Часопісны столік з 200-гадовага дуба, шафа, на фасадзе якой захаваліся сляды ад ручаёў дрэўнага соку… Такую мэблю з гісторыяй маглі б выпускаць на мануфактуры ў Фларэнцыі, але яе робяць у Рэчыцы. Усё гэта справа рук беларускіх майстроў.
Аляксей Баркоўскі і Ігар Шумак — заснавальнікі фірмы «Вудберы».

Нядаўна мы расказвалі пра іх анлайн-канструктар, адметны тым, што ён дае магчымасць кожнаму самастойна стварыць дызайн мэблі для дома. Але апроч канструктара ў майстроў ёсць абсалютна ўнікальная лінейка мэблі Geometree, кожны элемент якой распрацоўваецца па індывідуальным дызайне.

Майстры працуюць з беларускім дубам. Тлумачаць, што выбар паў на яго, бо гэта адно з самых надзейных дрэў. Калі дуб правільна высушыць, падрыхтаваць, ён паслужыць вельмі доўга. Іншыя пароды больш капрызныя. Ды й варыянтаў аздабленняў з дубам процьма.
Дрэва звычайна пакрываюць алеем, а не фарбай — так і тэкстура захоўваецца, і больш экалагічна.
Пачыналі ў «Вудберы» з лофту.



«Мы адны з першых сталі рабіць мэблю са слэбаў — спілаў з натуральнымі краямі. У нас была свая тэхналогія: мы сушылі дошкі па 90 дзён, доўга захоўвалі, каб сышло напружанне. У нас таму і дадатковая вартасць была высокая. А потым стала зразумела, што на фоне шырспажыву мы не вытрымаем канкурэнцыю: лофт пайшоў у масы, пачынаўся цэнавы дэмпінг», — расказвае Ігар.
Цяпер яны ствараюць рэчы ў стылях мадэрн, арт-дэко і іншых. Некаторыя — без перабольшання ўнікальныя, бо захоўваюць узоры, якія прырода не паўтарае. Напрыклад, гэтая шафа з растрэсканым фасадам.

«Гэта называецца маразабойныя расколіны, — тлумачыць Ігар. — Калі ўзімку рэзка ўдараюць маразы, а з вялізнага дрэва ўвесь сок не сышоў, то вада замярзае і дуб трэскаецца. Расколіны пачынаюць гніць — гэта на працягу многіх год адбываецца. І калі пасля дуб распілоўваеш, сустракаеш такія ўзоры. Гэта вялікая рэдкасць: лесапілка нарыхтоўвае, напрыклад, 10 тысяч кубоў, і сярод іх толькі 20 узорыстых ламеляў [пласцін]. Мы нават не можам такой мэблі рабіць больш, бо дрэва няма дзе браць — усё абмежаваным тыражом».
Разынка майстроў ва ўменні надаваць лёгкасць масіўнаму дубу. Стол «Далі» з пазнавальным сілуэтам расплаўленага гадзінніка наогул можна лічыць арт-аб’ектам.

«Гэта мэбля, якая робіць дызайн», — трапна кажа Аляксей. У кватэры з простымі фарбаванымі сценамі харызматычны стол ці камода будзе ствараць атмасферу.






Майстры бяруцца за праекты, якія ім цікавыя. Калісьці нават удзельнічалі ў папулярнай расійскай тэлеперадачы «Кватэрнае пытанне». Першы раз вырабілі абедзенныя сталы. Другі — экзатычную спальню ў бразільскім стылі з панэлью-вадаспадам (тут можна паглядзець выпуск). На трэці раз падрыхтавалі паркет.

У «Кватэрнае пытанне» трапляюць па-рознаму, у тым ліку і за грошы. Беларусы за ўдзел не плацілі — іх паклікала архітэктарка Яўгенія Лыкасава, якая адпраўляла заяўку. Праўда, і сама фірма за працу нічога не атрымала.
«На той момант быў нейкі чарговы крызіс, і тыя грошы, якія нам маглі заплаціць, былі капеечныя. Больш марокі з іх атрыманнем, — дзеляцца яны і дадаюць, што адразу пасля эфіру на тэлебачанні іх завалілі званкамі. — Але праект быў вельмі дарагім, а тэлефанавалі тыя, каму трэба было танна. Некаторыя дагэтуль пішуць з Расіі, пытаюцца, але мы ўжо не робім такія рэчы».
Два гады таму Аляксей і Ігар хайпанулі, выпусціўшы ўласны транспарт — пень-самаход. Калісьці гэта быў часопісны стол з вялізнага спілу. Па падліках майстроў, таму дубу мінімум 215 год!

«Мы неяк дурэлі ў пятніцу і знялі кароткі ролік, як адзін штурхае пень (ён тады быў проста на калёсіках), а другі швабрай мяце перад ім, як кёрлінг. Нашым падпісантам спадабалася, так і з’явілася ідэя зрабіць пень-самаход. Ён вельмі шмат дзяцей пакатаў на выставах, — усміхаецца Аляксей. — Самае складанае было стварыць прывад. Усе мадэлісты звыклі працаваць з машынкамі — а яны ж лёгкія, механізмы разлічаны на маленькую вагу. Тут жа — 80 кілаграмаў. Але знайшоўся чалавек, які нешта падобнае рабіў».
Пень дагэтуль на хаду. Можа везці трох чалавек, разганяецца да 10 км/г, а зарадкі хапае на восем гадзін.
Дзе майстры падглядаюць ідэі? Ігар кажа, што ўсё ў паветры.
«Калі ты ў тэме, пачынаеш адчуваць дух перамен. Наш сябар, літоўскі архітэктар, неяк прыдумаў секцыю з фігурнымі фасадамі. Зрабіў у лістападзе, прыехаў у Мілан у красавіку — стаіць на стэндзе італьянскай фабрыкі вельмі падобны экспанат».

Цэны на мэблю Gеometree даволі высокія. Прынамсі, па беларускіх мерках. Але калі параўноўваць з коштамі, якія выстаўляюць на рэчы індывідуальнага дызайну ў Еўропе, атрымліваецца іншая карціна.
«Неяк заходзіць да нас дызайнер і пытаецца, колькі каштуе стол. «Дзве тысячы еўра». — «Вы што, ён жа столькі каштуе ў італьянцаў!» Сталі разбірацца. Аказалася, у італьянцаў такая цана на пластыкавы стол серыйнай вытворчасці. А ў нас індывідуальны, дубовы. У Італіі ён будзе каштаваць мінімум 10 тысяч еўра», — прыводзіць прыклад Аляксей.

Ігар дапаўняе — не трэба глядзець пастаянна ў бок Захаду. Айчынныя майстры могуць даць фору замежным мануфактурам.
«Да нас прыходзяць дызайнеры інтэр’ераў і кажуць: «Хлопцы, як класна, што вы з’явіліся, колькі грошай мы ўжо ў гэтую Італію звезлі!» Заўсёды лічыцца, што замежнае лепшае. І часта яно насамрэч так. Але і ў нас цяпер з’яўляецца шмат цікавых вытворцаў, не горшых за еўрапейскіх. Да таго ж, у Еўропе масіву асабліва няма. Там умеюць нават шпон паклеіць так, каб тарцы здаваліся сапраўднымі драўлянымі. А беларусы маюць сваё дрэва».
Каментары