17 красавіка ў 10-й лякарні Мінску ад каранавіруса на 81-м годзе жыцця памерла Мая Зісіна, якая перажыла Халакост і была актывісткай габрэйскіх арганізацый і грамадаў Беларусі. 19 красавіка адбылася крэмацыя жанчыны. Як распавяла «Радыё Свабода» пляменніца Маі Зісінай псіхолаг Святлана Бергер, «мы зможам зрабіць развітанне з цёцяй толькі, калі гэта будзе бяспечна і калі зможа прыехаць з-за мяжы мая дачка Фаіна. Мы з сумам жартуем, што мёртвай бабулю ніхто з нас не бачыў».

За Маю Зісіну маліліся бахаі ў ЗША, Саўдаўскай Аравіі, Ліване, Аўстрыі, Нямеччыне ды іншых краінах свету, а таксама ў грамадзе прагрэсіўнага юдаізму ў Мінску. 10 мая Маі Зісінай споўніўся б 81 год.

«Я разумею, што мэдыкі не вінаватыя, вінаватая нялюдзкая сыстэма, створаная ў краіне»

Мая Зісіна трапіла ў 10-ю менскую лякарню некалькі тыдняў таму з падазрэньнем на пнэўманію. Сьвятлана Бэргер распавяла Свабодзе, што першапачаткова тэст на каранавірус быў адмоўным. І ў першыя дні Сьвятлана яшчэ магла трапіць у шпіталь і дамовіцца з санітаркай, каб тая дапамагла дагледзець старую жанчыну ў цяжкім стане. Праз 10 дзён паўторны аналіз паказаў, што Мая Зісіна мае каранавірусную інфэкцыю. Сьвятлана Бэргер ня ведае, ці першы тэст ня быў дакладным, ці цётку заразілі ў шпіталі.

Сама Сьвятлана мае анкалягічнае захворваньне. Яе дачка Фаіна Бэргер вучыцца за мяжой, і так сталася, што Сьвятлана была адзіным блізкім чалавекам для Маі, хто мог дапамагчы.

Найбольш цяжка для Сьвятланы Бэргер было тое, што практычна немагчыма было атрымаць інфармацыю пра стан здароўя цёткі, амаль немагчыма было датэлефанавацца ў шпіталь, як і немагчыма было забясьпечыць ёй прыстойны дагляд:

— На адну санітарку 28 хворых. Цётка ня ела нічога, не піла свае лекі. У яе быў дыябэт, куча іншых праблемаў са здароўем. За гэтым ніхто не сачыў. Я змагла арганізаваць перадачу праз валянтэра Чырвонага Крыжа. У яе зьявіліся пролежні, і яе практычна ніяк не даглядалі. Хоць я і разумею, наколькі гераічная цяпер праца лекараў, сясьцёр і санітарак, але ў мяне пачуцьцё разгубленасьці, бо ня ведаеш, як рэагаваць на працу дактароў. Хочацца верыць, што рабілі ўсё магчымае, але нічога ня ведаеш. Цёця памерла ў самоце, і ва ўсім сьвеце такім жа чынам у самоце цяпер адыходзяць старыя людзі.

Я ня мела практычна ніякай інфармацыі, я не магла разьвітацца з блізкім чалавекам, я не разумела, што адбываецца. Нешта можна было зразумець толькі зь яе голасу: лепш, горш — мацнейшы, слабейшы. Я не адчуваю ўдзячнасьці, але я разумею, што мэдыкі не вінаватыя. Я ўпэўнена, кожны зь іх робіць і рабіў усё, што было ў іх сілах. Вінаватая нялюдзкая сыстэма, створаная ў краіне. У аснове гэтай сыстэмы няма паняцьця каштоўнасьці чалавечага жыцьця, кожнага чалавека і яго патрэб.

Адзіны з мэдыкаў, каму я бясконца ўдзячная — мэдбрат Ігар з 2-й пульманалёгіі 10-й клінікі. Мой нізкі паклон яму за яго службу, мае малітвы зь ім, і мае пажаданьні сіл, любові і трываласьці.

«Агенты арганізуюць пахаваньні для тых блізкіх, хто сядзіць у карантыне»

Сьвятлана Бэргер вельмі перажывае, што яе цётка памерла праз каранавірус у шпіталі ў самоце.

— Цётка ў 10-й клініцы зьмяніла чатыры аддзяленьні, пакуль яе ня перавялі ў тое, дзе ляжаць толькі заражаныя каранавірусам. Яна была вельмі таварыскім чалавекам, але там яна не магла ні з кім мець зносіны, тэлефон быў не заўсёды зараджаны, і не заўсёды былі сілы размаўляць.

Каб ня ўзьнікалі пролежні, ёй трэба было рухацца, кожныя тры гадзіны яе трэба апрацоўваць і пераварочваць. Але рабіць гэта не было каму. У ранейшым аддзяленьні, пакуль да яе магла прыйсьці наша знаёмая санітарка, яна дапамагала падымацца, рухацца, размаўляла зь ёй. У каранавірусным аддзяленьні без дапамогі цётка не магла сама рухацца, і яна ўпала духам. Калі ёй тэлефанавалі сябры, яна плакала, голас быў амаль нячутны.

За ўвесь гэты час Сьвятлана змагла пагаварыць з доктарам толькі аднойчы, калі цётка ўжо памерла:

— У суботу ў 6.30 патэлефанавала доктарка, выказала спачуваньні і адказала на ўсе пытаньні. Я забрала зь лякарні толькі яе пашпарт і тэлефон. Мы сустрэліся зь лекаркай у двары клінікі. Мне ніхто не прадстаўляўся, я наогул ня ведаю, хто і як лячыў цётку. Наогул нічога ня ведаю пра тое, што зь ёй было ў шпіталі.

У самой Сьвятланы 13 красавіка ўзялі аналіз на каранавірус. Зрабілі гэта ў калідоры, не заходзячы ў кватэру. Вынікаў пакуль няма. 16 красавіка да Сьвятланы прыяжджаў міліцыянт праверыць, ці выконвае яна ўмовы самаізаляцыі.

Ізаляцыю Сьвятлане Бэргер давялося парушыць, паколькі не было каму вырашыць усе бюракратычныя пытаньні, зьвязаныя са сьмерцю і крэмацыяй:

— У моргу са мной неадэкватна размаўляла супрацоўніца спэцкамбінату. Пакуль я чакала афармленьня даведкі пра сьмерць, да мяне падышоў прыватны агент, і ён нармальна патлумачыў усе нюансы. Я аплаціла за крэмацыю 142 рублі і 315 рублёў агенту за труну і дастаўку яе ў крэматорый. Ён расказаў, што агенты арганізуюць пахаваньні для тых блізкіх, хто сядзіць у карантыне. Ён прыходзіць дадому, афармляе дамову, і ўсё арганізуе сам. Гэта можа каштаваць некалькі соцень рублёў.

Цела ў труну кладуць у пакеце. Я перадала адзеньне і абутак, іх паклалі зьверху. Заля разьвітаньня не працавала, труну зь цёцяй пасьля таго, як я ўсё аформіла, адправілі ў печ. Я нічога ня бачыла…

«Мая перажыла Халакост і антысэмітызм»

Сьвятлана Бэргер і як дачка Фаіна маліліся, каб цётка не пакутавала.

Як кажа Сьвятлана, Мая Зісіна ўсё жыцьцё рабіла добрыя справы, у яе было шмат сяброў, яна вельмі многім дапамагала. Працавала выхавальніцай у дзіцячым садку, а потым была загадчыцай садка № 87 Фрунзэнскага раёну Менску. Сьвятлана перакананая, што калі б не пандэмія, шмат людзей прыйшлі б разьвітацца зь яе цёткай. «Яна выгадавала нас з братам, была нашай стрыечнай маці», — кажа Сьвятлана.

Дачка Сьвятланы Фаіна Бэргер, якая цяпер вучыцца па магістарскай праграме ў Нямеччыне, вельмі перажывае з прычыны сьмерці бабулі:

— Бабуля пражыла доўгае і плённае жыцьцё. Яна нарадзілася ў траўні 1939 году. Часта хварэла ў дзяцінстве. Калі яе маці ўцякала ў 1941 годзе з Бабруйску, то некалькі разоў пакідала двухгадовую Маю на дарозе, бо сама ня мела сіл, але потым кожны раз вярталася. Яна была вельмі моцнай, і вельмі многае ў яе жыцьці, у тым ліку і тое, што яна дажыла да 80 гадоў, адбывалася насуперак усім чаканьням. Яна змагла атрымаць вышэйшую адукацыю, хоць яе роднай сястры як габрэйцы не далі паступіць у мэдунівэрсытэт. Яна была выдатнай загадчыцай дзіцячага саду, якую любілі дзеці, бацькі і кіраўніцтва. Яна магла з усімі знаходзіць агульную мову.

У апошнія гады свайго жыцьця яна зрабіла подзьвіг, узяўшы да сябе свайго пляменьніка, які амаль перастаў хадзіць, і дапамагла яму пражыць яшчэ некалькі гадоў. Ён адышоў у студзені, а яна абяцала ягонай маме клапаціцца пра яго. Яна была зь ім да самага канца, і ён памёр таксама ў сьне, у яе дома. Вельмі сумна, што яна адышла адна, у лякарні, бяз родных, якія яе вельмі любілі, і сяброў, якія ёй тэлефанавалі да апошняга дня. Яна адышла ў сьне, у апошні дзень габрэйскага сьвята Песах.

Сьвятлана Бэргер працягвае аповед пра цётку:

— Мая перажыла Галакост і антысэмітызм. Яна дапамагала стварыць рух прагрэсіўнага юдаізму пасьля перабудовы. У яе дзіцячым садзе па вечарах і выходных адбываліся першыя сустрэчы грамады, лідэрам якой тады быў Якаў Басін. Да апошніх сваіх дзён Мая была лідэркай хатніх групаў некалькіх рэлігійных грамадаў. Яна была вельмі веруючым чалавекам і прызнавала ўсе рэлігіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?