Мова

«Беларускую мову не трэба рабіць сэксі — яна ўжо такая». Парады ад тых, хто пачаў размаўляць па-беларуску 

Як перайсці на беларускую мову і рэагаваць на людзей, якія пастаянна цябе выпраўляюць? Спыталі ў журналіста Мікіты Мелказёрава, аўтаркі кнігі «Мова404» Аліны Нагорнай, выкладчыцы Анхелы Эспіносы і блогера Мікіты Бялевіча.

«Любая мова можа быць паспяхова вывучаная толькі тады, калі ты кідаешся ў яе з галавой»

Журналіст Мікіта Мелказёраў размаўляць па-беларуску пачаў выпадкова. У яго гэта атрымалася дзякуючы асяроддзю. 

«З канца мінулага года мы сталі рабіць кантэнт на беларускай. Памятаю інтэрв’ю з ксяндзом Барком. Спытаў у яго, ці думае ён па-беларуску. І ён адказаў, што так. Я здзівіўся і падумаў, што прыкольна. Пасля мы пабачыліся з ім яшчэ на адной імпрэзе, дзе таксама былі Naviband — тады вырашыў, што трэба беларускай карыстацца і ў звычайным жыцці», — кажа ён. 

Час ад часу Мікіту бывае складана. У яго ёсць бар’ер, які звязаны з эміграцыяй.

«Памятаю дзень, калі ў мяне былі заняткі па беларускай мове, жыў я ў чалавека, які быў рускамоўны. Потым вечарам мы паехалі да яго англамоўных сяброў, а вакол былі яшчэ людзі, якія размаўлялі па-польску. Безумоўна, калі ў цябе ў галаве чатыры недавучаныя мовы, то яны канфліктуюць. Часам змешваюцца і атрымліваецца нейкі «наваяз». Галава проста баліць. Але ўжо неяк прызвычаіўся», — дзеліцца Мікіта. 

Вучыў беларускую мову ён праз камунікацыю. Мікіта стараўся як мага больш размаўляць з людзьмі. 

«Мне падаецца, што любая мова можа быць паспяхова вывучаная толькі тады, калі ты кідаешся ў яе з галавой. 

Я глядзеў кіно на беларускай мове, слухаў музыку і дзве-тры гадзіны ў дзень размаўляў. На Ютубе глядзеў «Белсат», Змітра Лукашука на «Еўрарадыё», нейкія адмысловыя рэчы. Напрыклад, інтэрв’ю Ганны Севярынец ці Лявона Вольскага. Неяк так я і назапасіў новых слоў, якія пачаў выкарыстоўваць.

Кнігі я пачынаў чытаць, але, на жаль, да гэтага часу ў мяне не атрымліваецца сканцэнтравацца. З апошняга — «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча. Спрабаваў «Час сэканд-хэнд» Святланы Алексіевіч, было даволі складана», — кажа ён. 

Адной з перашкод у пашырэнні беларускай мовы Мікіта лічыць звычку іншых пастаянна звяртаць увагу на памылкі пры размове. Ён думае, што людзі павінны знізіць сваю крытычнасць, каб «неафіты» не хваляваліся і не баяліся размаўляць. 

«Большая частка беларусаў з памылкамі размаўляе па-руску. А нібыта калі пачынаеш па-беларуску, унутры павінен прачнуцца Янка Купала. Рабіць памылкі цалкам нармалёва.

Ёсць яшчэ іншае стаўленне да беларускай мовы. Як сказаў Пракоп’еў, «беларускую мову трэба зрабіць сэксі». Справа ў тым, што яна ўжо сэксі», — кажа журналіст. 

«У вас ёсць мэта — пачаць размаўляць па-беларуску. Рабіце гэта, не звяртаючы ўвагі на крытыку»

Фота: асабісты архіў

Аліна Нагорная большую частку жыцця размаўляла па-руску. На беларускую яна перайшла восем гадоў таму.

«Не задумвалася пра гэта, пакуль у маім жыцці не з’явіліся людзі, якія на ёй размаўлялі. Я пачала аналізаваць, навошта ўвогуле беларусам свая мова.

Зразумела, што руская мова ў Беларусі — гэта вынік гвалту, падпарадкавання цэлай краіны, якое адбывалася на працягу некалькіх стагоддзяў. Падумала, як жа я магу быць свабодным чалавекам, калі размаўляю на мове, якую нам навязалі гвалтоўна.

Адразу перайсці было няпроста, таму што ў Беларусі ўсё створана для рускамоўнага чалавека. Напрыклад, картку ў паліклініцы не завесці, не схадзіць да доктара. Усе опцыі па-руску», — пералічвае яна. 

Самым складаным у вывучэнні мовы для Аліны быў страх. Папрасіць у маршрутцы спыніцца на наступным прыпынку па-беларуску для яе было выпрабаваннем.

«У Беларусі размаўляць на беларускай мове можа толькі моцны і актыўны чалавек, — кажа яна. — Яшчэ было цяжка прыняць, што я шмат памыляюся. Але я зразумела, што не робіць гэтага толькі той, хто нічога не робіць. 

Увогуле, калі мы кажам пра заўвагі ў інтэрнэце, то ёсць этыкет. Варта рабіць заўвагі ў прыватных паведамленнях. Але ў нас так павялося, што, калі ты пішаш нешта з памылкамі, усе на цябе налятаюць і пачынаюць крычаць капслокам.

На такое трэба навучыцца рэагаваць спакойна. У вас ёсць мэта — пачаць размаўляць па-беларуску. Рабіце гэта, не звяртаючы ўвагі на крытыку. Можна адказаць «дзякуй за заўвагу» — і ўсё». 

Аліна раіць пачынаць вучыць беларускую мову разам з сябрам ці знаёмым, якія таксама хочуць перайсці на яе. Калі такога чалавека побач няма — таксама не праблема. 

«Я гугліла паслугі, якія мне могуць аказаць па-беларуску. Па-першае, так можна практыкавацца, па-другое, падтрымаць беларускамоўны бізнэс. Гэта класна з двух бакоў. Ёсць яшчэ выдатная пляцоўка «Вольная мова». Яны прапаноўваюць гутаркі на розныя тэмы. Напрыклад, пра кіно, аптымізм ці нешта іншае. 

Таксама важна пачаць пісаць па-беларуску. Можна пасты ў сацсетках. Вы практыкуецеся, і да таго ж людзі, якія бачаць гэта, будуць ужо ўспрымаць вас як беларускамоўнага. Гэта важна псіхалагічна, таму што часам прасцей з незнаёмым чалавекам спрабаваць размаўляць па-беларуску, чым са знаёмым. 

Яшчэ парада, якая класна працуе, — гэта перавесці гаджэты на беларускую. І, канечне, спажываць кантэнт. Кнігі, СМІ, блогераў, якія б вам падабаліся, падкасты, аўдыякнігі. Фільмы ёсць на сайце «МоваНанова», можна зайсці на Voka, там трыццаць дзён можна глядзець бясплатна. Нядаўна, дарэчы, выйшла «Аліса ў Краіне цудаў».

Чытаю я цяпер Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя», вельмі падабаецца, раю. Але каб зразумець нейкія беларускія сэнсы, канечне, варта чытаць літаратуру розных часоў», — кажа яна.

«Складала мемы па-беларуску, завяла свой блог»

Фота з сацыяльных сетак

Анхела Эспіноса, выкладчыца з Іспаніі, вывучыла беларускую за 9 месяцаў. Яе жанчына асвойвала як замежную мову. 

«Яшчэ калі была школьніцай, на адной міжнароднай праграме пазнаёмілася з некалькімі беларусамі, якія расказалі мне пра сваю культуру, музыку. Гэта было ў 2009 годзе. Тады я пачала цікавіцца Беларуссю. Яшчэ яны расказалі, што ў краіне большасць размаўляе па-руску, і гэты факт таксама быў дзіўным. Пасля я трапіла ў беларускамоўную кампанію. Мне спадабалася і сама мова, і людзі, якія на ёй размаўлялі. Падумала, што калі я хачу быць у курсе, сябраваць з людзьмі з гэтай краіны, то добра б было ведаць і мову», — кажа яна.

Спачатку Анхела не верыла, што ў яе атрымаецца нармальна размаўляць і пісаць. Пачынала яна з аўдыякурса беларускай для замежнікаў і вельмі хутка перайшла на «жывыя» матэрыялы. 

«Чытала Багдановіча са слоўнікам. Шукала амаль кожнае слова. Размаўляла сама з сабой перад люстэркам. Складала мемы па-беларуску, завяла свой блог. У якасці моўнай практыкі пачала пісаць там свае вершы.

Зразумела, што ў межах Беларусі цяпер складана знайсці нейкія курсы, бо шмат такіх арганізацый закрылі. Але заўсёды недзе побач будзе чалавек, які размаўляе па-беларуску. Калі вы пачняце з таго, што будзеце слухаць музыку па-беларуску і пісаць нейкія пасты, то гэта ўжо выдатна. Не думайце, што вам адразу трэба ведаць усё. Дзесьці вы выкарыстаеце слова па-руску, і гэта нармальна», — дзеліцца яна.

Анхела лічыць, што крытыкі баяцца не трэба. Людзі, якія ўказваюць на памылкі, будуць заўсёды. 

«Калі вы размаўляеце ў краме і вам кажуць, што яны вас не разумеюць, спрабуйце ўсё роўна патлумачыць, што вам трэба па-беларуску. Усміхайцеся ў такім выпадку. Хоць я і ведаю, што беларусы менш гэта робяць, чым людзі з поўдня.

Тых, хто выпраўляе, — ігнараваць. Я люблю адказваць, што я прысвячу вашай парадзе столькі ўвагі, колькі яна вартая. Увогуле, памылкі робяцца ў кожнай мове, гэта не асаблівасць толькі беларускай. Трэба працягваць размаўляць, бо ёсць сама ідэя і акт маўлення», — кажа яна. 

«Асабліва было няёмка, калі мае знаёмыя пачулі, што я размаўляю па-беларуску і пачалося «што» і «чаму»

Мікіта Бялевіч пачаў размаўляць па-беларуску ў 2019 годзе. Хлопец разам са знаёмым запісаў падкаст «Брудныя словы» на трасянцы. 

«Мы абмяркоўвалі, што ў інтэрнэце вельмі мала кантэнту па-беларуску. Вырашылі гэта змяніць. Тады і пачаў патрошкі пераходзіць, — кажа ён. —

Увогуле лічу, што да мовы трэба ставіцца прасцей. У першую чаргу яна проста сродак камунікацыі.

Каб перайсці на беларускую мову, трэба зрабіць адно дзеянне — перайсці на беларускую. Якога ўзроўню яна будзе — няважна. Спачатку кепская, але потым пачне развівацца. Мне асабіста дапамагло, што вакол мяне было досыць шмат беларускамоўных людзей. Так і нахапаўся слоў.

Калі такой магчымасці няма, атычыце сябе беларускай мовай. Спампуйце кнігі, змяніце наладкі ў тэлефоне, глядзіце беларускамоўныя відэа, Ютуб, музыку, Тыкток. Думаю, што праз месяц такога жыцця беларуская мова пачне з вас выходзіць натуральным чынам». 

Першыя некалькі тыдняў «па-беларуску» Мікіта жыў з тэлефонам у руках. Ён карыстаўся бот-перакладчыкам «Белазар».

«Правяраў кожнае другое слова. Канечне, было страшна пераходзіць на беларускую, але мне псіхалагіня яшчэ ў 2016-м сказала, што там, дзе страшна, туды трэба ісці. Па сутнасці, я страх перамог. 

Асабліва было няёмка, калі мае знаёмыя пачулі, што я размаўляю па-беларуску і пачалося «што» і «чаму». Але праходзіць час, і ўсе прывыкаюць», — кажа блогер.

Мікіта лічыць, што ветлівы чалавек гвалтоўна выпраўляць памылкі падчас размовы не будзе, а зробіць гэта далікатна, каб не спалохаць пачаткоўца.

«І абавязкова перад гэтым спытае, ці можна. Гэта маркер нармальнага беларускамоўнага чалавека. Калі гэта робяць гвалтоўна, тады раю кінуць такіх у бан. 

Асабіста я стараюся як мага больш не выпраўляць. Трасяніць да канца жыцця немагчыма. Калі чалавек ужо пачынае размаўляць, то ён, жадае таго ці не, вучыцца», — кажа ён. 

Праз год пасля таго, як Мікіта стаў беларускамоўным, ён заўважыў для сябе, што ўсё яшчэ думае на трасянцы.

«Сны таксама на трасянцы. І гэта мне вельмі падабаецца», — кажа ён.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Вынікі першай беларускай кінапрэміі. Паглядзіце, на якія нацыянальныя фільмы звярнуць увагу

Моўны анлайн-клуб «Гоман»: свабодна карыстацца беларускай мовай зможа кожны

Каментары

Цяпер чытаюць

Гісторыя арышту мазырскай блогеркі, якая некалькі гадоў хавалася ад сілавікоў, аказалася драматычнай6

Гісторыя арышту мазырскай блогеркі, якая некалькі гадоў хавалася ад сілавікоў, аказалася драматычнай

Усе навіны →
Усе навіны

Сапраўдная прычына, чаму моладзь усё часцей мае патрэбу ў псіхатэрапіі23

Спявак з Італіі заявіў, што яго ўжо запрасілі ў Маскву на «канцэрт міру»3

Мазырскі НПЗ прызнаў сваю стратнасць і расказаў пра павелічэнне загрузкі

Псіхалогія суперагента: як адна з самых паспяховых аперацый КГБ закончылася найбольшым правалам6

Пасля Мінска плануюць перавесці на артэзіянскую ваду і іншыя гарады3

На адну з найстарэйшых цэркваў Капыльскага раёна паставілі залатую цыбуліну і рускія какошнікі13

Зяленскі хоча, каб раздзяляльная лінія ў Еўропе прайшла па ўсходняй мяжы Украіны і Беларусі18

Зяленскі: Пуцін разглядае Беларусь як рэгіён Расіі5

Мора за 200 метраў, крэветкі па курсе чорнага рынку. Беларус пажыў у Егіпце, а потым пераехаў у Польшчу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гісторыя арышту мазырскай блогеркі, якая некалькі гадоў хавалася ад сілавікоў, аказалася драматычнай6

Гісторыя арышту мазырскай блогеркі, якая некалькі гадоў хавалася ад сілавікоў, аказалася драматычнай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць