Delfi

Delfi

12 сакавіка ўвечары прэм'ер-міністр Літвы Саўлюс Скверняліс звярнуўся да жыхароў. Ён пералічыў меры, якія будуць прыняты для спынення распаўсюджвання віруса, піша Delfi.lt.

«Дарагія жыхары Літвы, звяртаюся да Вас у той час, калі ўвесь свет сутыкнуўся з выклікам, звязаным з пандэміяй каранавіруса. Надышоў час, калі мы абавязаны распачаць неабходныя меры. Мы не можам дазволіць сабе халатнасць і безадказнасць. Мы павінны аб'яднацца і рабіць тое, што неабходна», — сказаў прэм'ер.

Толькі такім чынам Літва зможа перапыніць шлях патэнцыйнага распаўсюджванню віруса ў краіне.

«Іншага шляху няма, — сказаў прэм'ер. — Прашу Вас ўсіх быць адказнымі грамадзянамі і членамі грамадства. Мы павінны паклапаціцца пра сваю бяспеку, пра бяспеку дзяцей, бацькоў, блізкіх — і пра здароўе астатніх жыхароў Літвы.

Скверняліс рэкамедндуе прытрымлівацца засцярог дактароў і спецыялістаў.

«Гарантую: урад і адказныя ведамствы прыкладаюць усе намаганні для таго, каб максімальна зменшыць распаўсюджванне каранавіруса. Запозненая рэакцыя ў іншых краінах паказвае, што трэба рабіць захады як мага хутчэй. Мы першыя ў Еўрасаюзе абвясцілі надзвычайную сітуацыю, распачалі канкрэтныя меры, стараемся ўвесь час быць наперадзе, забяспечыць барацьбу з хваробай», — зазначыў прэм'ер.

Такім чынам: з 13 сакавіка па 27 сакавіка ў краіне забароненыя ўсе спартыўныя, культурныя, забаўляльныя мерапрыемствы ў памяшканнях.

Мерапрыемствы на вуліцы з удзелам менш за 100 чалавек могуць праходзіць, калі будзе гарантавана максімальная бяспека ўдзельнікаў — гігіена, адлегласць і іншыя патрабаванні.

Забараняецца таксама наведванне культурных, забаўляльных і спартыўных устаноў. Дзейнасць такіх устаноў дазволена ў такой меры, у якой яна можа праходзіць дыстанцыйна.

У пятніцу рэкамендуецца не пускаць дзяцей у дзіцячыя сады і школы. Калі няма магчымасці ў пятніцу застацца з дзецьмі дома, то дзіцячыя сады і школы абавязаныя іх прыняць і забяспечыць бяспечнае знаходжанне ў памяшканні.

З 16 сакавіка работа дзіцячых садкоў, школ і ВНУ будзе спыненая ў абавязковым парадку. Школы выкарыстоўваюць канікулы, а па меры неабходнасці арганізуюць заняткі дыстанцыйна. Калі ў сям'і ёсць малалетняе дзіця, а бацькі не могуць працаваць дыстанцыйна, то адзін з бацькоў можа атрымаць бальнічны, — заявіў Скверняліс.

Скверняліс у сваім звароце неаднаразова падкрэсліў пра неабходнасць клапаціцца пра бяспеку блізкіх.

«Звяртаюся і да працадаўцаў — як у прыватным, так і ў дзяржаўным сектары — прашу вас паклапаціцца аб рэжыме самаізаляцыі тых, хто вярнуўся з-за мяжы або меў кантакт з такімі людзьмі.

«Наколькі гэта магчыма — стварыць умовы для працы дыстанцыйна. Асабліва ў выпадку з работнікамі, у якіх ёсць малалетнія дзеці. Калі гэта немагчыма, дзяржава дасць магчымасць атрымаць бальнічны і такім чынам абараніць сябе і блізкіх», — заявіў прэм'ер.

«Літва бяспечная роўна настолькі, наколькі кожны з нас клапоціцца пра сваю бяспеку і бяспеку блізкіх. Настолькі свядомыя, наколькі свядомы кожны. Давайце мыць рукі, захоўваць дыстанцыю і выконваць распараджэнні дактароў», — рэзюмаваў прэм'ер суседняй дзяржавы.

Па стане на вечар 12 сакавіка, у Літве налічваецца трое хворых на каранавірус. Але краіна ўводзіць маштабныя прэвентыўныя захады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0