Фота з інстаграма Эгіла Левітса

Фота з інстаграма Эгіла Левітса

У панядзелак у Сейме Латвіі прайшла інаўгурацыя новага прэзідэнта Эгіла Левітса. Ён прынёс урачыстую прысягу. Але яе прыйшлося паўтараць двойчы, піша Delfi.lv.

«Клянуся, што ўся мая праца будзе на карысць латвійскага народа. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб спрыяць дабрабыту Латвійскай дзяржавы і яе насельніцтва. Я буду свята выконваць Канстытуцыю Латвіі і законы краіны. Да ўсіх я буду ставіцца справядліва і выконваць свае абавязкі сумленна», — сказаў Левітс.

Спікер Сейма Інара Мурніеце папрасіла яго паўтарыць клятву, бо ён пераблытаў словы: у канцы павінна было быць «свядома» (pēc apziņas), а не «сумленна» (pēc sirdsapziņas). Левітс паўтарыў клятву з правільным тэкстам.

У сваім звароце да Сейма новы прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ўжо ў наступнай дэкадзе Латвія можа стаць сучаснай паўночнаеўрапейскай дзяржавай.

Патэнцыял ёсць — «для гэтага трэба ўзяць швабру і памыць падлогу ад усяго, што назбіралася за 30 гадоў».

Галоўнае «смецце», на думку Левітса — гэта карупцыя, фінансаванне партый і ценявая эканоміка. Няплатнікі падаткаў, паводле яго слоў, хочуць атрымаць частку супольных дабротаў за чужы кошт, не жадаючы за іх плаціць. Кампрамісаў у гэтай барацьбе, як і наогул у праве, быць не можа.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што латышская мова — гэта мова ўдзелу ўсяго народа Латвіі ў дэмакратычных працэсах, і латышскасці трэба надаць больш глыбокае значэнне, звязаўшы яе з планамі на будучыню. Пры гэтым, адзначыў ён, латышская ідэнтычнасць адкрыта, і любы прадстаўнік нацменшасцяў сардэчна запрашаецца ўзяць удзел у жыцці краіны. «Латышская мова, культура, гісторыя і разуменне свету не належаць толькі латышам», — мяркуе ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0