час бацькі адкарэктавалі планы на вечар: каля 19.30 чакалі супрацоўніка іншага рэабілітацыйнага цэнтра, які абяцаў сам адвезці Леню.

— А тут убачылі, — распавядае мама, — што па тэлевізары паказваюць сюжэт якраз пра сына! Я да дзвярэй: «Лёня, ідзі паглядзі, пра цябе перадача!» А там глуха. Грукаем. Безвынікова. Спрабуем адчыніць — не атрымліваецца. Потым зразумелі, што дзверы падпёртыя канапай. Калі разам з супрацоўнікам цэнтра патрапілі ў пакой, аказалася, што Лёня знайшоў заначку. Абкураны так, што быў сам да сябе не падобны…

З вялікай цяжкасцю яго ўсё ж удалося адправіць у цэнтр. Курс лячэння ў ім разлічаны на паўгода і абыдзецца бацькам у 4.500 даляраў. Але любы спецыяліст скажа: барацьба з нарказалежнасцю — справа, дзе ніхто нічога загадзя не гарантуе. Таму бацькі шукаюць і іншыя варыянты. У іх вельмі мала часу — у жніўні Лёні споўніцца 18. Значыць, потым па законе яны і зусім не змогуць паўплываць на сітуацыю. Вольга і Анатоль будуць удзячныя ўсім, хто гатовы аказаць дапамогу ў лячэнні іх сына. Не развагамі пра тое, хто мае рацыю або вінаваты, а канкрэтным адрасам, тэлефонам таго цэнтра, дзе такіх вось, хто падае ў прорву, ставяць на ногі.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс3

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс

Усе навіны →
Усе навіны

66‑гадовая беларуска Лілія Яноўская скарыла дзясяты васьмітысячнік. Над ім залунаў бел-чырвона-белы сцяг4

Беларуска праз сацсетку за шэсць гадзін дапамагла італьянцам знайсці хлопчыка, які гасцяваў у іх амаль 30 гадоў таму

Святлана Ціханоўская ўшанавала ў Кіеве памяць загінулых герояў3

Рэдакцыя «Гродзенскай праўды» амаль у поўным складзе кінулася ў сацсеткі каментаваць візіт Ціханоўскай у Кіеў25

У крамы Мінска завезлі трапічную зорную садавіну

Расія заявіла, што распачынае «сістэмныя ўдары па Кіеве». МЗС РФ заклікаў замежнікаў пакінуць сталіцу Украіны29

Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі. Ён звярнуўся да Лукашэнкі3

На Сенненшчыне ўпаў беспілотнік4

МАРГ прызнала неэтычнай рэкламу шаўрмы: «абясцэньвае жыццё жывой істоты»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс3

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць