З пачаткам узброенага канфлікту на Данбасе Украіна сутыкнулася з сур’ёзнымі эканамічнымі праблемамі, што адбілася на курсе нацыянальнай валюты. Танная грыўня зрабіла ўкраінскія цэны для замежнікаў (у тым ліку і беларусаў) нізкімі і прывабнымі. Следам за грыўняй абясцэньваўся і беларускі рубель. «Наша Ніва» праверыла, дзе жыць танней, і параўнала цэны на асноўныя тавары і паслугі ў Кіеве і Мінску.

Прадукты 

Цэны на базавыя прадукты харчавання ў Кіеве ніжэйшыя.

Літр малака ў Кіеве каштуе каля 15 грывень (1,06 руб.), цвёрды сыр украінскай вытворчасці 100—130 грывень за кілаграм (7— 9,20 руб. — трохі танней, чым у Беларусі), бохан хлеба 10 грн (70 капеек), свініна 70—100 грн (5—7 руб. — вось гэта істотна танней, чым у Беларусі), морква і капуста па 4 грн (30 капеек), мандарыны — 20 грн за кілаграм (1.40 руб. — таксама танней).

Камунальныя паслугі

Мінск

Кіеў

газ, 1000 куб.м

90.80 руб. (зімой)

284.20 руб. (летам)

486.35 руб.

электраэнергія, за 100 кілават-гадзін

ад 7.06 да 23.76 руб.

ад 5.05 да 11.58 руб.

халодная вада, 1 куб.м

27.9 капеек

48 капеек

цеплаэнергія, 1 Гкал

15.6098 руб.

100 руб.

Відавочна, што камунальныя паслугі ў сталіцы Украіны каштуюць больш. Адзінае выключэнне — электраэнергія. Украіна з’яўляецца экспарцёрам электрычнасці, а Беларусь — імпарцёрам.

Асабліва вялікая розніца паміж цэнамі ў Кіеве і Мінску на цеплаэнергію. У Кіеве ацяпленне даражэйшае больш як у 6 разоў. Такая розніца выклікана тым, што ўкраінскія грамадзяне аплачваюць 100% ад кошту камунальных паслуг, у той час як беларускія тарыфы атрымліваюцца такімі нізкімі з-за дзяржаўных датацый і нізкай цаны на газ, які нам пастаўляе Расія.

Але ва Украіне дзейнічае эфектыўная сістэма адрасных субсідый, якой карыстаецца да 60% украінцаў. Калі ў чалавека даходы ніжэйшыя за пэўны ўзровень, ён мае права атрымаць гэтую субсідыю ад дзяржавы. Такая сістэма больш эфектыўная, чым нізкія цэны на паслугі ЖКГ для ўсіх, таму што дазваляе лепш абараніць у першую чаргу бедных і незаможных грамадзян.

Уявіце сабе дзве кватэры. У адной кватэры плошчай 30 кв.м. жыве бабуля-пенсіянерка, а ў другой кватэры плошчай 200 кв.м. жыве заможны бізнэсмен з сям’ёй. У сістэме з нізкімі цэнамі на паслугі ЖКГ, калі насельніцтва аплачвае толькі фіксаваную частку затрат (напрыклад, толькі 30%), заможная сям’я ў выніку атрымае больш датацый з боку дзяржавы, чым бедная пенсіянерка, таму што агульныя выдаткі ў іх будуць вышэйшыя. У сваю чаргу сістэма індывідуальных субсідый, як ва Украіне, больш эфектыўная, чым у Беларусі, таму што пры ёй заможныя людзі плацяць поўны кошт камунальных паслуг і дзяржава мае больш магчымасцей, каб дапамагчы тым, каму гэтая дапамога больш патрэбная.

Гэтым шляхам можа пайсці і Беларусь. Беларускі ўрад плануе, што беларусы ўжо ў 2018 годзе будуць аплачваць 100% кошту паслуг ЖКГ, і можна чакаць, што беларусы будуць плаціць за камуналку як і ўкраінцы. Застаецца спадзявацца, што беларускія ўлады пры гэтым запусцяць сістэму індывідуальных субсідый, як гэта зрабілі ва Украіне, каб абараніць незаможных грамадзян.

Паліва і транспарт

У Беларусі паліва таннейшае, чым ва Украіне. Літр АІ-95 у Мінску каштуе 1.19 рублёў, у той час як у Кіеве гэты ж від паліва каштуе ад 1.60 да 1.96 рублёў. Ва Украіне цэны на паліва не фіксаваныя і дзяржавай не рэгулююцца, таму яны і адрозніваюцца ў залежнасці ад класа і якасці запраўкі.

Але пры гэтым грамадскі транспарт ва Украіне зусім танны. Квіток на аўтобус, трамвай, тралейбус і фунікулёр каштуе 3 грыўні (21 капейка), а на метро і гарадскую электрычку — 4 грыўні (28 капеек). Але якасць гэтага транспарту жахлівая (акрамя, адносна, метро). Аўтобусы перапоўненыя і заўсёды спазняюцца. Годныя, акуратныя аўтобусныя прыпынкі ёсць толькі ў самым цэнтры Кіева.

Установы грамадскага харчавання

У параўнанні цэн кафэ, кавярань і бараў Кіева і Мінска мы сутыкаемся з незразумелым парадоксам. Нягледзячы на тое, што прадукты ў крамах Кіева і Мінска каштуюць прыкладна аднолькава, ва ўстановах грамадскага харчавання Кіева ежа і напоі таннейшыя. Пры аднолькавай якасці ў Кіеве будзе танней у 2 разы.

Вельмі развітая і танная ў Кіеве і вулічная ежа. Без праблем можна набыць вялізны кебаб са свініны за 40 грывень (2.83 руб.), курыны будзе каштаваць яшчэ менш.

Мала каштуе і алкаголь у кіеўскіх барах. Келіх піва ў папулярнай сетцы бараў «Портэр-паб» каштуе ад 1.70 руб. Ва ўстановах на клас вышэй украінскае піва каштуе прыкладна 2.50 руб., а імпартнае каля 4 рублёў.

Сувязь

Вельмі танная ў Кіеве і сувязь, калі параўноўваць з Мінскам. Імаверна, гэта звязана з адсутнасцю дзяржаўнага манапаліста ў сферы тэлекамунікацый.

Напрыклад, мабільны аператар Vodafone прапануе тарыф «XS» з наступнымі ўмовамі:

— 40 грн/месяц (2.83 руб/месяц).

— Безліміт унутры сеткі.

— 1 ГБ 3G-інтэрнэту.

— 60 хвілін у іншыя сеткі Украіны.

— Пакет з 30 SMS і MMS.

А вось што прапануе інтэрнэт-правайдар і мабільны аператар «Київстар» за 259 грн у месяц (18.30 руб.):

— Безліміт унутры сеткі.

— 300 хвілін у іншыя сеткі.

— 6 ГБ мабільнага 3G-інтэрнэту.

— Анлім на сацсеткі, музыку і відэа.

— 100-мегабітны хатні безлімітны інтэрнэт.

— 108 лічбавых тэлеканалаў.

Нерухомасць

Цэны на арэнду кватэр, а таксама на рынку другаснага жылля ў Мінску і Кіеве амаль аднолькавыя. А вось новыя кватэры ў Кіеве таннейшыя. У Мінску 1 кв.м. у новабудоўлі катэгорыі «Стандарт» каштуе прыблізна 1030—1190 даляраў, а Кіеве кошт квадратнага метра ў гэтай катэгорыі складае 660 даляраў.

Сярэдні заробак

У лістападзе 2016 г. сярэдні заробак у Кіеве быў 9008 грывень (636.87 рублёў). У Мінску ў аналагічным месяцы сярэдні заробак складаў 1008.1 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?