На гэтым тыдні на скрыжаванні вуліц Лабанка, Прытыцкага, Кунцаўшчыны пачнуцца працы па змене схемы руху і выдзялення другой паласы для грамадскага транспарту.

Пра гэта карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» паведамілі ў ГУ «Сталічны транспарт і сувязь». Мяркуецца, што гэтыя змены палегчаць рух грамадскага транспарту ў раёне станцыі метро «Каменная Горка» і зробяць прыпынкі больш зручнымі для пасажыраў.

Праект плануюць рэалізаваць у траўні на двух прыпынках «Ст. м. «Каменная Горка», размешчаных на вул. Лабанка і Кунцаўшчына, і прыпынку «Вул. Бурдзейнага» (недалёка ад скрыжавання гэтай вуліцы і вул. Лабанка).

Пачнуць з прыпынку каля ГЦ «Мацярык»: некалькі дзён, пакуль будуць праводзіцца работы, гэты прыпыначны пункт, хутчэй за ўсё, функцыянаваць не будзе. Пасажырам прыйдзецца ісці каля 200 м да прыпынку «Вул. Бурдзейнага».

Варыянт рашэння даўняй праблемы, якая склалася каля скрыжавання вуліц Лабанка, Прытыцкага і Кунцаўшчыны, у мінулым годзе прапанавалі УП «Мінскград» і Беларуская асацыяцыя экспертаў і сюрвеераў на транспарце (БАЭС) па замове камітэта архітэктуры Мінгарвыканкама. Адзін з асноўных элементаў праекта — «вывернутыя кішэні» прыпыначных пунктаў: пляцоўкі для пасадкі-высадкі пасажыраў прыблізяць да другой паласы і пакрыюць фарбай кантраснага колеру. А другую паласу выдзеляць для прыярытэтнага руху аўтобусаў і тралейбусаў, якія будуць ісці па ёй, не заязджаючы ў «кішэнь».

 Цяпер аўтобусы і тралейбусы вымушаныя здзяйсняць прыпынак у «кішэні» (тут праезная частка крыху пашырана). Але выехаць з прыпыначнага пункта ім часцяком няпроста, паколькі побач на першай паласе заўсёды прыпаркаваныя легкавушкі. Ва ўсякім разе, такая карціна назіраецца на прыпынку каля «Мацерыка». На думку спецыялістаў, пасля рэалізацыі праекта прыпаркаваныя каля прыпынку легкавыя аўто не будуць перашкаджаць грамадскаму транспарту. Аўтобусы і тралейбусы змогуць рухацца, высаджваць і прымаць пасажыраў у гэтым месцы прыкладна на 25% хутчэй, чым цяпер.

Важнасць выдзялення паласы для прыярытэтнага руху грамадскага транспарту адзначыў начальнік аддзела арганізацыі аддзела пасажырскіх перавозак ДУ «СТС» Аляксандр Капцюх:

— Па нарматыўных дакументах, калі на пэўных участках вулічна-дарожнай сеткі на працягу гадзіны праходзіць 30 і больш адзінак гарадскога пасажырскага транспарту, рэкамендуецца вылучэнне асобнай паласы. На пазначаным перакрыжаванні гэты паказчык — адзін з самых высокіх у сталіцы: 125 адзінак у гадзіну. Праекціроўшчыкі ўпэўненыя, што выдзеленая другая паласа зможа каардынальна змяніць сітуацыю на скрыжаванні. У любым выпадку паспрабаваць варта. Тым больш тут не патрэбныя буйныя выдаткі: не патрабуецца выкананне вялікіх будаўнічых работ або разбурэнне праезнай часткі. Калі раптам акажацца, што ідэя не працуе, можна ўсё вярнуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?