Грамадства1818

Як спадчынны пажарнік стаў галоўным камсамольцам краіны. Гісторыя жыцця кіраўніка БРСМ Аляксандра Лук'янава

Былы супрацоўнік МНС Аляксандр Лук'янаў хутка ўжыўся ў давераную яму ролю галоўнага ідэолага беларускай моладзі. З яго прызначэннем на ролю першага сакратара ЦК нехта чакаў рэбрэндынгу БРСМ, але атрымалася толькі больш глыбокае пагружэнне ў традыцыі камсамольскай мінуўшчыны.

Расказваем, якімі метадамі Лук'янаў змагаецца за розумы беларускай моладзі, якіх куміраў ім прапаноўвае, як бавіць вольны час і за што атрымлівае штрафы, сам заклікаючы прытрымлівацца законаў.

Аляксандр Лук'янаў. Тут і далей — фота з асабістага архіва героя

Ад МНС да БРСМ

Сённяшні першы сакратар ЦК БРСМ нарадзіўся ў раёне так званага Рабочага пасёлка ў Магілёве. У яго сям'і ўсе так ці інакш звязаныя з пажарнай справай. Маці была намесніцай дырэктара кампаніі «Пажспецсэрвіс», якая ажыццяўляе праектаванне сістэм пажарнай сігналізацыі. Сёння яна на пенсіі. Бацька — дырэктар гэтай арганізацыі і пенсіянер МНС. Менавіта па яго слядах пайшоў сын, які з 2007 па 2021 праходзіў службу ў органах і падраздзяленнях МНС і даслужыўся да звання маёра запасу.

Кар’ера ў МНС у Лук’янава рухалася досыць зайздросна: пачаўшы курсантам, ён працягнуў службу ў якасці інспектара, пазней быў начальнікам дзяжурнай змены. А потым сам выкладаў ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны. У яго маецца нават уласны навуковы праект — «Антыпірэн» — айчынная прапітка для арганічных матэрыялаў, што запавольвае ўзгаранне і гарэнне.

Па гэтай жа тэме Лук’янаў напісаў кандыдацкую дысертацыю («Устойлівая вогнеахова поліэфірных матэрыялаў нанадысперснымі запавольнікамі гарэння»). Лічыцца, што калі б не сям’я і іншыя абавязкі, ён бы з галавой пагрузіўся ў навуку, але ў выніку крута развярнуў сваё жыццё ў бок ідэалогіі і палітыкі.

Першым сур’ёзным сутыкненнем з БРСМ стаў удзел у конкурсе «100 ідэй для Беларусі», у якім ён якраз перамог з праектам «Антыпірэн». Пасля гэтага ён ужо не выключаўся з дзейнасці Саюза.

У 2018 годзе яму прапанавалі прадстаўляць БРСМ у Моладзевай палаце пры Парламенцкім сходзе Беларусі і Расіі, а ўжо ў 2021-м ён быў абраны першым сакратаром.

«2020 год — памылка БРСМ»

Пасля 2020-га БРСМ моцна крытыкаваўся Лукашэнкам і чыноўнікамі, маўляў, у тым ліку праз іх недапрацоўку моладзь выйшла на вуліцы. Таму пасля прызначэння Лук’янава многія задавалі яму лагічныя пытанні: што будзе зроблена для выпраўлення памылак мінулага, як будзе павышацца прывабнасць арганізацыі?

Але замест рэбрэндынгаў Лук’янаў абраў курс на вернасць камсамольскім традыцыям. Так, да 105-годдзя камсамола і 60-годдзя студатрадаў ён з паплечнікамі правёў маштабны канцэрт у Палацы рэспублікі, зрабіўшы з пляцоўкі сапраўдную машыну часу.

У якасці ж працы над памылкамі за 2020 год у БРСМ, напрыклад, запусцілі праект «Моц закона», у межах якога ў звязцы са Следчым камітэтам, МУС, юрфакам БДУ і адвакатамі працуюць над прававым выхаваннем моладзі.

Па інфармацыі «Белпола», на самога Лук'янава ў 2013 годзе накладалася забарона на выезд з Беларусі. Картку выстаўлялі супрацоўнікі аддзела па наркотыках і і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, але развіцця гэтай гісторыі ў базах экс-сілавікоў няма. «Магчыма, праверка вялася не ў дачыненні да Лук'янава», — каментуюць у «Белполе».

Пры Лук’янаве ў БРСМ узялі дадатковы курс на збліжэнне арганізацыі з праваслаўнай царквой. Усё — «для духоўнага выхавання моладзі».

Лук'янаў і мітрапаліт Веніямін

Пры ім жа актыўна ўзяліся за дабудоўванне маштабнага патрыятычнага моладзевага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці. Грошы на яго пералічваліся з суботнікаў і ахвяраванняў — як народных, так і партыйных. Але самай выгаднай працоўнай бясплатнай сілай тут сталі студатрады БРСМ.

Аб’ект так і пазіцыянуецца — Усебеларуская моладзевая будоўля — у найлепшых савецкіх традыцыях. Плануецца, што першая чарга будаўніцтва (рэканструкцыя казармы 125-га стралковага палка на Кобрынскім умацаванні пад спальны корпус, стварэнне памяшканняў для арганізацыі адукацыйнага працэсу, стварэнне намётавага мястэчка і спартовай пляцоўкі) скончыцца ў 2025 годзе. Але чыноўнікі ўжо цяпер мараць: «Пасля маштабнай рэканструкцыі ў цэнтры будуць створаныя ўсе ўмовы для арганізацыі штодзённай працы па патрыятычным выхаванні школьнікаў і моладзі ўсёй рэспублікі». Існы Брэсцкі патрыятычны цэнтр мае больш лакальны характар.

Пасля 2020-га ў Беларусі былі ліквідаваныя сотні некамерцыйных арганізацый. Па словах Лукашэнкі і дзяржпрапаганды, якая транслявала яго рыторыку, яны «добрымі справамі прыкрывалі ўліванне грантаў у дзяржпераварот». Заняць іх незлічоную колькасць ніш прапанавалі БРСМ.

Пакуль што ў іх сталых кірунках дзейнасці знайшлося месца валанцёрству на карысць ветэранаў і жывёл, займаюцца актывісты аднаўленнем помнікаў і святыняў. Таксама БРСМ дапамагалі мігрантам на беларуска-польскай мяжы і ўдзельнічалі ў экалагічных акцыях на тэрыторыях, пацярпелых падчас аварыі на ЧАЭС. Умоўныя ахвяры сямейнага гвалту, якім дапамагалі ліквідаваныя арганізацыі, іх не цікавяць. 

Цікава, што, калі для беларускіх ідэолагаў у сферы моладзевай палітыкі паўсталі новыя выклікі — ПВК «Родан» і папулярнасць серыялу «Слова пацана», БРСМ з іх нібыта праведзенай працай над памылкамі ўсё адно не змог зрэагаваць на іх больш крэатыўна, чым пафаснымі заклікамі «не весціся на правакацыі і не ламаць свой жыццёвы шлях».

«Не хочаце быць чушпанамі — уступайце ў БРСМ», — крэатывіў Лук’янаў. Такая самая альтэрнатыва прапаноўвалася і падлеткам, якія зацікавіліся рухам ПВК «Родан».

«Беларускую мову выкарыстоўваюць у палітычных мэтах»

Яшчэ адзін момант, якому пры кіраўніцтве Лук'янава не далі рады — выкарыстанне беларускай мовы. Калі раней БРСМ нават спрабаваў праводзіць Дзень вышыванкі, то сённяшні сакратар гэтага баіцца: «Нашы апаненты перахапілі парадак дня і выкарыстоўваюць беларускую мову ў палітычных мэтах, а гэта няправільна. Павага да беларускай мовы і свабоднае валоданне — таксама важны элемент патрыятызму і нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму будзем думаць, што мы можам зрабіць».

Пакуль што нічога новага Лук'янаў з камандай у гэтым кірунку так і не прыдумалі.

З Наталляй Качанавай

«Супрацоўнікам БРСМ прыходзіла 30-40 пагроз за суткі»

Сваю жонку Маргарыту Лук’янаў называе «тылам». Па яго словах, пасля 2020 года ў сувязі з рознымі палітычнымі перакананнямі ён спыніў камунікацыю са многімі знаёмымі. У той час кожнаму дэананімізаванаму супрацоўніку БРСМ (у тым ліку самому Лук’янаву) нібыта прыходзіла «каля 30-40 пагроз у суткі».

Жонка ж падзяляе погляды мужа. Сама яна займаецца арганізацыяй дзіцячых святаў ва ўласным клубе Danakids.

Пара выхоўвае дачку Мілану, будуючы ў сацсетках вобраз ідэальнай беларускай сям’і: дапамога бацькам, царква, прырода, спорт.

У адпачынак — у Запарожскую і Херсонскую вобласці

Людзі, якія вучыліся з Лук’янавым у адной школе, не адразу могуць яго згадаць. Кажуць, што нічым не вылучаўся. Але сёння ён часты госць на дзяржаўным тэлебачанні і на эфірах у прапагандыстаў.

На пару з Рыгорам Азаронкам у свой адпачынак ён у 2023-м наведваў Запарожскую і Херсонскую вобласці. Там абменьваўся досведам працы з кіраўніцтвам федэральнага агенцтва «Росмоладзь», а таксама міністрамі па моладзевай палітыцы акупаваных Луганскай і Данецкай народных рэспублік.

Галоўная выснова, якую сакратар прывёз адтуль: «Гэтая паездка падштурхнула да думкі, што маладым беларусам варта яшчэ раз задумацца: ад чаго мы сышлі ў 2020-м годзе, калі б хоць на хвіліну наша ўлада завагалася і праявіла слабасць! Наступствы былі б значна горшыя, чым ва Украіне. Памятайце гэта і разумейце!»

Аляксандр Лук'янаў і Рыгор Азаронак

Разам з фондам Аляксея Талая пасля пачатку вайны ва Украіне ідэолаг збірае для дзяцей Данбаса гуманітарку і кіруе працэсам іх аздараўлення ў Беларусі.

«Дзмітрый Баскаў — прыклад для сучаснай моладзі»

У школьныя гады Лук’янаў захапляўся танцамі і выступаў у магілёўскім харэаграфічным ансамблі «Радасць». У старэйшых класах пераключыўся на тайскі бокс і пажарна-ратавальны спорт, у якім выканаў нарматыў на кандыдата ў майстры спорту.

Цяпер ён — сталы наведнік трэнажорак. Часам — разам з жонкай, а часам — з Дзмітрыем Баскавым, якога ён называе прыкладам для сучаснай моладзі. З апошнім яго аб’ядноўвае і нястомная падтрымка Лукашэнкі на хакейных матчах.

Лук'янаў з Баскавым

Заўзятары з БРСМ не прапускаюць ніводнай гульні каманды Лукашэнкі па хакеі, адмыслова малюючы для іх плакаты і рыхтуючы крычалкі.

«Па-іншаму і быць не можа, бо мы ведаем, што найлепшая каманда ў краіне — каманда прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», — тлумачыць Лук’янаў.

Чытайце таксама: Як забівалі Рамана Бандарэнку. Хроніка падзей

«Лукашэнка — нацыянальны герой, асоба гістарычнага маштабу»

Сваю любоў да Лукашэнкі Лук’янаў праяўляе часам аж занадта заўзята — устаўляючы ў свае пасты хэштэгі «за прэзідэнта», арганізоўваючы крычалкі гэтага лозунга на масавых мерапрыемствах ці здымаючы цэлыя прапагандысцкія ролікі з гучнай назвай «Моладзь усяго свету — за Лукашэнку».

Да дня народзінаў Лукашэнкі БРСМ распачаў у сацсетках эстафету: «Наш прэзідэнт — наша краіна». А заява, што той збіраецца на выбары і ў 2025 годзе, выклікала ў Лук’янава «буру эмоцый».

«Лукашэнка — нацыянальны лідар і герой, асоба гістарычнага маштабу! Гарант міру не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім рэгіёне», — падкрэслівае першы сакратар і прыводзіць наступныя аргументы: 1) Лукашэнка разам з Пуціным уратавалі ад трагедыі Казахстан у 2022 годзе; 2) Лукашэнка не спаў, арганізоўваючы пляцоўку для перамоваў Расіі і Украіны ў 2022 годзе, і дапамог «сотням тысяч бежанцаў»; 3) Лукашэнка задушыў мяцеж Прыгожына.

З Лукашэнкам

У сваім жаданні апраўдаць дадзеную яму пасаду Лук'янаў не саромецца і ў абразах, паўтараючы рыторыку Азаронка: «Тэрарыстаў, экстрэмістаў, змагарскае паскуддзе, здраднікаў і ворагаў народа будзем выпальваць жалезам». Яно і зразумела: у вытокаў БРСМ стаяў сам Лукашэнка, і фінансуецца іх дзейнасць дзяржавай. Але пры гэтым яшчэ ў 2020-м, пасля выбараў, Лук'янаў заклікаў нацыю не дзяліцца і абняцца — заклікі змяніліся следам за палітычнай павесткай.

Каментары18

  • даведка
    14.05.2024
    БРСМ нащупал путь к сердцу молодёжи через декольте... https://i.ibb.co/Zg5TJ0n/dekolte.png
  • Ёсік
    14.05.2024
    Як і дырэктар саўгаса - няма чаго прапанаваць, будзем эксплуатаваць мінулае. Дзед задзёўб вайной, а гэты ўспамінае пашку карчагіна. Але каб тваё га.но існавала, трэба ў моладзі адабраць інтэрнэт, апрануць усіх, як у ПК, фрызуры ўсім аднолькавыя, і шыхтам зь песьнямі ў вольны час каб толькі школа-шыхт-сон-шыхт-школа і ра кругу. А калі сур'ёзна, глядзіш на гэтых памагатых сядзець на троне да скону, і адное пытаньне - адкуль, бл.., адкуль вы павылазілі, чаму ты вырашыў, што можаш зас.раць глузды беларускай моладзі, куды і для чаго ты іх замбуеш.
  • Лейцар коркавы
    14.05.2024
    А я пайшоў у 8 класе. Прыйшлі ў райвыканкам, мая чарга, А там стары нейкі палкоўнік у мяне пытаецца: Ты чытаеш усе перадавіцы газет? Кажу Так. Ты не можаш усе чытаць, іх шмат, не будзеш камсамольцам. Ну і хрэн вам усім у вочы, бегаць за мной будзеце. Заканчваем школу, адзін я не камсамолец. Як былі га.ном,такім і засталіся.

Праекціроўшчыкі паказалі, як будзе выглядаць плошча Бангалор у Мінску. Ім сказалі падумаць лепш7

Праекціроўшчыкі паказалі, як будзе выглядаць плошча Бангалор у Мінску. Ім сказалі падумаць лепш

Усе навіны →
Усе навіны

Найгоршы спосаб захоўвання бананаў. Вось чаму яны так хутка чарнеюць5

У Віцебску загінуў малады кіроўца — ён урэзаўся ў ліхтарню1

Расія ўдарыла па інтэрнаце ў Суджы, дзе ўкраінцы размясцілі пажылых расіян з інваліднасцю. Загінула жанчына

У сталічным інтэрнаце ад удару токам загінула жанчына

Цяжарную мінчанку затрымалі на мяжы пры вяртанні з Літвы за абразу Кубракова16

Прадстаўнік МЗС Беларусі сустрэўся з тэрарыстам са спісу КДБ16

Пасля 2020-га ад Ярмошынай адмовіўся нават садоўнік, які стрыг яе кусты ў Драздах22

Ярмошына расказала, як апазіцыя нібыта спрабавала яе падкупіць11

Андрэй Кашперскі здымае фільм жахаў «Суд мёртвых» па матывах беларускіх судоў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праекціроўшчыкі паказалі, як будзе выглядаць плошча Бангалор у Мінску. Ім сказалі падумаць лепш7

Праекціроўшчыкі паказалі, як будзе выглядаць плошча Бангалор у Мінску. Ім сказалі падумаць лепш

Галоўнае
Усе навіны →