У сваёй навуковай працы даследчыкі з універсітэта Канэктыкута даказалі, што сушылкі ў грамадскіх прыбіральнях збіраюць мікраарганізмы з усяго памяшкання і выкідваюць іх акурат на чыстыя рукі карыстальнікаў.
Навукоўцы размясцілі ў грамадскіх прыбіральнях некалькі сподкаў Петры, запоўненых пажыўным рэчывам, у якім мікраарганізмы ўтвараюць калоніі.
Адныя сподкі навукоўцы трымалі адкрытымі ўдалечыні ад сушылак на працягу дзвюх хвілін, другія — 18 гадзін, а трэція на 30 секунд змясцілі пад сушылкі для рук на адлегласці каля 30 сантыметраў.
Без сушылак даследчыкі сабралі ў сярэднім ад нуля да адной калоніі бактэрый за дзве хвіліны і каля шасці калоній за 18 гадзін. Аднак у сподках Петры, якія пабывалі пад сушылкамі, сярэдняя колькасць калоній бактэрый склала ад 18 да 60, а максімальная — ажно 254.
Сярод знойдзеных бактэрый быў, напрыклад, залацісты стафілакок, які можа выклікаць самыя розныя, у тым ліку цяжкія, захворванні.
Пасля публікацыі вынікаў даследавання ва ўсіх 36 грамадскіх прыбіральнях універсітэта Канэктыкута былі ўсталяваныя прылады з папяровымі ручнікамі.
Каментары