АНТ упершыню назвала праўдзівую лічбу. Але прамаўчала пра іншую
Тэлеканал АНТ паведамляе, што Польшча перажывае складаныя часы з рэкорднай інфляцыяй, і палякі вымушаныя эканоміць нават на прадуктах. Але прапагандысты змаўчалі пра лічбы інфляцыі ды іншыя аналагічныя паказчыкі ў Беларусі. «Наша Ніва» прыводзіць іх у параўнанні.

«Ваенная дапамога Польшчы Украіне ўжо склала паўпрацэнта польскага ВУП, пры гэтым Варшава працягвае абяцаць Кіеву мільярды. Самі ж палякі зацягваюць паясы. Сем'і з сярэднім прыбыткам і ніжэй эканомяць на забаўках, паліве і нават прадуктах», — малюе апакаліптычную карціну АНТ.
«Імкліва растуць плацяжы па крэдытах. Нацбанк Польшчы спрабуе задушыць інфляцыю высокімі стаўкамі. У маі інфляцыя дасягнула амаль 14% — гэта рэкорд за чвэрць стагоддзя. Гэтак жа рэкордна падаюць і даходы насельніцтва. І аптымістычных прагнозаў польскія аналітыкі не даюць», — змрочна кажа дыктар АНТ.
14%-ая інфляцыя ў Польшчы ў маі 2022 года ў параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года — гэта не фэйк. Інфляцыя і праўда разагналася ва ўсім свеце. Такіх высокіх паказчыкаў у Польшчы не было з 1998 года.
Але АНТ не згадвае, што ў Беларусі інфляцыя яшчэ большая. У маі 2022 года гадавая інфляцыя ў нас склала ажно 17%. І больш за тое, за 25 гадоў не было ніводнага года, калі б у Беларусі інфляцыя была ніжэйшая за польскую.
У ХХІ стагоддзі інфляцыя ў Польшчы ўсе гады складала адназначныя паказчыкі. У некаторыя гады ў Польшчы ўвогуле назіралася дэфляцыя. Вось як раслі цэны там:
Год | Інфляцыя, % |
2001 | 5,5 |
2002 | 1,9 |
2003 | 0,8 |
2004 | 3,5 |
2005 | 2,1 |
2006 | 1,0 |
2007 | 2,5 |
2008 | 4,2 |
2009 | 3,5 |
2010 | 2,6 |
2011 | 4,3 |
2012 | 3,7 |
2013 | 0,9 |
2014 | 0,0 |
2015 | -0,9 |
2016 | -0,6 |
2017 | 2,0 |
2018 | 1,6 |
2019 | 2,3 |
2020 | 3,4 |
2021 | 5,1 |
Беларусі такія лічбы і не сніліся. Адносна паспяховымі гадамі ў нас лічыліся тыя, калі інфляцыя была адназначнай.
Прапагандысты ў сваім сюжэце свядома звязваюць павышэнне інфляцыі з ваеннай дапамогай Польшчы Украіне. Але гэта — хлусня.
Павышэнне цэн у свеце мае глабальны характар, і пачалося яно яшчэ да актыўнай фазы ўкраінска-расійскай вайны. Сярод галоўных прычын такой высокай інфляцыі ў свеце на першым месцы кавід, які выклікаў каласальныя збоі ў ланцужках паставак тавараў і кампанентаў для вытворчасці.
Наступная істотная прычына — энергетычны крызіс у Еўропе, звязаны з дэфіцытам газу і рэкорднымі цэнамі на спотавым рынку. Дарэчы, менавіта энерганосьбіты ў Польшчы выраслі найбольш у цане ў параўнанні з іншымі таварамі. Варта нагадаць і пра энергетычную газавую вайну, якую развязала супраць Еўропы Расія, што выкарыстоўвае газ як геапалітычную зброю.
Што да дапамогі Украіне, то давайце параўнаем яе з памерам золатавалютных рэзерваў. У Польшчы рэзервы складаюць 156 мільярдаў. Для параўнання, у Беларусі — 7 мільярдаў. Такім чынам, на ваенную дапамогу Польшча патраціла суму, якая прыкладна роўная 1,5% ад золатавалютнага запасу. Ізноў параўнаем. Золатавалютныя рэзервы Беларусі за май знізіліся на 352 мільёны даляраў, або прыкладна на 5%.
Каментары