На Радаўніцу ў сяле Прылукі (Брэсцкі раён) прайшла працэсія на старыя могілкі. Упершыню ад 1946 года — у той год Савецкі Саюз увёў «пагранічную паласу».
Вёскі над Бугам тады трапілі пад высяленне. Прылукі, Заказанка, Дурычы, Збунін — жыхары дзясяткаў паселішчаў мусілі пакінуць свае дамы. Гэта была людская драма, а часам і трагедыя. Яе дагэтуль мала ведаюць.
Людзі чакаюць каля граніцы.
Жыхароў не пускалі нават на могілкі.
Могілкі знаходзяцца на паўднёвы захад ад вёскі Прылукі:
Могільнік там стары. Увогуле, Прылукі і Заказань — вельмі старыя паселішчы. Тут, на пясчаных грудах сярод даліны Буга, людзі жывуць без перапынку ўжо 10 тысяч гадоў.
Так выглядаюць гэтыя месцы з космасу:
У 2017 годзе стараннямі айца Дзмітрыя, новага святара Пакроўскай царквы, што ў Прылуках, і дзякуючы падтрымцы пагранічнікаў жыхары атрымалі магчымасць схадзіць на старыя могілкі без прапускоў, па пашпартах. Старых жанчын пагранічнікі падвезлі сваёй машынай. Адна жанчына плакала ад эмоцый, сядаючы ў аўтамабіль.
Хрэсны ход ці, па-старому кажучы, «працэсія» ішла па тым самым полі — «лука» азначае «прырэчная лугавіна ў выгіне, «луцэ» ракі», — якое даўным-даўно дало назву Прылукам.
Хрэсны ход ішоў ад прапускнога пункту «лукою», што ў старадаўнія часы дала назву вёсцы.
Ад могілак за 70 гадоў мала што ацалела: два дзясяткі паўразбураных помнікаў.
86-гадовая Вера Свірыд з Заказанкі спадзявалася знайсці магілу дзеда. Але знаку ад яе не засталося.
Даўнішні помнік з выбітым на ім крыжом у авале з кропачак.
Людзі навобмацак спрабуюць расчытаць старыя надпісы.
Наталля, сястра спевака і кампазітара Ігара Карнелюка, які таксама каранямі з гэтых мясцін, знайшла магілу сваёй бабы Акуліны. Тая памерла ў 1935-м 30-гадовай. «У мяне слёзы пацяклі!» — кажа яна.
Наталля (у малінавай куртцы) знайшла магілу бабы, якая памерла 30-гадовай у 1935 годзе.
Наталля прынесла з сабой кветкі.
Злева пахаваная Акуліна Карнялюк — баба спевака Ігара Карнелюка. Справа на помніку можна разабраць прозвішча Макарук.
Царкоўныя актывісты пачалі расчыстку старога кладавішча.
Старыя могілкі пачалі парадкаваць дзякуючы ініцыятыве айца Дзмітрыя з Пакроўскай царквы Прылук і дазволу пагранічнікаў.
Як успамінаюць старыя людзі, на могілках дрэваў не было, цяпер жа яны зараслі лесам.
Сям'я з Прылук знайшла магілу цёткі.
На могілках паставілі жалезны крыж.
Магчыма, некалі ўдасца ідэнтыфікаваць і дастаць тыя пліты, што ўпалі і зацягнуліся зямлёй.
На могілках калісь часта садзілі барвінак.
Можна было б абазначыць і старыя курганы. Тады гэтае месца стане не толькі месцам памяці, але яшчэ і ўнікальным гістарычным помнікам — могілкі як сувязь часоў і адначасова ахвяра высяленняў у ХХ стагоддзі.
Заснавальніца тэатра і арт-прасторы «Крылы Халопа» з Брэста Аксана Гайко знайшла магілу свайго прадзеда Мяльяна Гарбацюка, які памёр у 1937 годзе.
«Пачуцце нерэальнасці, — напісала Гайко ў сябе ў фэйсбуку, — харугвы і вышка, дрот і алені, што свабодна бягуць па полі, пагранічнікі і пеўчыя, людзі, якія ўспамінаюць, дзе што знаходзілася на гэтым «полі», астаткі магіл і гісторыі, гісторыі… Магілы маіх прадзеда і прабабкі — амаль адзіныя захаваныя, бо «він богатый буў»…» — піша Гайко. Яна з горыччу дадае, што ёй не ўдалося пакуль «пайсці далей могілак і пабачыць месца, дзе стаялі забраныя ў дзеда дом, лес і азёры».
Аксана Гайко (па бацьку — Гарбацюк) сышла з могілак апошняй.
Айцец Дзмітрый у сваёй кароткай казані нагадаў, што людзі ўваскрэснуць і ўздымуцца на Страшны Суд з таго месца, дзе яны пахаваныя. Хай жа гэтае месца будзе дагледжаным, сказаў ён.
Стол замест алтара: на старых могілках высвяцілі крыж і адслужылі паніхіду.
Як пішуць гістарычныя энцыклапедыі, на месцы старых Прылук і Заказанкі выяўленыя сляды стаянак мезаліту, неаліту і селішчаў Сярэднявечча. Адно з урочышчаў каля Заказанкі называлася Гарадзішча. Захаваліся курганы ХІІІ стагоддзя. На другім беразе Буга, у Кастамалотах захаваўся абраз святога Мікіты, падораны ў 1631 годзе жыхаркай сяла Прылукі «Хвядорай з мужам і сынамі». У XVIII стагоддзі Прылукі былі цэнтрам воласці, а суседняя Заказанка была пазначаная на картах як «Заказанне» і месцілася на востраве між рукавамі прытоку Буга Спанаўкі.
У 1905 годзе ў Прылуках было 1459 жыхароў. Да 1921 года гэтая лічба скарацілася да 383 чалавек — астатнія загінулі ў часе «бежанства» ў Расіі.
Царква ў Прылуках была збудаваная ў ХІХ ст.
Высяленне людзей з-пад мяжы было тыповым для савецкага таталітарызму рашэннем. Адгароджваліся нават ад краін «народнай дэмакратыі». У «пагранічную паласу» трапіла зона 800 метраў ад ракі. Між тым большасць сёлаў спрадвеку стаяла над вадою. Для параўнання: з другога боку Буга, у Польшчы, усе засталіся жыць на сваіх месцах, нават калі хата стаяла за 20 метраў ад Буга.
«У Старой Заказані ў нас быў сад вялікі, свае пчолы. А на новым месцы — ні яблынькі. У калгасе працавалі за трудадні, «за палачкі», як казалі. А мне летам так хацелася яблычка… А купіць няма за што. Бывала, пабачу на вуліцы недагрызак, памыю яго і з'ем, — расказвае ўраджэнка Заказанкі Валянціна (у дзявоцтве Карнялюк). — А дзед мой Рыгор так любіў пчоламі займацца. Ён высялення не вынес. Выйдзе з хаты, сядзе і глядзіць на захад, дзе ўсё жыццё засталося. Так і памёр, змарнеў», — расказвае Валянціна.
Здзічэлая сліва — тое, што засталося ад сядзіб старога сяла.
Над вадою відаць работа баброў. А з кустоў пры нас выскачылі тры казулі. У пагранічнай зоне адчужэння, як у запаведніку, прыволле звяр'ю і рыбіне. «Я бачыў статак з шасцідзесяці казуль!» — расказвае лейтэнант-пагранічнік, які суправаджаў людзей.
Старыца рэчкі Прырва, прытоку Буга, што цячэ праз Прылукі.
Так выглядаюць новыя могілкі Прылук. Тут хаваюць людзей ад 1945 года.