У нядзелю скончылася ўсеагульнае галасаванне (праходзіла з пятніцы) па выбарах лідара партыі Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы, на выбарах лідзіруе 33-гадовы Габрыэлюс Ландсбергіс, унук першага старшыні гэтай партыі Вітаўтаса Ландсбергіса.
З перамогай яго ўжо павіншавала Ірэна Дэгуцене, якая была галоўным яго канкурэнтам, паведамляе Delfi.
Усяго ў выбарах прымалі ўдзел шэсць кандыдатаў: Ірэна Дэгуцене, Габрыэлюс Ландсбергіс, Мантас Адаменас, Юргіс Разма, Лайма Андрыкене, Эмануэліс Зінгерыс.
Найбольш рэальнымі прэтэндэнтамі на пасаду старшыні партыі былі І.Дэгуцене і Г.Ландсбергіс, які заслужыў сімпатыі цяперашняга старшыні і былога экс-прэм'ера Андруса Кубілюса, які ў выбарах удзелу не браў, і яго прыхільнікаў.
Выбары лідара партыі, які абіраецца на два гады, у Літве, у адрозненне ад той жа Беларусі праходзяць цікава.
Ва ўсіх гарадах, мястэчках і вёсках, дзе ёсць ячэйкі партыі, адбываецца прамое галасаванне. Найбуйнейшая апазіцыйная партыя Літвы Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты налічвае 16 тыс. сябраў, удзел у галасаванні ўзялі 9 124 чалавекі. За Ландсбергіса прагаласавалі 4 525 чалавек, за Дэгуцене — 3 913 членаў партыі.
Габрыэлюс Ландсбергіс cкончыў у 2002 г. Віленскі ўніверсітэт (бакалаўр гісторыі) некалькі гадоў адпрацаваў у МЗС Літве, у замежным сектары, затым чатыры гады ў камандзе былога прэм'ера Кубілюса.
У маі 2014 г. быў абраны ў Еўрапарламент і ўжо паспеў атрымаць забарону на ўезд у Расію. Таксама меркавалася, што ён увойдзе ў групу ЕП па Беларусі.
Парламенцкія выбары ў Літве ў 2012 г. выйграла Сацыял-дэмакратычная партыя, адпаведна прэм'ерам краіны стаў яе лідар Альгірдас Буткявічус. Наступныя выбары павінны прайсці ў 2016 г.