Па няпоўны тыдзень гарадзенскім ратавальнікам прыйшлося двойчы выязджаць на выклікі з-за прыгарэлай на пліце ежы. У абодвух сітуацыях, пакуль на кухні дагараў абед, гаспадары мірна спалі ў суседніх пакоях, а ратавальнікі траплялі ў жыллё праз акно.

У мінулую нядзелю ад жыхаркі пяціпавярховіка ў мікрараёне Фолюш паступіла паведамленне аб задымленні ў пад'ездзе. Да месца пажару накіраваліся пяць пажарных разлікаў. Трапіць у кватэру на чацвёртым паверсе, з якой ужо ішоў чорны дым, атрымалася па трыццаціметровым каленчатым пад'ёмніку. У адным з задымленых пакояў байцы МНС выявілі спячым і выратавалі 43-гадовага гаспадара. Шпіталізацыя мужчыны не спатрэбілася, як і эвакуацыя жыхароў пад'езда.

Пазней стала вядома, што ў кватэры пражывае звычайная сям'я з дзецьмі — 16 і 7 гадоў. Гаспадыня паставіла на газавую пліту патэльню, папярэдзіла мужа, а сама пайшла на рынак. Дзяцей дома не было, а мужчына пасля працы ў начную змену заснуў. Цяпер сямейны бюджэт паменшыцца на 3 мільёны 600 тысяч рублёў, менавіта такі адміністрацыйны штраф накладзены на жонку, удакладнілі ў прэс-службе Гродзенскага аддзялення МНС.

А раніцай 17 верасня сітуацыя паўтарылася на Дзевятоўцы — на нумар 101 паступіў званок ад жыхара дзевяціпавярховага дома па вуліцы Таўлая аб магчымым пажары ў кватэры на трэцім паверсе. Мужчына выйшаў на свой балкон і звярнуў ўвагу на дым з акна суседскага жылля. Да месца здарэння накіраваліся чатыры пажарныя разлікі, аўталесвіцы, хуткая медыцынская дапамога і служба газу.

Баец МНС залез у акно кухні і выключыў фаерку газавай пліты, на якой стаяла патэльня з ужо абвучленым змесцівам. У пакоі проста ля камп'ютара спаў 38-гадовы сын гаспадыні. Медыцынская дапамога мужчыну не спатрэбілася. Пасля праветравання ён змог вярнуцца ў кватэру. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі яму трэба будзе аплаціць штраф у памеры больш чым тры мільёны рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?