Грамадства1212

Яўленьне Макея народу

Удзельнікі беларуска‑нямецкага «Менскага форуму» мелі магчымасьць назіраць новага кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзіміра Макея. І ня проста назіраць, а пачуць ягоны выступ. І ня толькі выступ, але і адказы на пытаньні Садоўскага, Парсюкевіча, Шумчанкі. Піша Барыс Тумар.

Удзельнікі беларуска‑нямецкага «Менскага форуму» мелі магчымасьць назіраць новага кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзіміра Макея. І ня проста назіраць, а пачуць ягоны выступ. І ня толькі выступ, але і адказы на пытаньні Садоўскага, Парсюкевіча, Шумчанкі.

Інтрыга была тым большаю, што Макей публічна выступае крайне рэдка, а на недзяржаўнай пляцоўцы — і зусім. Між тым яго называюць чалавекам нумар 3 у сёньняшняй гіерархіі лукашэнкаўцаў, пасьля ўласна Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў. І менавіта зь ім, былым савецкім разьведчыкам, а пасьля РБэшным дыпляматам, зьвязваюць цяперашні курс на прымірэньне з Эўрасаюзам. Урэшце, ён стаў першым кіраўніком Адміністрацыі, які наведаў «Менскі форум».

Макей пачуваўся няўтульна.
Седзячы пад прыцэлам фотакамэраў, ён то паціраў нос, то торгаў вуха, то прыкрываў вусны кулаком. Было відаць, што яму нязвыкла выступаць публічна. Амаль усю сваю прамову ён прачытаў з паперкі, прычым безь вялікага выражэньня, бясколерна. Без шпаргалкі ён толькі трохі прамовіў па‑нямецку пры канцы свайго выступу.

Прамова была вытрымана ў абарончым стылі. Ён гаварыў пра:

двайныя стандарты,

12 страчаных гадоў для беларуска‑эўрапейскіх адносінаў,

немагчымасьць зрабіць кальку з заходняй дэмакратыі ў іншых краінах, да таго ж у адначасьсе,

пра сацыяльную стабільнасьць,

барацьбу з наркатрафікам і гандлем людзьмі,

свабоду СМІ, якую трэба вызваліць ад клішэ,

супольны гістарычны досьвед Беларусі і Германіі,

Калі Макей нагадаў пра пастаўленую прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам задачу ў кароткія тэрміны вывесьці Беларусь у трыццатку самых разьвітых дзяржаваў сьвету, спадарыня Т. у апошнім шэрагу захіхікала.

«Мы, эўрапейцы, маем...», — зьвярнуўся да нямецкіх гасьцей Ул.Ул.Макей,
і лёгкае замілаваньне расплылося пад вусікамі пасла Гебгарда Вайса, што сядзеў на подыюме разам з праф. Райнэрам Лінднэрам, нязьменным рухавіком «Менскага форуму».

На пачатку ў голасе Макея празьвінела пару пуцінскіх нотак, пасьля падрыхтаваны тэкст зьбіўся ў прывычную танальнасьць пасла гордае цэнтральнаазіяцкае сатрапіі дзе‑небудзь у палацы Шонбрун пры АБСЭ. Аднак, выкрыўшы падкопы і зьняўшы ілюзіі, Макей не закляйміў Захад як галоўную пагрозу духоўнасьці, а заклікаў перайсьці ад эры канфрантацыі да эры дыялёгу і зганіў аджылую блёкавую сьвядомасьць, прапанаваўшы заходнім партнёрам «без палітычных ярлыкоў зірнуць на Беларусь».

У сваім выступе Макей цытаваў Актавіё Паса і Конрада Адэнаўэра, прычым апошняга на мове арыгіналу.

Ён адзначыў бягучы год як год 90‑годзьдзя сканчэньня Першай сусьветнай.

Пасьля яго слова ўноў перайшло да вядоўцы, праф.Лінднэра, які нагадаў, што гэта таксама год 20‑годзьдзя адкрыцьця праўды пра Курапаты, якое перавярнула сьвядомасьць беларусаў, і стварэньня Народнага Фронту, які на сёньня ёсьць найстарэйшай апазыцыйнай палітычнай арганізацыі Ўсходняй Эўропы. Такі быў пачатак дыскусіі – яна анансавалася, але ўсё адно застала аўдыторыю зьнянацку. Народ адвык весьці спрэчку, пагатоў – з кіраўніком Адміністрацыі. Узьнікла паўза, якую запоўніў немец з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі – ён хацеў наведаць Хатынь, але аказалася, што мэмарыял недаступны для такіх як ён, вазочнікаў.

Другім слова ўзяў першы пасол Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі. «Маё пытаньне простае як тры рублі. Калі мы зможам набываць «Народную волю» ў шапіках?» Заля запляскала,

Макей сумеўся, вытрымаў паўзу і адказаў па‑беларуску, што «пазытыўныя крокі будуць абавязкова, і яны будуць датычыць таксама сытуацыі на мэдыйным рынку».

Тады на трыбуну выскачыла чарнявая дзяўчынка ў пацёртых джынсах. Я ня ўдзельніца форуму, сказала яна, мы сюды зь сябрамі прыйшлі пікетам, каб нагадаць пра Баразенку і яшчэ дзесяць палітвязьняў па справе 14‑ці. Нас спадар Лінднэр запрасіў увайсьці, і вось я таксама з гэтай трыбуны кажу: няма ніякай лібэралізацыі, пакуль гэтыя людзі не рэабілітаваныя.

«А я Парсюкевіч», - выйшаў сьледам за ёю да мікрафона былы палітвязень… І давай праўду‑матку рэзаць. Нарэзаў‑нарэзаў і застаўся стаяць за пюпітрам. Маўляў, патрабую адказу.

Лінднэр заўважна ня ведаў, што рабіць, заля шыбуршэла, Макей узяў сябе ў рукі:

«Палітвязьняў у нашай краіне не было і няма. Ёсьць жаданьне прыпісаць палітычныя матывы асобам, якія былі пакараныя па тых ці іншых крымінальных справах. Але закон адзін для ўсіх. Закон можа і не адпавядаць тым дэмакратычным рэаліям, якія павінны быць. Тады яго трэба мяняць. Але пакуль ён ёсьць, яго трэба выконваць».

Дыскусія яўна выходзіла скамечаная, як пінжак, што 13 гадоў праляжаў у валізе. Слова стаў патрабаваць прадпрымальнік Шумчанка. Лінднэр, баючыся канчатковага перарастаньня прыгожае задумы ў палітычную перапалку, сьціпла спрабаваў Шумчанку спыніць, ды дзе там! У чорных акулярах і з жуйкай у роце, той заняў пазыцыю за трыбунай і давай гаварыць пра будучы мітынг прадпрымальнікаў. «Уладзімір Уладзіміравіч, толькі на вас надзея. Рашыце нашы пытаньні, каб нам не выходзіць на вуліцу. Ці маглі б вы прызначыць нам сустрэчу?» ‑‑ прасіцельна перакрычаў Лінднэра прадпрымальніцкі важак. Макей яўна чакаў горшага і павесялеў:

«Нехта яшчэ ў гэтай залі хоча, каб я нешта паабяцаў? – пажартаваў ён. – А ўвогуле прадпрымальнікамі я не займаюся, але пытаньне аб мерах для іх падтрымкі таксама будзе на разглядзе ў прэзыдэнта».

Вось такім ён аказаўся, Макей – нявопытным аратарам і вопытным дыпляматам. А мог жа Макей і не прыйсьці да немцаў… Нават нагода здарылася, каб не прыйсьці – новая антыкарупцыйная распачалася; пракуратура, суды, МУС, аказваецца, у нас павязаныя парукай.

Не да месца чамусьці ўспомнілася, як на прамінулы форум завітаў Уладзімер Канаплёў. Таксама выступіў.

Каментары12

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы адказалі, які падарунак ад працадаўцаў іх найбольш бы парадаваў3

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?6

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?5

Прызначылі суд над святаром Анджэем Юхневічам, замест палітыкі абвінавачваюць у педафіліі

Саудаўская Аравія папярэджвала Германію пра небяспеку чалавека, які заехаў у натоўп у Магдэбургу3

Над Беларуссю сёння цягнулі на буксіры верталёт ВІДЭА

Медсястру з «Сінэва» асудзілі на немалы тэрмін па палітычным артыкуле і абвесцілі тэрарысткай9

Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі4

Манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра дабраліся да Швейцарыі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Галоўнае
Усе навіны →