«Спачатку яны ад мяне хаваліся». Як малады педагог навучыла дзяцей з аграгарадка маляваць
Лужкі — аграгарадок у Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці. Тут жыве каля 800 чалавек, ёсць лякарня, бібліятэка, Дом культуры, пошта. І — рэдкая з'ява для глыбінкі: акрамя сярэдняй школы, працуе дзіцячая школа мастацтваў з музычным, тэатральным і мастацкім аддзяленнямі. Тры гады таму сюды па размеркаванні прыехала працаваць Анастасія Забалатнюк, з адзнакай скончыла знакаміты віцебскі «мастграф». Спачатку дзеці ад яе… хаваліся, таму што не ўмелі маляваць, а потым пасябравалі з педагогам. «Яна для нас — другая мама», — прызнаюцца сёння вучні.

Здалёку Анастасію Аляксандраўну не адрозніш ад вучняў: яна маленькая і далікатная. Але дзеці слухаюцца яе з першага слова — паважаюць.
Насця — верніца, і лічыць, што трапіла ў Лужкі не проста так:
— На размеркаванні ва ўніверсітэце ў мяне было права выбару. Зыходзіла з двух крытэрыяў: у населеным пункце, дзе я буду працаваць, павінны быць касцёл і менавіта школа мастацтваў, а не проста агульнаадукацыйная. З усіх месцаў спынілася на Лужках. Я была тут 7 гадоў таму, на экскурсіі. Убачыла касцёл і сказала: «Божа, я хачу тут жыць!» Тады я не запомніла, як называецца гэтая вёска. А потым, калі прыехала сюды па размеркаванні, пазнала гэты касцёл і здзівілася: «Ну нічога сабе! Выпадковасць? Або выкананне жадання?»

«Дзеці пастаянна здзіўляюць»
Малады спецыяліст адпрацавала ў Лужках два «адведзеныя» гады, а потым не змагла з'ехаць, бо не знайшла сабе замену: «Было шкада кінуць дзяцей, бо без далейшых заняткаў яны страцілі б усе веды, якія я ў іх уклала». Засталася на трэці навучальны год. Але пасля летніх канікул да дзяцей прыйдуць дзве новыя настаўніцы па выяўленчым мастацтве: у Анастасіі свае планы на жыццё. Дзеці пра гэта ведаюць.
«Анастасія Аляксандраўна строгая, але добрая», — кажуць дзеці.
— У першы год дзеці хаваліся ад мяне па калідорах, апавяшчаючы адзін аднаго: «Анастасія Аляксандраўна ідзе!» Мая памылка: я ўзялася вучыць занадта маленькіх дзяцей — 9-гадовых замест 11-гадовых. Я атрымала добрую адукацыю, але ж адна справа — тэорыя, зусім іншае — практыка. Параіцца не было з кім: я была адзіным настаўнікам малявання ў школе. І частка дзяцей з першага набору адсеялася. Яны проста не разумелі, чаго я ад іх жадаю.
А адзін хлопчык, які абсалютна мяне не слухаў, лёгка перанёс гэты перыяд. Я яму кажу: «Сёння малюем пейзаж». Ён: «А я хачу касмічны карабель». І маляваў вайну, монстраў, зомбі, драконаў, машынкі — усё, што малюе нармальны хлапчук. А аднойчы выдаў: «Анастасія Аляксандраўна, я зразумеў: вы — дзяўчынка. Таму вы і хочаце, каб мы малявалі матылькоў, зайчыкаў, кветачкі».

Супраць «дзявочых» тэм уздымалі бунт і іншыя хлопчыкі. Але адзін з іх — Яраслаў — маляваў усё: жырафа, вясновы партрэт, істоту, якую ні разу не бачыў… «Любую, нават самую нецікавую, тэму ён паверне так, што яму будзе цікава. З яго можа вырасці мастак», — лічыць педагог.
Аднойчы Насця вывучыла, як уладкаваныя спартыўныя машыны, чым адрозніваюцца ад уседарожніка і г.д. Прыйшла на ўрок, малюе. «О, Land Rover!» — запаважалі пацаны. «І ўсё — лёд крануўся! Вучні зразумелі, што нашы заняткі даюць рэальны вынік. Наогул, дзеці пастаянна здзіўляюць. І я не магу да гэтага прывыкнуць», — прызнаецца настаўніца.
«Дзелімся сакрэтамі»
У дзень нашага прыезду ў лужкоўскай школе празвінеў апошні званок. Аднак юныя мастакі сыдуць на вакацыі, калі адпрацуюць на пленэрах. На адным з такіх заняткаў пабывалі і мы.
— Дзяўчынкі, шкадуеце, што Анастасія Аляксандраўна з'едзе?
— Яшчэ як! — з сумам кажуць вучаніцы.
— Мне таксама будзе не хапаць гэтых дзяцей, — прызнаецца настаўніца.

Спачатку ўрок праходзіў на адной з сельскіх вуліц непадалёк ад сярэдняй школы — дзеці вучыліся адлюстроўваць перспектыву, а потым адправіліся маляваць былы сельскі клуб. Вельмі каларытны, дарэчы, будынак.
Наогул, у вёсцы Лужкі, якая вядзе свой летапіс з 1519 года і належала Сапегам і Жабам, больш славутасцяў, чым у многіх гарадах. І пленэры тут можна праводзіць хоць кожны дзень — вельмі ўдалае для мастакоў месца. Ледзь не на кожным кроку — «акварэльны» від.

Насця, Крысціна, Варвара і Лена засяроджана працуюць. На думку настаўніцы, усе гэтыя дзяўчынкі маюць шанец паступіць на «мастграф». За пяць хвілін да канца першай пленэрнай гадзіны адна з вучаніц кажа: «Усё, я нарабілася». Кладзе аловак, апускае галаву на рукі. Але праз хвіліну зноў пачынае працаваць. Анастасія Аляксандраўна за гэтыя гады ўнушыла выхаванцам, што творчасць — цяжкая праца, і трэба ўмець сябе дысцыплінаваць.
Юным мастакам у глыбінцы складаней, чым іх аднагодкам у горадзе. «Я люблю працаваць — маляваць, пісаць, чытаць, але толькі не палоць. Нават вакацыі не люблю з-за таго, што трэба палоць», — кажа адна з дзяўчынак.

Другая шасцікласніца прызнаецца, што хоча стаць настаўніцай малявання: «І звяртацца да мяне будуць, дарэчы, гэтак жа — Анастасія Аляксандраўна. Я праходзіла тэст на прафесію. І выйшла, што я чалавек творчасці. З мяне можа атрымацца артыстка, крытык, мастак. Яшчэ я аналізавала, што мастак — бяспечная прафесія. Забіваюць акцёраў, журналістаў, спартсменаў. А мастака ніхто не кранае, ён сядзіць сабе і малюе спакойна», — разважае дзяўчынка.
Дзяўчынкі пакуль не могуць змірыцца з думкай, што любімая настаўніца хутка ад іх з'едзе: «Яна для нас — другая мама. Мы ёй расказваем свае сакрэты, пытаем, як паступіць. А яна дзеліцца сваімі гісторыямі, нават таксама сакрэт даверыла. Новыя настаўніцы малявання, напэўна, добрыя, але мы будзем вельмі сумаваць па сваёй Анастасіі Аляксандраўне».
«Настаўнік не павінен псаваць жыццё вучням»
— Дзеці павінны атрымліваць радасць ад вучобы. Цяпер іх жыццё — школа, тут яны праводзяць вельмі шмат часу. У школе мастацтваў яны займаюцца па 13 гадзін на тыдзень. Гэта значыць, уявіце, у дзіцяці бывае па 9 урокаў: 6 — у звычайнай школе, а потым — 3 урокі малявання. І так чатыры разы на тыдзень. Таму настаўнік не мае права псаваць жыццё вучням, — лічыць Анастасія Забалатнюк. — Калі адчуваю, што не ведаю тэмы, то не буду яе тлумачыць, перанясу на той дзень, калі вывучу яе добра. Я разумею, што мой прадмет — не самы важны ў жыцці, і з радасцю саступлю маляванне нечаму больш важнаму на гэты момант. Калі дзеці просяць: «Давайце не будзем маляваць, давайце проста пагаворым», — згаджаюся. Мы часта разважаем з імі аб духоўным, аб жыцці. Пры гэтым мы паспяваем праходзіць усё па праграме, пастаянна праводзім выставы — у сярэдняй школе ў нас ёсць уласная мастацкая галерэя. Школа мастацтваў дае дзецям сур'ёзную падрыхтоўку. А ў мяне тут ёсць творчая педагагічная свабода.
За магчымасць развівацца малады спецыяліст дзякуе дырэктару школы мастацтваў Юрыю Пазейчуку і дырэктару сярэдняй школы Ларысе Гаранінай.

Дапамога спонсараў
— А што самае складанае ў працы вясковага настаўніка?
— Мець зносіны з бацькамі. Я разумею, яны працуюць і ў іх няма часу надаваць больш увагі дзецям. Але не разумею, калі яны не прыходзяць на сходы, не цікавяцца, як дзіця займаецца, ці ёсць у яго поспехі ці праблемы. Многія бацькі наогул не ўспрымаюць маляванне як сур'ёзны прадмет, як будучую прафесію для свайго дзіцяці. Праўда, пасля трох гадоў заняткаў некаторыя сталі ставіцца да гэтага з большым разуменнем.
Насця не шкадуе, што прыехала ў глыбінку. «Па вялікім рахунку, цяжкасцяў у чалавека няма, ён іх сам сабе любіць прыдумляць, — разважае дзяўчына. — Ні бытавых, ні нейкіх іншых сур'ёзных праблем за тры гады ў мяне не ўзнікла. Жыву ў 1-пакаёвай кватэры ў доме, які пабудавалі калісьці для перасяленцаў з Чарнобыля. Не, не здымаю яе, знаёмая пусціла жыць бясплатна. Многія пытаюцца: а ці ёсць у мяне інтэрнэт? Ёсць. На самай справе жыць у вёсцы не так ужо і страшна, як некаторыя ўяўляюць».
Адзінае, на што наракае педагог, — цяжкасці з набыццём мастацкіх прыладаў: «За імі трэба ехаць у горад. І пастаянна думаць: за што купіць? Спачатку я набывала паперу для малявання за свае грошы, а бацькі аддавалі іх на працягу года. Тады зімой працаўнікі гаспадаркі атрымлівалі па 300 тысяч рублёў у месяц. Мы ў горадзе можам такую суму за раз пакінуць у кафэ. Потым сітуацыя з заробкамі выправілася, шмат у каго з бацькоў з'явілася магчымасць плаціць за навучанне ў школе мастацтваў. Цяпер гэта 63 тысячы ў месяц».
І яшчэ адна выпадковая невыпадковасць адбылася з Насцяй у краме фотатэхнікі на Нямізе ў Менску. Яна пазнаёмілася тут з дырэктарам вядомай сталічнай галерэі сучаснага мастацтва «Шостая лінія» Ірынай Бігдай.
— Я купляла фотаапарат, і мы разгаварыліся. Распавяла, што нашы дзеці любяць маляваць, але ў іх часта не бывае на чым гэта рабіць. Неўзабаве Ірына прывезла ў нашу школу паперу, фарбы, пластылін і г.д. Мы былі забяспечаны матэрыяламі для творчасці на год. Тады ж ажыццявілася мая мара: дзякуючы спонсарам ў школе адкрылася мастацкая галерэя. У ёй можна праводзіць зменныя экспазіцыі, іншыя творчыя праекты.

Штрафы на ўроках малявання
Анастасіі Забалатнюк блізкая тэорыя дзіцячай дэмакратыі і самаарганізацыі. На яе ўроках ёсць… штрафы і тлумачальныя.
— Прагуляў — пішы тлумачальную: чаму. Трэба пісаць праўду. Калі прагуляў, бо стаміўся, трэба так і пісаць: «стаміўся», — хорам тлумачаць дзеці. — Калі там гамоніш на ўроку і гэта замінае іншым, на стол ставяць пясочны гадзіннік, і ты стаіш хвіліну. Калі не прыбраў за сабой парту — дзяжурства па-за чаргой. Ёсць таксама розныя штрафы за парушэнне правілаў карыстання асабістымі і агульнымі рэчамі. Так, катэгарычна нельга псаваць чужыя малюнкі.
— Штрафныя «санкцыі» датычацца і мяне, — усміхаецца Насця. — Я таксама магу раскідаць свае рэчы па класе і забыцца прыбраць. Тады з мяне — печыва, цукеркі, і мы ўсе разам п'ем гарбату.
Да сябе настаўніца ставіцца крытычна: «Мастаком сябе не лічу. Люблю пісаць з натуры, асабліва — працаваць з архітэктурай. Але я не капіюю натуру, а пераасэнсоўваю яе. Творчасць дапамагае мне спасцігаць навакольны свет».

Цяпер чытаюць
Ці патрэбная беларуская мова тым, хто размаўляе па-руску? Азаронак задаўся такім пытаннем на СТБ, а выпускнік Акадэміі МУС прапанаваў замяніць урокі факультатывамі
Каментары