Наркотыкі падмешвалі ў напоі і ўколвалі нявінным ахвярам і раней, але ў гэтым годзе, калі людзі пачалі вяртацца да клубнага жыцця пасля каранавірусных абмежаванняў, выпадкаў значна пабольшала. Толькі за верасень-кастрычнік паліцыя атрымала больш за 200 заяў ад пацярпелых.
Фота: depositphotos.com
Моладзь у 60 гарадах Брытаніі аб’ядналася ў новы рух — Girls Night In (прыкладны сэнс: дзяўчаты вечарам сядзяць дома). Рух арганізаваў шэраг дэманстрацый, а таксама абвясціў байкот начных клубаў.
Іх галоўнае патрабаванне — перагледзець стаўленне да бяспекі маладых людзей у клубах.
Яны патрабуюць прымусовы дагляд торбаў на ўваходзе, тэставанне напояў у келіхах, пакінутых без нагляду, інструктаж супрацоўнікаў па аказанні першай дапамогі тым, хто ўжо атрымаў ін’екцыю.
Таксама яны заклікаюць да масавай сацыяльнай кампаніі па застрашванні патэнцыйных злачынцаў.
Карэспандэнт The Guardian у Шатландыі Лібі Брукс, якая ўжо некалькі тыдняў сочыць за расследаваннем гэтых злачынстваў, падкрэслівае, што сапраўдны маштаб праблемы немагчыма пакуль зразумець: ахвяры гвалту баяцца паведамляць у паліцыю.
Клінікі і паліцыя яшчэ не могуць разабрацца, хто мусіць працаваць з ахвярамі спайкінгу (так называецца падмешванне ў напоі ці ін’екцыя наркотыку) і паводле якога пратакола. Сам наркотык хутка (12-72 гадзіны) выводзіцца з арганізму, і зафіксаваць яго можна, толькі калі адразу звярнуцца па дапамогу.
Паводле The Guardian.